Гэтак і падобна да гэтага казаў Доркан, а пасля яго — Дафніс: «Мяне выкарміла каза, як Дзеўса. Я пасу коз, і яны большыя, чым Дорканавы каровы; я ані не пахну ад іх, як і Пан, хоць той больш як на палавіну сам казёл. У мяне ўдосталь сыру, і хлеба, спечанага на ражне, і белага віна, а гэта — дастатак заможных сялян. Безбароды я, але такі і Дыяніс; цёмны я, але такі і гіяцынт; Дыяніс жа пераўзыходзіць сатыраў, а гіяцынт — лілеі. Ён жа руды, як ліс, і барадаты, як казёл, а белы, як гарадская жанчына. І калі табе давядзецца пацалаваць каго, то мяне пацалуеш у вусны, а яго — у шчэць на барадзе. І ўспомніш тады, дзяўчына, што цябе выкарміла авечка, а ты такая прыгожая».
17.Далей Хлоя не вытрымала, а ўзрадаваўшыся гэтай пахвале і ўжо даўно маючы ахвоту пацалаваць Дафніса, ускочыла і пацалавала яго, хоць і прастадушна і няўмела, але так, што змагла душу распаліць. Доркан, засмучаны, пайшоў, шукаючы іншай дарогі да кахання; а Дафніс, бы яго не пацалавалі, а ўкусілі, тут жа спахмурнеў і часта ўздрыгваў, не могучы суцішыць сэрца, яму не цярпелася паглядзець на Хлою, а як глянуў — абліўся румянцам. Тады ён першы раз са здзіўленнем заўважыў, што валасы яе залацістыя і вочы ў яе вялікія, як у цялушкі, і твар яе сапраўды бялейшы за казінае малако, — быццам ён толькі што вочы займеў, а ўвесь час дагэтуль быў без іх. Цяпер ён да яды ледзь дакранаўся, а піць калі хто прымушаў, ледзь абмочваў губы. Маўклівы зрабіўся, а раней стракатаў больш за цвыркуноў, вялы зрабіўся, а некалі быў жвавейшы за коз; ён перастаў сачыць за чарадою, кінуў сірынгу; яго твар быў бляднейшы, чым трава ў сухмень. Толькі перад Хлояй быў гаваркі. І калі часам заставаўся без яе, вось так размаўляў сам з сабою:
18.«Што ж гэта зрабіў са мною Хлоін пацалунак? Губы яе мякчэйшыя за ружы і вусны саладзейшыя за мёд, пацалунак вастрэйшы, чым пчалінае джала. Часта цалаваў я казлянят, часта — маленькіх ягнят і тое цялятка, што падарыў Доркан; але гэты пацалунак нешта новае. Дыханне мяне пакідае, сэрца хоча выскачыць, душа замірае, а я ўсё ж зноў бы хацеў цалаваць. Ах, благая перамога: дзіўная хвароба, імя якой я і назваць не ўмею. Можа, Хлоя атруты паспрабавала, перш чым мяне пацалавала? А як жа тады яна не памерла? Як спяваюць салаўі, а мая сірынга маўчыць; як скачуць казляняткі, а я нерухома сяджу; як цвітуць кветкі, а я вянкоў не пляту! Расцвітаюць лілеі і гіяцынты, а Дафніс вяне. Няўжо Доркан неўзабаве будзе выглядаць прыгажэйшым, чым я?»
19.Так пакутаваў і казаў наймілейшы Дафніс, першы раз спазнаючы ў слове і яве каханне.
А Доркан, валапас, закаханы ў Хлою, прыпільнаваўшы, калі Дрыяс паблізу саджаў атожылкі вінаграднай лазы, падышоў з некалькімі адборнымі сырамі і даў іх у падарунак яму як старому прыяцелю з тых часоў, калі Дрыяс яшчэ сам пасвіў; пачаўшы з гэтага, перавёў ён гаворку на жаніцьбу з Хлояй. Калі б яму аддалі яе ў жонкі, ён абяцаў як валапас шмат каштоўных дароў: пару валоў пад плуг, чатыры раі пчол, пяцьдзесят ушчэпаў яблынь, валовую шкуру на падэшвы і штогод цяля, ужо адлучанае ад каровы; так што Дрыяс, спакусіўшыся гэткімі падарункамі, амаль згадзіўся на шлюб. Але калі разважыў, што дзяўчына вартая лепшай долі, і збаяўся, што трапіць у непапраўную бяду, калі ўсё выйдзе наверх, у шлюбе яму адмовіў, перапрасіў яго і названых дароў не прыняў.
20.Доркан, другі раз ашукаўшыся ў сваёй надзеі і намарна страціўшы добрыя сыры, надумаўся ўзяць Хлою гвалтам, калі яна будзе адна. І падгледзеўшы, што яны на перамену гоняць на вадапой свае статкі — аднаго дня Дафніс, другога — дзяўчына, прыдумаў ён акурат пастухоўскую хітрасць.
Ён узяў шкуру вялікага воўка, якога некалі бык, абараняючы сваіх кароў, закалоў рагамі, захінуўся ў яе з галавы да ног, пярэднія лапы нацягнуў на свае рукі, заднія — на ногі ад сцёгнаў да пят, а раскрытая пашча прыкрыла яму галаву, як шлем цяжкаўзброенага ваякі. Прыкінуўшыся як мага найлепш дзікім зверам, ідзе ён да ручаіны, з якой пасля пашы пілі козы і авечкі. У вельмі глыбокай упадзіне была ручаіна, усё месца навокал глушылася цярнінаю, ажынаю, нізенькім ялаўцом і бадзякамі; лёгка мог бы там і сапраўдны воўк ляжаць у засадзе. Схаваўшыся тут, Доркан чакаў, калі надыдзе час вадапою, і меў вялікую надзею, што ён перапалохае сваім выглядам Хлою і яна апынецца ў ягоных руках.
21.Прамінула няшмат часу, і Хлоя пагнала статкі да ручаіны, пакінуўшы Дафніса зразаць зялёныя парасткі на корм казлянятам пасля пашы. Але сабакі, якія беглі тут жа, сцерагучы авечак і коз, і па сабачай звычцы прынюхваліся, учулі Доркана, як ён падпаўзаў, каб напасці на дзяўчыну, голасна загаўкалі і кінуліся на яго, як на сапраўднага воўка; і перш чым ён з перапалоху ўскочыў на ногі, аблажылі яго і пачалі рваць шкуру. Нейкі час ён яшчэ ціха ляжаў у гушчары пад накінутаю шкураю, баючыся адкрыцца; але калі Хлоя, перапалохаўшыся пры першым поглядзе на яго, пачала клікаць Дафніса на дапамогу, а сабакі, сарваўшы воўчую шкуру, упіліся ў яго цела, ён залямантаваў і пачаў прасіць дапамогі ў дзяўчыны і Дафніса, які ўжо прыбег сюды. Тыя зычным воклікам хутка супакоілі сабак, а Доркана, у якога былі пакусаны сцёгны і плечы, павялі да ручаіны, прамылі яму раны ад сабачых зубоў і прыклалі да іх зялёнай вязавай кары, пажаваўшы яе; яны палічылі апрананне ў шкуру за пастухоўскі жарт, і, зусім не гневаючыся, суцешылі яго, і, правёўшы яшчэ трохі пад рукі, адпусцілі дахаты.
Читать дальше