Ён падышоў да мядзведзя, нахіліўся і адарваў ад нібыта сталёвых кіпцюроў, загнутых на канцы, жмут свайго кажуха. Прыклаў да таго месца на плячы, дзе была дзірка.
— Прыйдзецца латаць, нічога не зробіш, — сумна сказаў услых.
Клікнуў сабаку і накіраваўся ў зваротным напрамку.
Дома стражнік выцягнуў некалькі тоўстых дошак, узяў вяроўку, сякеру; усё гэта пагрузіў у сані. Калі запрог Каштана, на парозе з’явіліся Малання з Глебам. Усе разам селі, і жарабец пабег лясной дарогай.
Глеб не змаўкаў:
— Тата, распавядзі, як ты застрэліў мядзведзя?
— Як, як? Вельмі проста, стрэліў са стрэльбы і забіў.
— Рыгор, у цябе кажух на правым рукаве разадраны, — з трывогай у голасе сказала Малання.
— Учапіўся дзесьці, вось і парваў...
— Ты мяне не падманваеш? Ці не мядзведжых лап гэта справа?
— Не, не мядзведзь, за сук дзесьці зачапіўся, — каб не палохаць, зманіў Рыгор. — Не перешкаджай, дай падумаць, як лепш даехаць.
Неўзабаве Рыгор спыніў жарабца.
— Малання, вазьмі вяроўку і сякеру, а я распрагу каня, — скамандаваў жонцы.
Каштан баязліва касавурыўся фіялетавым вокам на мёртвага звера і нервова перабіраў капытамі.
Стражнік звязаў вяроўкай мядзведзю заднія лапы, затым канцы вяроўкі прывязаў да гужоў. Узяўшы жарабца за аброць, тузануў. Мядзведзь пакідаў крывавы след на снезе. З лесу выцягнулі хутка, складаней было завалачы мядзведзя ў сані. Тады і спатрэбіліся дошкі.
— Без цябе, Глеб, мы б не справіліся. Скажы? — Рыгор весела падміргнуў Маланні.
Глеб меў ганарлівы выгляд. Малання ўзяла малога за руку, і яны пешшу пайшлі за санямі.
17. Найсакрэтна
Прайшлі гады. Рыгораваму сыну Глебу споўнілася чатырнаццаць. Разам з бацькам ён хадзіў у лес, дапамагаючы яму ва ўсім. Глеб дасканала ўмеў карыстацца зброяй. У яго паляўнічых трафеях ужо былі застрэленыя ваўкі, ласі, дзікі, алені і казулі. Ён ведаў пра лес усё, што ведалі яго продкі, што неабходна ведаць, каб жыць з прыродай у згодзе.
Як і належыла ў іх родзе, калі яму споўнілася дзесяць гадоў, бацька прывёў яго да святога дуба і каменя. Перад наведваннем узяў з яго слова, што ён нікому, акрамя сваіх сыноў, не выкрые таямніцу. З яго вырастаў сапраўдны памагаты бацьку. Як калісьці і яго бацька, ён павінен будзе пайсці вучыцца на стралка. У сям’і Рыгора было ўжо чацвёра дзяцей: нарадзіліся яшчэ дачка Марыя і самы малодшы сын Павел.
Адной вясною ціха памерла бабуля Марфа. За дзень да смерці яна яшчэ раз здзівіла стражніка сваёй адданасцю мужу-нябожчыку.
Раніцай яна не выйшла снедаць. Калі Малання зайшла ў пакой, старая папрасіла яе прысесці побач. Спакойным голасам яна паведаміла, што памірае. Папрасіла паклікаць Рыгора.
Узяла свой вузельчык, сабраны на смерць, дастала адтуль ільняную кашулю і выпетралую сукенку. Ціхім і спакойным голасам сказала, каб пасля смерці кашулю надзелі на яе. У гэтай кашулі яна правяла з мужам сваю першую шлюбную ноч. А сукенку павінны пакласці ў труну побач. У ёй яна брала шлюб у царкве.
Гэта было яе апошняе жаданне. Пахавалі старую побач з мужам.
Сабака Рык быў ужо стары, але працягваў старанна несці сваю цяжкую службу. На яго рахунку было больш як трыццаць мацёрых ваўкоў. У смяротных сутычках з імі ён набыў велізарны досвед — ведаў усе ваўчыныя звычкі і хітрасці.
Цікава, што ў Рыка дагэтуль захавалася сяброўства з Хрэснікам. У дрымучым лесе часта можна было бачыць, як старога калматага зубра суправаджае белы сабака. Увесь статак прывык да частага з’яўлення сярод іх гэтага сабакі, звяры ўжо не звярталі на яго ўвагі. Толькі самкі зуброў з маладымі зубранятамі апускалі рогі, калі Рык прабягаў паўз іх цяляткаў.
У студзені 1860 года ў цэнтральную сядзібу з Пецярбурга прыбыў фельд’егер. Ім быў дастаўлены тэрміновы загад з міністэрства маёмасцей. Калі галоўны распарадчык Белавежскай пушчы паручнік Штральборн у сваім працоўным кабінеце яго распячатаў, ён ледзь не страціў мову.
Яму паведамлялася, што ў пачатку восені ў Белавежскую пушчу прыбудзе сам імператар усея Русі Аляксандр II на паляванне. Неабходна таемна, каб не прыцягваць лішняй увагі, падрыхтаваць Белавеж да прыезду яго са шматлікай світай.
Паручнік Штральборн паглядзеў на размашысты подпіс міністра дзяржаўных маёмасцей генерала Зялёнага.
— Гэта не жарт, гэта сур’ёзна, — прамармытаў паручнік і цяжка ўздыхнуў.
Як усё ў гэтым жыцці пераменліва! Жыў сабе спакойна, без напругі, а тут
на табе, калі ласка, сам бацюхна цар едзе, ды яшчэ са шматлікай світай. Світу я вашу добра ведаю — давай, думаў паручнік, ім асобныя раскошныя нумары, залы для танцаў і забаў усякіх. Ну і што цяпер загадаеце рабіць? Дзе я ўсё гэта вазьму? На ўсю Белавеж толькі адзін будынак прыстойны, гэта дом-кантора лесапрамыслоўца Сімунда.
Читать дальше