— Я павінен нешта сказаць, — прамовіў ён, — і ясна адчуваю, што менавіта павінен сказаць. А тым часам адчуваю, што вымавіць гэта будзе памылкай. Не, прашу, ні ў якім разе не падказваць! Не памагайце мне ні словам ні жэстам! — усклікнуў ён, хоць… а можа, якраз таму, што менавіта на гэта і спадзяваўся. — Pensez tres fort! [28] Моцна думайце! (фр.).
— раптам крыкнуў ён на дрэннай французскай і тут выпаліў патрэбную фразу, праўда, па-італьянску, але так, што апошняе і галоўнае слова нечакана вырвалася ў яго на, пэўна, зусім яму незнаёмай, але блізкай мове — ён вымавіў замест «veneracione» «еnеration» [29] Пакланенне (іт. і фр.).
з жахлівым насавым гукам у канцы слова — частковы поспех, які пасля ўсяго ўжо выкананага — пошукаў шпількі, выбару той, каму трэба было яе аддаць, укленчання, — зрабіў, бадай што, нават большы эфект, чым зрабіла б поўная перамога, і выклікаў буру захаплення.
Устаючы з каленяў, Чыпола абцёр з ілба пот. Вы разумееце, што, расказваючы пра шпільку, я толькі прыводжу ўзор яго працы, што мне асабліва запомнілася. Але Чыпола ўвесь час уразнастайваў гэтую асноўную форму і да таго ж пераплятаў свае доследы з такога ж роду імправізацыямі, якія забіралі шмат часу і на якія яго на кожным кроку штурхалі зносіны з публікай. Больш за іншых, здавалася, натхняла яго наша гаспадыня; яна справакавала яго на дзівоснае шчыраванне.
— Ад мяне не ўнікла, сіньёра, — звярнуўся ён да яе, — што ў вашым жыцці былі незвычайныя, яркія старонкі. Хто ўмее бачыць, той разгледзіць над вашым мілым ілбом ззянне, якое, калі я не памыляюся, колісь было ярчэйшае, чым сёння, — ззянне, якое спакваля атухае…Ні слова! Не падказвайце мне! Поплеч з вамі сядзіць ваш муж, праўда ж? — павярнуўся ён да ціхмянага сіньёра Анджальеры. — Вы муж гэтай дамы,і шлюб ваш шчаслівы. Але ў гэтае шчасце ўрываюцца ўспаміны… каралеўскія ўспаміны… Мінулае, сіньёра, здаецца мне, грае ў вашым жыцці вялікую ролю. Вы ведалі караля… скажыце, у мінулыя дні на вашай жыццёвай дарозе сустракаўся вам кароль?
— Не зусім, — ледзь чутна пралапатала наша мілавідная гаспадыня, якая адарала нас булёнамі і супамі. І яе залаціста-карыя вочы ўспыхнулі на арыстакратычна бледным твары.
— Не зусім? Не, вядома ж, не сам кароль, я сказаў толькі прыблізна, у самых грубых, агульных рысах. Не кароль і не князь — і тым не меней князь і кароль у іншым, вышэйшым валадарстве прыгажосці. То быў вялікі артыст, каля якога… Вы парываецеся запярэчыць і ўсё ж не рашаецеся альбо можаце запярэчыць толькі напалавіну. Дык вось! Вялікая, славутая на ўвесь свет артыстка адарыла вас сваёй дружбай у вашай маладосці, і гэта яе свяшчэнная памяць апраменьвае ўсё ваша жыццё… Імя? Ці варта называць імя той, слава якое даўно злілася са славай нашай радзімы і здабыла неўміручасць? Элеанора Дузэ, — урачыста закончыў ён, панізіўшы голас.
Маленькая жанчына, пераможаная яго словамі, толькі схіліла галаву. Апладысменты ледзь не перайшлі ў патрыятычную авацыю. Амаль усе ў зале, і найперш прысутныя тут пастойнікі casa «Eleonora» [30] Віла «Элеанора» (іт.).
ведалі пра незвычайнае мінулае пані Анджальеры і таму здольныя былі ацаніць інтуіцыю кавальерэ. Паўставала толькі пытанне, што паспеў разведаць сам Чыпола, калі пасля прыезду ў Торэ пачаў шукаць патрэбных у яго прафесіі звестак… Зрэшты, у мяне няма ніякіх падстаў ставіць пад рацыяналістычныя сумненні здольнасці, якія ў нас на вачах аказаліся для яго такімі фатальнымі…
Абвясцілі антракт, і наш валадар пайшоў за кулісы. Прызнаюся, яшчэ толькі прыступаючы да расказу, я баяўся гэтага моманту. Чытаць думкі часцей за ўсё не так ужо і складана, а тут і зусім лёгка. Вы, канечне, спытаецеся ў мяне, чаму ж мы нарэшце не пайшлі — і я не здолею вам адказаць. Я сам не разумею, я проста не ведаю, чым гэта патлумачыць. Мусіць, ужо было палова дванаццатай, хутчэй за ўсё нават пазней. Дзеці спалі. Апошняя серыя вопытаў знудзіла іх, і прырода нарэшце ўзяла сваё. Дзяўчынка заснула ў мяне на каленях, хлопчык — у маці. З аднаго боку гэта суцяшала, а з другога — выклікала жаль і запрашала прыслухацца да гэтага кранальнага напамінку, што ім даўно пара ў ложак. Пабажуся, мы хацелі прыслухацца, шчыра хацелі. Мы разбудзілі іх, кажучы, што цяпер і праўда трэба ісці дамоў. Але ледзь яны па-сапраўднаму прачнуліся, як пайшлі неадступныя просьбы, а вы ж самі ведаеце, што ўгаварыць дзяцей па добрай волі пайсці, не даседзеўшы да канца прадстаўлення, немагчыма, іх можна хіба што толькі прымусіць. Як жа тут цудоўна, нылі яны, і ніхто ж не ведае, што будзе далей, трэба хоць бы пачакаць і паглядзець, з чаго фокуснік пачне пасля перапынку, ды яны ўжо крышачку і паспалі, толькі не дамоў, толькі не ў ложак, пакуль ідзе цудоўнае прадстаўленне. Мы саступілі, пастанавіўшы сабе пабыць яшчэ зусім нядоўга, ну, хвіліну-другую. Вядома, недаравальна, што мы засталіся, і ўжо тым болей гэтага не растлумачыш. Магчыма, мы рашылі, што, сказаўшы «а» і зрабіўшы памылку, прывёўшы дзяцей сюды, павінны сказаць і «б»? Але такога тлумачэння, на мой погляд, недастаткова. А можа, прадстаўленне нас саміх вельмі заінтрыгавала? І так і не: пачуцці, якія выклікаў у нас сіньёр Чыпола, былі даволі супярэчлівыя, але ж такія былі, калі не памыляюся, пачуцці ўсёй залы, аднак ніхто не выйшаў. Альбо мы паддаліся чарам гэтага чалавека, які такім дзіўным спосабам зарабляе свой хлеб, чарам, якія ішлі ад яго і нават звыш усякай праграмы, нават паміж нумарамі, і паралізавалі нашу рашучасць? Але з такім самым правам можна сказаць, што намі валодала проста цікаўнасць. Хацелася ўведаць, што там яшчэ будзе гэтым вечарам, які пачаўся так незвычайна, а апрача таго, Чыпола, ідучы за кулісы, даў знак, што рэпертуар у яго зусім не вычарпаны і нам назапашаны яшчэ і не такія неспадзяванкі.
Читать дальше