Трэба прызнацца, што ён не мог прыдумаць нічога лепшага, каб напусціць туману і пасеяць разгубленасць у хлопцавай душы. Той упарта не рашаўся працягнуць руку да калоды. А ўзяўшы адну карту, ён тут жа захацеў, каб яму на праверку паказалі схаваныя.
— Але навошта? — здзівіўся Чыпола. — Ці не лепей ужо ўсе разам?
Але як што ўпарцісты хлопец стаяў на сваім, на такой папярэдняй пробе, фігляр з нечаканай для яго лакейскай дагодлівасцю сказаў: «E servito!» [26] Да паслугаў! (іт.).
— і, не гледзячы, веерам адкрыў свае тры карты. Крайняя левая была якраз тая, што выцягнуў хлопец.
Змагар за свабоду волі злосна сеў на сваё месца пад воплескі гледачоў. У якой меры Чыпола на дапамогу свайму прыроднаму дару заклікаў розныя механічныя трукі і спрыт рук — чорт яго ведае. Але калі нават дапусціць такі сплаў, усе, хто з прагнай цікаўнасцю сачылі за незвычайным прадстаўленнем, шчыра цешыліся і прызнавалі бясспрэчнае майстэрства артыста. «Lavora bene!» [27] Чыстая праца! (іт.).
— чулася то тут то там непадалёк ад нас, а гэта азначала перамогу аб’ектыўнай справядлівасці над асабістай антыпатыяй і маўклівым абурэннем.
За апошнім, хай няпоўным, затое асабліва ўражлівым поспехам Чыпола спачатку зноў падмацаваўся віном. Ён і праўда «шмат піў», і глядзець на гэта было не дужа прыемна. Відаць, яму патрэбны былі спіртное і тытунь, каб падтрымліваць і ўзнаўляць сваю жыццёвую сілу, да якое, як ён сам намякнуў, у многіх адносінах ставіліся вялікія патрабаванні. Часам ён сапраўды выглядаў зусім дрэнна — запалыя вочы, аселы твар. А чарачка зноў усё ўводзіла ў норму, і мова ў яго пасля таго зноў цякла, уперамешку з шэрымі струмянямі дыму, жвава і плаўна. Я добра памятаю, што ад картачных фокусаў ён перайшоў да тых салонных гульняў, якія грунтуюцца на звыш— ці падсвядомых уласцівасцях чалавечай натуры — на інтуіцыі і «магнетычным» умаўленні, — словам, на ніжэйшай форме празорлівасці. Толькі ўнутраную сувязь і паслядоўнасць я не запамятаў. Дый не буду дакучаць вам апісаннем гэтых вопытаў, яны вядомыя ўсім: усе вы хоць раз удзельнічалі ў іх — у пошуках якога-небудзь схаванага прадмета, паслухмяным выкананні якіх-небудзь наперад задуманых дзеянняў, імпульс да якіх невытлумачальным шляхам перадаецца ад арганізма да арганізма. І пры гэтым кожны, пакручваючы галавой, кідаў цікаўна-гідлівыя позіркі ў двухсэнсава-нячыстыя і цёмныя нетры акультызму, які ад чалавечай слабасці яго адэптаў увесь час хіліцца да таго, каб, дурачы людзей, змешвацца з містыфікацыяй і шахрайствам, аднак і дамешка зусім не абвяргае натуральнасці іншых складнікоў гэтай дзівоснай амальгамы. Я хачу толькі адзначыць, што ўздзеянне ўзрастае і ўражанні паглыбляюцца, калі такі вось Чыпола выступае рэжысёрам і галоўнай дзейнай асобай у гэтай цёмнай гульні. Ён сядзеў спінай да публікі ў глыбіні эстрады і курыў. Пакуль дзе-небудзь у зале нішкам не дамаўляліся, прыдумваючы яму заданне, і з рук у рукі перадавалі прадмет, які яму трэба будзе знайсці і з ім нешта зрабіць. Потым, трымаючы за руку прысвечанага ў задачу павадыра з публікі, якому сказана было ісці трошкі ззаду і толькі ў думках засяродзіцца на задуманым. Чыпола, адкінуўшы галаву назад і выцягнуўшы наперад руку, улукаткі ішоў па зале, гэтаксама, як рухаюцца ў такіх вопытах усе — то памыкаючыся наперад, быццам яго нешта штурхала, то няўпэўнена, вобмацкам, нібы прыслухоўваючыся, то зноў заходзячы ў тупік і раптам паварочваючы. Здавалася, ролі памяняліся, флюід ішоў назад, і артыст, не перастаючы гаварыць, на гэта ўказваў. Цяпер пасіўным бокам, які ўспрымае, слухаецца, быў ён, яго ўласная воля выключана, ён толькі выконвае маўклівую, разлітую ў паветры агульную волю гледачоў, а да гэтага часу толькі ён адзін хацеў і загадваў; але Чыпола падкрэсліваў, што гэта, па сутнасці, тое ж самае. Здольнасць адасобіцца ад свайго «я», зрабіцца проста прыладай, пераконваў ён, — гэта другі бок здольнасці хацець і загадваць; гэта ўсё тая самая здольнасць, валадаранне і падпарадкавальнасць разам узятыя ўяўляюць адзін прынцып, адно непарыўнае адзінства; хто ўмее падначальвацца, той умее і загадваць, і наадварот, адно паняцце ўжо ёсць у другім, непарыўна з ім звязана, як непарыўна звязаныя правадыр і народ, але затое напружанне, нязмернае, стомнае напружанне цалкам выпадае на яго долю, кіраўніка і выканаўцу ў адной асобе, у якой воля робіцца паслушэнствам, а паслушэнства — воляй, ён спараджае і тое і другое, і таму яму даводзіцца асабліва цяжка. Артыст не раз падкрэсліваў, што яму вельмі-вельмі цяжка, мабыць, каб растлумачыць, чаму яму трэба ўвесь час падмацоўвацца чарачкай. Чыпола рухаўся навобмацак, як у трансе, нібы яго скіроўвала і вяла агульная тайная воля ўсёй залы. Ён дастаў упрыгожаную камянямі шпільку з тyфлі англічанкі, куды яе схавалі, і панёс, то няўпэўнена запавольваючы крок, то з парывам наперад, другой даме — сіньёры Анджальеры, — устаў на калені і падаў ёй з умоўленымі словамі; яны, праўда ў самы раз пасавалі да нагоды, але адгадаць іх было зусім няпроста — фразу склалі па-французску. «Прыміце гэты дарунак на знак майго пакланення!» — належала яму сказаць, і нам здавалася, што ў цяжкасці задачы хаваўся пэўны злы намысел і адбіўся разлад паміж прагай цудоўнага, якая даймала публіку, і жаданнем, каб фанабэрысты Чыпола нарэшце праваліўся. Вельмі цікава было назіраць, як ён, укленчыўшы перад сіньёрай Анджальеры, спрабаваў і так і гэтак знайсці патрэбную яму фразу.
Читать дальше