Плынь гукаў з рота Глума выяўляла раку — шырокую, бурную, хуткаплынную і халодную, рака цякла з высокіх гор, за якімі ляжыць Індыя.
«Мой бацька быў важаком племя, пасля ён пачаў называць сябе камісарам, але ён усё роўна заставаўся важаком, нават калі называў сябе камісарам, і кожны год, увесну, калі Шахцішэхна-Шахціхо вызвалялася ад ільдоў, калі ў лесе зацвіталі ягаднікі і зелянела трава, бацька, нават пасля таго як зрабіўся камісарам, рабіў тое, што рабілі да яго з векапомных часоў усе важакі плямёнаў: ён кідаў жэрабя, і аднаго з вясковых хлапчукоў, на каго выпадала жэрабя, кідалі ў раку, каб рака не затапіла пасяленне і прынесла многа-многа золата. Гэта здзяйснялася ўпотай, і людзі, што прызначылі бацьку камісарам, не павінны былі ведаць пра тое, і ніхто нічога не расказваў, і ніхто з тых людзей нічога не заўважаў, таму што ніхто не падлічваў хлопчыкаў, іх было шмат у пасяленні».
Спатрэбілася нямала дзён, каб Глум змог усё гэта расказаць вельмі павольна, — на працягу гадоў распытваючы і выпытваючы, Марцін вывудзіў у Глума ўсю ягоную гісторыю.
У Шахцішэхне намывалі золата і частку ягоаддавалі тым людзям, якія зрабілі камісарам Глумавага бацьку, але больш за ўсё золата атрымаў Фрыц. Расказваючы пра Фрыца, Глум маляваў кусты, лес, ягады і халодную, як лёд, Шахцішэхну. Фрыц ведаў, як пераходзіць раку ўброд, ён прыходзіў, прыносіў з сабой цыгарэты — белыя палачкі, якія запаўнялі мазгі сухім шчасцем, і яшчэ нешта прыносіў Фрыц — нешта белае ў шкляных трубачках. З апісанняў Глума Марцін заключыў, што гэта былі ампулы, як тыя, у якія ўрач апускаў шпрыц і, напоўнены, усаджваў у руку бабулі.
— Глум, а што ж з імі рабіў твой бацька?
— Я толькі пасля гэта зразумеў. Кожную вясну ў лясной хацінцы ладзілі свята, у ім павінны былі браць удзел маладыя дзяўчаты, ніводнай паджылай жанчыны, толькі маладыя, а з імі мой бацька і яшчэ два чалавекі, мы іх называлі шаманамі, і калі дзяўчаты адмаўляліся прыйсці на свята, шаманы аддавалі на іх пракляцце, і дзяўчаты хварэлі.— Тут Глум замоўк і пачырванеў, чырвань разлілася ад шыі па ўсім твары, і Марцін здагадаўся, што ў леснічоўцы, за пятнаццаць тысяч кіламетраў адсюль, здзяйснялася нешта бессаромнае і нават распуснае. Але варта было дзяўчатам згадзіцца, і яны зараз жа папраўляліся, і ўсё гэта — хвароба і выздараўленне — Фрыц прыносіў у сваіх шкляных трубачках.
А пасля Глум уцёк, таму што па жэрабю яго павінны былі кінуць у Шахцішахну, і ўцячы яму дапамог Фрыц. Глум расказваў павольна, часам скажа два-тры сказы, а пасля пройдуць тыдні — і ніводнага слова больш; як толькі час набліжаўся да паловы сёмай, Глум абрываў свой расповед на сярэдзіне сказа, апалоскваў пэндзаль, старанна абсушваў яго, зноў раскурваў люльку і асцярожна сядаў на край ложка, каб зняць пантофлі і абуць чаравікі. За ягонай спінай прыгожа пераліваліся колеры на карце, але незамаляваная частка карты здавалася Марціну бясконцай — белыя моры, аддзеленыя ад сушы толькі тонкай лініяй алоўка, абрысы астравоў, рэкі, якія сабраліся каля маленечкай чорнай кропкі — радзімы Глума; ніжэй і лявей, у Еўропе, была другая чорная кропка, яна называлася Калінаўка, — месца, дзе загінуў бацька Марціна, а там, вышэй і намнога лявей, амаль на краі мора, ляжала чорная кропка — месца, дзе яны жывуць, маленькі трохкутнік, што згубіўся на агромністай раўніне. Пераапранаючыся, Глум адразаў ад гарбуза, што ляжаў на тумбачцы, некалькі лустак, укладаў «Дагматы» і «Багаслоўе і маральнасць» у сумку, спускаўся ў кухню, каб напоўніць судок, і ішоў на трамвай.
Часам праходзіла нямала нядзель, пакуль у Глума зноў з’яўляўся настрой расказваць, часам за шмат тыдняў з яго ўдавалася выціснуць два ці тры сказы, але заўсёды ён пачынаў дакладна з таго месца, на якім спыніўся ў мінулы раз. Ужо трыццаць гадоў, як Глум пакінуў сваю радзіму. Фрыц дапамог яму, і ён перабраўся ў горад, дзе жылі людзі, якія прызначылі ягонага бацьку камісарам, — горад называўся Ачынск. Там Глум масціў вуліцы, затым стаў салдатам і пакаціўся ўсё далей і далей на захад. Глум рухаў рукамі, быццам каціў снежны ком, калі хацеў паказаць, як ён каціўся на захад. Новыя назвы паўсталі ў яго расказе: Омск, Магнітагорск і яшчэ далей на поўнач іншы горад, Тамбоў. Але там ужо Глум не быў салдатам, ён уладкаваўся на чыгунку і разгружаў вагоны: дровы, зноў дровы, вугаль, бульбу. А ўвечары Глум хадзіў у школу і вучыўся чытаць і пісаць. Жыў ён у сапраўдным доме, і была ў яго жонка; звалася жонка Тата. Глум апісваў Тату, маляваў яе, яна была бялявая, круглая з твару, вясёлая; Глум пазнаёміўся з ёй у школе, дзе ён вучыўся чытаць і пісаць. Тата таксама працавала на чыгунцы, пакуль што проста цягала цюкі, але збіралася заняцца нечым больш цікавым і важным, як толькі навучыцца чытаць і пісаць, — у гэтым месцы круглатварая бялявая Тата на малюнку Глума пачынала ўсміхацца на ўвесь рот, таму што яна яшчэ мелася зрабіцца перонным кантралёрам на Тамбоўскім вакзале і прабіваць шчыпцамі білеты. I Тата на малюнку Глума стаяла ўжо ў фуражцы, з-пад якой выглядвала яе тоўстая белая каса, і з кампосцернымі шчыпцамі ў руках.
Читать дальше