Не ў крыўдзе былі і майстры. Добрыя працаўнікі зараблялі ад сямі да дзевяці рублёў, а працаўнік з канём, які займаўся перавозкай камянёў і лесу мог атрымаць да дваццаці рублёў у месяц.
У пачатку верасня галоўны распарадчык пушчы склікаў сваіх падначаленых. Трэба было параіцца, як лепш сустрэць гасцей і чым іх забаўляць. Былі выслуханыя розныя прапановы. Але патрабавалася нешта такое, што магло б уразіць, нешта такое, чаго высокія госці ў жыцці не бачылі.
Ціхан сказаў:
— Ваша высокаблагароддзе, у нас ёсць прапанова. На абходзе майго брата маецца ўчастак нерушы. Там вельмі шчыльна растуць дрэвы. Іх галіны і кроны перапляліся так, што нават у сонечны дзень стаіць цямрэча. Мы можам зрабіць невялікі, у рост чалавека, тунель-галерэю. Лічым, нічога падобнага яны не бачылі. Паверце, на іх гэта зробіць уражанне.
— Я так і ведаў, што вы прыдумаеце што-небудзь, — узрадавана сказаў паручнік. — Нездарма мой папярэднік вас рэкамендаваў як самых надзейных людзей. Давайце, не адкладаючы, заўтра раніцай разам туды з’ездзім.
— Ваша высокаблагароддзе, гэта будзе зрабіць вельмі няпроста. Тамака вам давядзецца поўзаць, прашу прабачэння, на карачках, — усміхнуўся Ціхан.
— Нічога, Ціхан, ты думаеш я так ніколі не поўзаў? — іранічна сказаў обер-фарстмайстар. — Хе-хе! У гэтым жыцці даволі часта бывае так, што не толькі ракам папаўзеш, але, калі трэба, на галаве навучышся стаяць. Гэта, браткі, жыццё.
Як і дамаўляліся, назаўтра браты стаялі каля дома обер-фарстмайстра. Паручнік Штральборн запрасіў іх зайсці да яго ў кабінет.
Пераступіўшы парог, Рыгор уважліва агледзеўся. Усё ў кабінеце было як і пры былым іх любімым начальніку, за выключэннем таго, што на сцяне вісеў партрэт другога цара. Вочы з партрэта пільна глядзелі на братоў, нібы вывучаючы, што яны маюць супраць Расійскай імперыі.
Камердынер прынёс каву і паставіў яе на столік каля акна.
Рыгор неўзаметку ўсміхнуўся. Яго раптам апанавалі ўспаміны пра ранейшага начальніка. Цікава, як ён цяпер жыве ў Пецярбургу? Ці ўспамінае гады, праведзеныя ў Белавежскай пушчы? Пасля таго, як обер-фарстмайстар палкоўнік Таран Фёдар Канстанцінавіч пакінуў галоўную сядзібу, Рыгор першы раз трапіў у гэты кабінет.
Пасля кавы паехалі на месца. Хутка брычку давялося пакінуць і далей ісці пешшу. З кожным крокам лес станавіўся гусцейшы. Даводзілася часта нагінацца. Хоць на вуліцы стаяла сонечнае надвор’е, паступова іх пачынаў абступаць змрок.
— Усё, ваша высокаблагароддзе, далей давядзецца паўзці, — галосна сказаў Рыгор.
Обер-фарстмайстар спачатку рухаўся на каленях, потым лёг на зямлю і пачаў паўзці за Рыгорам, ззаду чмыхаў Ціхан. Яны прапаўзлі прыкладна крокаў сто. Вакол панавала цямрэча. Ад зямлі цягнула волкасцю, перагнілым лісцем і мокрай драўнянай карой.
У цемры пачуўся голас Рыгора:
— Ну, як вам, ваша высокаблагароддзе? Паўзем далей, або годзе?
— Не, Рыгор, даволі, — дрыготкім голасам сказаў обер-фарстмайстар. — Я меркаваў, вы мне казкі расказваеце, гэтага не можа быць. А вось пераканаўся, што такое магчыма, цемрадзь самая сапраўдная. Я вас не бачу. І пры гэтым вакол цішыня якая, нават птушак не чуваць. Страхоцце!
— Тады паўзём назад, ваша высокаблагароддзе? — крэкнуў Ціхан.
— А ў які бок паўзці, я не арыентуюся? — прычуўся злёгку спалоханы голас паручніка Штральборна.
— Ваша высокаблагароддзе, паўзіце за мной, на шоргат, — весела адказаў старшы стражнік.
— Ты, Ціхан, не спяшайся, — прастагнаў паручнік.
— Не бойцеся, ваша высокаблагароддзе, мы вас тут не кінем, — жартаўліва адказаў Ціхан.
— Я не баюся, але не магу ўцяміць, адкуль вы ведаеце, куды рухацца? Хацеў у цябе, Ціхан, удакладніць, якую плошчу мае гэты дрымучы ўчастак?
— Калі паўзці, за дні тры перапаўзём, — смеючыся, адказаў Ціхан.
Калі канчаткова ўсталі на ногі і атрэсліся ад бруду і іголак, обер-фарстмайстар зірнуў уверх. Над верхавінамі дрэў яскрава зіхацела сонца. Паручнік Штральборн нават зажмурыўся.
— Та-ак, бываюць жа ў прыродзе такія цуды. Ваша прапанова прымаецца цалкам. На гэтым месцы прасячыце тунель у чалавечы рост, крокаў на сто, сто пяцьдзесят, не больш. Ну і шырынёй так, каб два чалавекі маглі размінуцца. А нам і трэба зрабіць так, каб важныя госці доўга ўспаміналі наведванне Белавежскай пушчы, — адначасова разважаў і даваў даручэнне галоўны распарадчык.
18. Царскае паляванне
За тры тыдні да прыезду цара ў Белавеж прыбыў міністр дзяржаўных маёмасцей генерал Зялёны. Для арганізацыі палявання разам з ім прыехаў егермайстар граф Ферзен.
Читать дальше