Але самае значнае для Глума здарылася толькі праз год пасля яго жаніцьбы з Татай, калі Тата даўно ўжо была кантралёрам на Тамбоўскім вакзале. Толькі праз год Тата паказала яму, што захоўваецца ў яе на дне скрынкі, якая стаяла ў кухні: распяцце і абразок, і ўначы, калі Тата ляжала ў ложку каля яго, яна расказала яму ўсё, і Глума ахапіла полымем. Глум намаляваў гэта полымя — шмат чырвонага і шмат жоўтага, — але тут Глума зноў сарвала і пакаціла на захад, як снежны ком, які рабіўся ўсё большым і большым. Глума зносіла ўсё далей і далей ад Таты, таму што пачалася вайна. Глума параніла, ён пакаціўся назад, на ўсход, у Тамбоў, але Таты там ужо не было, і ніхто не ведаў, куды яна падзелася; у сваёй чыгуначнай фуражцы і са шчыпцамі ў руках яна пайшла неяк раніцай і не вярнулася. Глум застаўся ў Тамбове, шукаў Тату, але і следу яе не знайшоў. I зноў ён пакапаўся на захад, і зноў вайна — рана ўжо загаілася, і зноў ён усё каціўся, каціўся да новага прыпынку, — Глум называў яго не канцэнтрацыйны лагер, а проста лагер. Тут Глум страціў валасы і зубы, і не толькі ад голаду, але і ад жаху. Калі Глум вымаўляў слова «жах», гэта гучала не жахліва, не яблыкі, не паветраныя шары, а ножыкі сыпаліся з ягонага рота, і твар яго так мяняўся, што Марцін палохаўся, як палохаўся ён, калі Глум, бывае, засмяецца. А смяяўся Глум тады, калі Больда прыходзіла да яго ў пакой, каб спяваць разам з ім харалы. Глум спяваў хораша. У яго быў высокі моцны голас. Але варта было заспяваць Больдзе, як на Глума нападаў смех, а смех яго гучаў так, быццам сотні маленькіх ножыкаў рассякалі паветра. Калі Больда працягвала спеў, нягледзячы на смех Глума, Глум вельмі злаваўся і гаварыў з маленнем:
— Ох, Больда, ты псуеш мне нервы.
Глума прывёў дзядзька Альберт, ён падабраў гэтае бяззубае і безвалосае страшыдла, якое прасіла работы каля брамы мармеладнай фабрыкі, а вартаўнік адпіхваў яго. Дзядзька Альберт прывёў Глума з сабой, а бабуля добра аднеслася да яго, і гэта было вялікім плюсам для бабулі, яна і да Больды, нягледзячы на іх лаянкі, адносілася добра.
Да Больды можна было прымяняць тое ж загадкавае слова, якое маці так часта ўжывала, гаворачы сама пра сябе: «Сурочаная». Больда была адных гадоў з бабуляй, і кожнага разу, калі яна пачынала расказваць пра сябе, выходзіла так, што жыццё ў яе вечна-мянялася. Спачатку яна была манашкай, затым выйшла замуж, муж яе памёр, яна зноў выйшла замуж, і калі бабуля сварылася з Больдай, яна называла яе «беглая манашка» і «двойчы ўдава», а Больда хіхікала. Больда, зразумела, была «сурочаная», але добрая, а Глум нейкі дзіўны, нават страшны, але таксама добры. Калі Больда пачынала расказваць пра сваё жыццё, у яе ўсё збівалася ў адну кучу: манастыр, замужжа, удоўства, спачатку першае, затым другое. Яна магла пачаць так: «Калі я жыла ў манастыры», праз два сказы яна раптам гаварыла: «Калі я мела лаўку ў Кобленцы, электратавары, разумееш? Ну, прасы там усялякія, пліткі», затым зноў пераскоквала на манастыр і распісвала свой пасаг. «Калі я аўдавела першы раз», — і зноў нечаканы пераход: «Харошы быў чалавек».
— Хто?
— Ды вось, другі мой, ён, на шчасце, не займаўся гандлем, ён быў чыноўнікам. Служыў у паліцыі маралі.
— У якой паліцыі?
— Гэтага табе не зразумець. Ад іх я, дзякуй Богу, і пенсію атрымліваю.
Няўцямныя намёкі пра функцыі паліцыі маралі наводзілі Марціна на падазрэнне, што яна мае нейкія адносіны да распуснага і бессаромнага, — і ад гэтай паліцыі Больда і мае пенсію. У расказах Больды фігуравалі кусты, якія, мяркуючы па ўсім, абшарваў яе муж. I Марцін успомніў, чым займаліся ў кустах Грэбхакэ і Вольтэрс, — яны займаліся бессаромным: барвовыя твары, расшпіленыя штаны, гаркавы пах свежай зелені.
— Свінства ўсё гэта, — прыгаворвала Больда, заходзячы да Глума, калі Марцін сядзеў у яго, а Глум, слухаючы яе байкі, толькі галавой хітаў, ды так ціха і цярпліва, што Больда проста з сябе выходзіла і крычала яму: — Што ты разумееш у культуры, стары ты…
Яна дарэмна шукала падыходзячае слова і нічога іншага не знаходзіла, як «стары турак». Глум заліваўся смехам, і быццам сотні нажоў рассякалі паветра. Толькі навошта было тады хадзіць да Глума, калі яна так злуе на яго? А хадзіла яна часта, размаўляла пра снеданне, хоць, здавалася, пра што тут гаварыць, — усе заўсёды мелі аднолькавы сняданак, праўда, канешне, кожны меў свой, і не такі, як у астатніх, але кожны з дня ў дзень атрымліваў адно і тое ж. Маці піла натуральную каву, такую ж моцную, якую піў і дзядзька Альберт; для іх з Глумам варылі сурагат, а Больда піла гарачае малако з мёдам. Кожны атрымліваў кубак кавы, накрыты каўпачком, нарэзаны хлеб, масла, каўбасу або мармелад на талерачцы — падрыхтоўваць усё гэта было абавязкам Больды. Але кожны, калі б ён ні ўставаў, павінен быў сам прыносіць сабе сняданак з кухні.
Читать дальше