І Лёбгота Піпзама павезлі.
1901
Успамінаць, як мы жылі ў Торэ-дзі-Вэнэрэ, і ўсю тамтэйшую атмасферу цяжка. З самага пачатку адчувалася раздражнёнасць, узбуджанасць, нервовасць, а пад канец яшчэ і тая гісторыя з жахлівым Чыполам, у якім фатальна і вельмі ўражліва нібыта ўвасобілася і пагрозліва загусла ўсё ліхое майго настрою. Тое, што пры страшэннай развязцы (а нам потым здавалася, што яна была наканаваная і па сутнасці заканамерная) былі нашыя дзеці, вядома, недапушчальна і варта жалю, але нас заблытала містыфікацыя, на якую адважыўся той дзіўны чалавек. Дзякуй богу, дзеці так і не зразумелі, калі закончылася гульня і пачалася драма, а мы не сталі ім тлумачыць, што гэта не быў тэатр.
Торэ — кіламетраў за пятнаццаць ад Портэклемэнтэ, вельмі моднага курорта на Тырэнскім моры, як сталіца, элегантнага, амаль круглы год перапоўненага, з шыкоўнай, забудаванай гатэлямі і крамамі эспланадай уздоўж мора, з стракацізнай будак, флажкамі пясчаных замкаў і загарэлымі целамі, шырокім пляжам і шумнымі «вясёлымі» ўстановамі. Пляж, акаймаваны гайком піній, на які ўглядаюцца зверху недалёкія горы, пакрыты ўздоўж усяго ўзбярэжжа тым самым дробным пяском, утульны і прасторны, таму не дзіва, што неўзабаве непадалёк узнік крыху меншы шумны канкурэнт. Торэ-дзі-Вэнэрэ, дзе дарма будзеш азірацца, шукаючы вежу, якой пасёлак абавязаны сваёй назвай, — гэта як бы філія суседняга вялікага курорта і колькі-колькі гадоў быў чыстым раем нямногім, прыстанішчам аматараў прыроды, яшчэ не падпошленай свецкім гамузам. Але як яно павялося з такімі закуткамі, цішыні давялося даўно адступіць далей на ўзбярэжжы у Мары-на-Петрыера і яшчэ больш ведае куды; свет, як вядома, шукае цішыні і, знайшоўшы, выганяе яе, са смешнай пажадай нападае на яе і думае сабе, быццам здольны з ёю яднацца і быццам там, дзе яна, можа быць і ён; смех падумаць — нават зладзіўшы кірмаш у яе жытлішчы, ён хоча верыць, што цішыня яшчэ засталася. Вось і Торэ, яшчэ, праўда, спакайнейшы і сціплейшы за Портэклемэнтэ, ужо ўвайшоў у моду ў італьянцаў і заязджанаў з іншых краін. У міжнародны курорт больш не едуць ці, бадай, не едуць, як бывала, але гэта яму не завада, каб заставацца шумным і перапоўненым міжнародным курортам; едуць крыху далей, у Торэ, гэта нават шыкарней, і апрача таго танней, прытым вабнасць гэтых дабротаў не мяняецца, хоць саміх дабротаў ужо няма. Торэ завёў сабе «Гранд-гатэль», распладзілася безліч пансіёнаў з прэтэнзіямі і без, так што гаспадары і наймальнікі вілаў і садкоў у хвойнічку над морам ужо не могуць пахваліцца спакоем на пляжы; у ліпені-жніўні там такая самая карціна, што і ў Портэклемэнтэ: увесь пляж аж кішыць — гоман, балбатня, вясёлы рогат купальнікаў, якім апантанае сонца лахманамі лупіць скуру з шыі і плячэй; на прамяністай сінечы пагойдваюцца ядавіта пафарбаваныя пласкадонкі з дзятвою, і знакаміта гучныя імёны, якімі аклікаюць сваіх чадаў матулі, баючыся іх упусціць з вачэй, напаўняюць паветра хрыплай трывогай, а яшчэ дадайце ўсіх тых, што разносяць вустрыц, напіткі, кветкі, пацеркі, cor netti al burre [7] Ражкі ў алеі (іт.).
, што, пераступаючы цераз раскінутыя рукі і ногі загарэльцаў, таксама, як усе з поўдня, гартаннымі і настырнымі галасамі назаляюцца са сваім таварам.
Такі быў пляж у Торэ, калі мы прыехалі, — маляўніча, нічога не скажаш, але мы ўсё-такі рашылі, што прыехалі зарана. Стаяла сярэдзіна жніўня, італьянскі сезон сама-сама ў разгары — іншаземцам не найлепшая пара, каб ацаніць чароўнасць гэтай мясціны. Якая папалудні штурхатня ў адкрытых кавярнях на праменадзе ўздоўж мора, хоць сабе ў «Эсквізіта», куды мы час-парою завітвалі пасядзець і дзе слугаваў нам Марыё, той самы Марыё, пра якога я і меруся расказаць! Цяжка знайсці вольны столік, а аркестры — кожны грае, ніхто не лічыцца з суседам! Да таго ж якраз папалудні штодзень наязджае публіка з Портэклемэнтэ, бо, ясна ж, Торэ панадная мэта загародных прагулянак у няўседлівых гасцей вялікага курорта, і ад усіх гэтых фіятаў, што снуюць туды-сюды па дарозе, кусты лаўраў і алеандраў на абочынах шашы пакрытыя, як снегам, налётам белага пылу — нязвыклае, але агіднае відовішча.
На добры лад ехаць у Торэ-дзі-Вэнэрэ след у верасні, калі самая гарачая публіка раз’язджаецца і курорт пусцее, альбо ў траўні, пакуль мора яшчэ не нагрэецца настолькі, каб хто з тутэйшых рызыкнуў у ім апаласнуцца. Праўда, і ў міжсезонне там не пуста, але ж не дужа шумна і не так наітальянена. Англійская, нямецкая, французская гаворка пераважае пад тэнтамі будак на пляжы і ў сталовых пансіёнаў, тым часам як яшчэ ў жніўні, прынамсі, у «Гранд-гатэлі», дзе мы мусілі спыніцца, не маючы прыватных адрасоў, такая навалач фларэнтыйцаў і рымлян, што чужаземец адчувае сябе не толькі чужым, але як бы пастаяльцам другога гатунку. Гэта мы з некаторай прыкрасцю заўважылі першага ж вечара, калі спусціліся паабедаць у рэстаран і папрасілі мэтрдатэля паказаць нам вольны столік. Супроць прапанаванага нам століка запярэчыць, зрэшты, не было прычыны, але нас прывабіла зашклёная веранда на бок мора, што, як і зала, была запоўнена, але там яшчэ заставаліся вольныя месцы і на століках гарэлі лямпачкі пад чырвонымі абажурамі. Такая святочнасць вельмі спадабалася нашым дзецям, і мы з шчырым сэрцам заявілі, што хацелі б на веранду — і тым самым выявілі сваю поўную недасведчанасць, бо нам, крыху сумеўшыся, сказалі, што гэтая раскоша толькі «нашым кліентам», «ai nostri clienti». Нашым кліентам? Ну, тады гэта нам. Мы ж не якія там матылькі-пырхункі, мы пастаяльцы, якія прыехалі на тры тыдні, а можа, і на месяц, мы пенсіянеры. Зрэшты, мы не настойвалі, каб нам удакладнілі розніцу паміж намі і той кліентурай, што мае права акладацца пад чырвонымі лямпачкамі, мы з’eлі наш pranzo [8] Абед (іт.).
за сталом, асветленым сціпла і будна, у агульнай зале — абед так сабе, сярэдненькі, безаблічны і нясмачны гатэльны стандарт; кухня пансіёна «Элеанора», што, можа, крокаў за дзесяць далей ад мора, здалася нам пазней куды смачнейшай.
Читать дальше