Жарабца пакінуў на маляўнічай паляне. Праз некатары час ён ужо стаяў ля дуба і размаўляў з ім. Стражнік жаліўся дубу як жывому чалавеку, як свайму сябру, як бацьку. Расказаў аб усім, чаго быў сведкам: пра царскае паляванне, пра абыякавую бойню жыхароў пушчы, пра гібель зуброў, пра страту Хрэсніка і Рыка, пра ўсё тое, што накіпела на сэрцы.
Стражнік укленчыў і ад імя людзей перапрасіў у цар-дуба за здзекі і страты. Падняўся з каленяў і зірнуў на верхавіну.
Стройны, як калона, у мноства абхватаў ля зямлі, дасканалы ў сваёй велічнасці і зграбнасці дуб раптам счырванеў, нібыта на яго села жар-птушка, азараючы магутную верхавіну крыламі. Стары дуб быў сведкам усёй пісанай гісторыі Белавежскай пушчы, сведкам гісторыі беларускай зямлі. Ён стаяў тут, калі яшчэ пушчу насяляла дзікае і ваяўнічае племя ятвягаў. Велізарны дуб быў сведкам палявання Вялікага князя Вітаўта, калі пушча ахвяравала тысячы лясных жыхароў на знакамітую Грунвальдскую бітву. Быў сведкам палявання каралёў Баторыя, Аўгуста ІІІ, а цяпер і расійскага цара.
Здавалася, зараз дрэва нешта скажа, але дуб маўчаў, толькі зрэдку з яго падалі асеннія лісты ды шпокалі аб галіны жалуды.
Стражнік пакланіўся дубу і каменю і вярнуўся да каня.
Калі выходзіў з гушчару на дарогу, адчуў, як жарабец пачаў нервавацца, застрыг вушамі. Рыгор уважліва агледзеўся і заўважыў у гушчары бурую вялізную тушу. Магутны цяжкі малады зубр рухаўся праз дарогу ў напрамку паляны. За ім следам павольна крочылі крыху меншыя тры самкі з лабастымі зубранятамі.
Заўважыўшы чалавека, малады зубр спыніўся і пакасавурыўся на стражніка. Затым, матлянуўшы барадатаю галавою, гаспадар пушчы рушыў далей.
Стражнік стаяў нерухома, на яго вачах блішчэлі слёзы радасці. Памыліцца нельга. Малады зубр быў дакладнай копіяй загінулага Хрэсніка. Яшчэ некалькі хвілін Рыгор стаяў і глядзеў у той бок, куды пайшлі зубры. Затым павярнуўся ў напрамку дуба і пакланіўся.
— Дзякуй за ўратаванне нашчадкаў Хрэсніка.
Спрытна скочыў у сядло і тузануў повад. Стары жарабец галопам рушыў у напрамку стражніцкай хаты.
Калі пад’ехаў да роднага котлішча, заўважыў на падворку незнаёмага каня. Прывязаў Каштана і пераступіў парог хаты.
За сталом сядзелі бацька, сын Глеб, Малання і Яўстафій. Яны глядзелі на Рыгора і ўсміхаліся.
Стражнік павярнуў галаву.
На старым, яшчэ Рыкавым, кілімку ціснуліся адзін да аднаго два бялюткія шчанюкі. Сядзелі і насцярожана глядзелі на свайго будучага гаспадара.
Эпілог
Працаўнікі Царскасельскага парку назіралі цікавую карціну. Дзіўны стары ў параднай, нібыта вайсковай форме, паважліва зняўшы перад вальерам галаўны ўбор і не звяртаючы ўвагі на халодны дождж, клапатліва карміў з рук сенам зуброў, якое даставаў з нейкай торбачкі. Пры гэтым ён ім нешта паціху і доўга распавядаў.
Зубры стаялі поруч загарадзі, моўчкі жавалі, патрэсваючы чорнымі бародамі, і ўважліва слухалі сівагаловага старога.