— Добра, мы будзем больш асцярожнымі!
А Больда зверху адказвала:
— Я сама бачыла, як вы зламалі дзве кветачкі.
Альберт высунуўся з акна, задраў галаву і крыкнуў Больдзе:
— Яны больш не будуць.
Хлопчыкі засмяяліся. Больда таксама засмяялася і крыкнула:
— Ну ты ўжо… па табе дык хай яны хоць усё тут растопчуць.
Ён пакінуў акно расчыненым і пачаў парадкаваць малюнкі — мноства тонкіх лісцікаў — іх было некалькі соцень. Тут ён раптам падумаў, што трэба было б неяк напісаць бацькам Лін, — яны заўсёды дасылалі яму шынку, чай і табаку, а ён за ўвесь гэты час не сабраўся з духам, каб напісаць ім падрабязнае пісьмо, а толькі коратка дзякаваў ім ды дасылаў кнігі.
Было проста жахліва, калі бабуля брала яго з сабой у рэстаран. Праўда, яна рэдка выходзіла з дому, але менавіта таму яе добра ведалі ў некаторых рэстаранах, і, заўважыўшы яе, афіцыянты пачыналі неяк дзіўна ўсміхацца. Марцін ніколі не мог зразумець, кпіны гэта ці шчырая павага. Яна любіла цяжкую і багатую ежу, любіла тлустыя супы — рудыя, вязкія, адзін іх пах выклікаў у яго млосць, і потым яна заўсёды патрабавала паставіць маянэз на лёд, каб пасля гарачага тлушчу атрымаць асалоду ад ледзянога соусу. Яна заказвала вялізныя кавалкі смажаніны, абнюхвала іх, нажом і відэльцам правярала іх мяккасць і бесцырымонна адпраўляла іх назад, калі мяса не адпавядала яе смаку. Затым ішлі пяць розных салатаў, якія яна сама ўдасканальвала шляхам доўгіх маніпуляцый з прыправамі, якія ёй падавалі ў бутэлечках, у загадкавых срэбраных гарлачыках, у медных кропельніцах, і гэтакіх жа доўгіх перагавораў з афіцыянтамі пра ўласцівасці прыпраў. Паратункам была толькі талерка з гарой нарэзанага вялікімі лустамі хлеба, што ўзвышалася на сярэдзіне стала, але марна было яму чакаць тут бульбы — гэта адзінае, што ён бы з задавальненнем еў, акрамя хлеба. Бела-жоўтыя дымячыя бульбіны, з маслам і соллю, ён вельмі любіў, але бабуля пагарджала бульбай.
Бабуля піла віно і патрабавала, каб ён піў яблычны ліманад — напітак, які яна любіла ў дзяцінстве. Яна вельмі засмучалася, калі ён адмаўляўся піць ліманад: яна не магла зразумець, як можа яму не падабацца тое, што ёй у дзяцінстве здавалася такім смачным. Ён еў мала: салату, суп і хлеб, і яна, якая глытала ўсё, як удаў, глядзела на гэта, ківаючы галавой. Перад ядой яна заўзята жагналася: размахваючы рукою, як вятрак, яна біла сабе далонню па лбе, грудзях і жываце. Але не толькі гэта прыцягвала да яе агульную ўвагу, кідаўся ў вочы і яе ўбор: цяжкі чорны шоўк і палаючая, як агонь, чырвоная блузка, якая вельмі пасавала да яе квітнеючага твару. Афіцыянт, метрдатэль і буфетчыца лічылі яе рускай эмігранткай, але яна нарадзілася і правяла дзяцінства ў найвялікшай бядноце. Падчас добрага абеду яна любіла расказваць, як кепска ела яна ў дзяцінстве: уголас, так, што прыслухоўваліся людзі за суседнімі столікамі, бабуля расказвала пра прыкры салодкі смак параных буракоў, пра горыч падгарэлага супу са знятага малака, дакладна апісвала салату з крапівы, кіслы чорны хлеб, які яна ела ў дзяцінстве, і тут жа пераможна разломвала лусту белага хлеба.
На бульбу яна вылівала плойму праклёнаў, называла яе мучністай атрутай, прусацкім хлебам і рознымі незразумелымі зняважлівымі мянушкамі на дыялекце свайго дзяцінства. Затым яна брала кавалак белага хлеба, мачала яго ў соус, і ў яе яркіх сініх вачах загараўся дзікаваты агеньчык, які палохаў яго.
Ён пачынаў разумець, чаму баіцца яе, калі яна пачынае апісваць, як у іх дома білі трусоў. Ён яўна чуў трашчанне далікатных костачак, бачыў выкачаныя вочы і кроў; найдакладным чынам бабуля расказвала, што і як рабілі з вантробамі, з цёмна-чырвоным месівам з лёгкіх, печані, сэрца; расказвала і пра тое, як яе заўжды падманвалі галодныя старэйшыя браты і сёстры. I зараз яна трэслася ад злосці, калі ўспамінала свайго брата Маціаса, які пяцьдзесят гадоў назад заўсёды ўхітраўся забраць сабе трусінае сэрца; яна называла яго падлюкам і нягоднікам, хоць Маціас ужо больш за дваццаць гадоў спачываў на могілках у іхняй роднай вёсачцы. Марцін чуў адчайнае кудахтанне курэй, якія пачыналі насіцца па бедным дворыку, калі там з’яўляўся бабулін бацька з сякерай у руках. «Былі ў нас худыя птушкі, годныя толькі на суп», — гаварыла бабуля. З сумам успамінала яна, як хадзіла па багатых дварах, калі там білі скаціну, выпрошвала міску крыві і цягнула дадому — тлустую, густую, у камяках. Калі яна даходзіла да гэтага месца, ён ведаў, што неўзабаве пададуць дэсерт і што яго абавязкова званітуе, таму што мясныя стравы яна завяршала барановай адбіўной, мяккай, з крывёй, — яна разразала яе, праглынала вялікія кавалкі, нахвальваючы далікатнасць мяса; а яму бачыліся забітыя і асвежаваныя дзеці, і, чакаючы асалоды ад марожанага, кавы і пірожных, ён усё ж цвёрда ведаў, што яго званітуе і што потым ён нічога не зможа есці. Усе пададзеныя на стол стравы мільгацелі перад вачамі — тлусты, вогненна-гарачы суп, салаты, кавалкі мяса і соусы падазрона чырвонага колеру; ён з агідай глядзеў на бабуліну талерку, дзе кроў перамешвалася з тлушчам, кроў з вочкамі тлушчу. На працягу ўсяго абеду каля яе ў попельніцы ляжала дымячая цыгарэта, і час ад часу яна зацягвалася і пераможна азірала залу.
Читать дальше