На вуліцы пачынала шарэць. Паручнік Штральборн падняўся з крэсла і запаліў на стале свечку. Яго ўвагу прыцягнула дапіска на лісце дробным почыркам з правага боку.
Доўга ўзіраўся і па складах прачытаў услых:
— «Копія гарадзенскай палаце дзяржаўных маёмасцей». О! Дзякуй богу, не аднаму мне давядзецца ўсё арганізоўваць, — ён выпусціў з рук паперу і апусціўся ў крэсла.
Праз дзень брычка на палазах у суправаджэнні дзесятка добра ўзброеных стралкоў па глыбокім снезе несла галоўнага распарадчыка Белавежскай пушчы ў губернскі горад Гародню. Да месца прызначэння яны прыбылі толькі вечарам другога дня.
Разам са старшынёй гарадзенскай палаты дзяржаўных маёмасцей яны вырашылі ў цэнтры галоўнай сядзібы ўзвесці вялікі будынак, а вакол яго збудаваць прыгожыя драўляныя хаткі для світы. Наяўныя хаты таксама пераўтварыць. Унутраным убранствам хат зоймецца гарадзенская палата дзяржаўных маёмасцей. Нічога іншага, лепшага, на дадзены момант яны не прыдумалі.
Раніцай галоўны распарадчык адправіўся ў зваротную дарогу.
На наступны дзень па прыездзе обер-фарстмайстар наведаў лесапрамыслоўца Сімунда.
— Сёлета збіраемся пераўладкаваць Белавеж. Усё будаўніцтва будзе аплачваць наша казначэйства. Так што, спадар Сімунд, у вас ёсць добрая магчымасць зарабіць прыстойныя грошы, — сказаў паручнік.
— Ваша высокаблагароддзе, а чаму такая паспешлівасць? Што, чакаецца наведванне нашага з вамі месца пражывання кімсьці вельмі важным, можа, самім імператарам? — здзіўлена спытаў Сімунд.
— Нават не смейце ўслых прамаўляць гэта, спадар Сімунд, — паручнік спалохана замахаў рукамі. — Разумееце? Спадзяюся, вы разумееце.
— Ваша высокаблагароддзе, з задавальненнем прымаю вашу прапанову. Дзякую за аказаны мне гонар, — хітры Сімунд падняўся з мяккага крэсла і зрабіў невялічкі паклон паручніку.
— Можаце запрасіць дадатковую колькасць людзей, розных адмыслоўцаў: цясляроў, сталяроў. Цяпер зіма і за гэты час мы разам можам падрыхтаваць, так сказаць, план. Усё павінна рабіцца так якасна, як для каранаваных асоб. Але аб гэтым нікому ні слова, — вочы паручніка загадкава і спалохана глядзелі на Сімунда.
— Заўтра ж ушчыльную займуся вашым даручэннем. Людзей, якіх неабходна запрасіць, ведаю. Толькі ўсё гэта будзе залежаць ад вашага фінансавання, — хітравата бліснуў вачыма лесапрамысловец.
Падсохлі дарогі, і з навакольных селішчаў у пушчу пацягнуўся працоўны люд. Насельнікаў у Белавежы з кожным днём большала, прыходзілі ўсё новыя і новыя людзі. Працы хапала ўсім, работы было па горла.
З-пад Высока-Літоўска вазамі прывозілі каменне, сартавалі і ўкладвалі ў кучы. За камяні плацілі тут жа, на месцы. Прывезеным жвірам з камянямі засыпалі лужыны, раўнялі дарогі, будавалі масты.
Праца кіпела цэлымі днямі, з невялікімі перапынкамі на абед. Па распараджэнні обер-фарстмайстра падлоўчыя прывозілі тушы ласёў і дзікоў. Быў збудаваны падстрэшак з лаўкамі і сталамі. Сілкаванне нанятых працаўнікоў было за казённы кошт. Шматлікія работнікі ўпершыню ў жыцці маглі наядацца ўволю, таму і працавалі з вялікай стараннасцю.
Канец красавіка выдаўся сонечны і цёплы. На складах, поруч тартака Сімунда, пад вясновым сонцам падсыхаў лес. Перш за ўсё пачалі ўзводзіць велізарны будынак. З чатырох бакоў былі прыбудаваны назіральныя пляцоўкі, упрыгожаныя разьбянымі парэнчамі. Усё гэта майстравалася з парод драўніны розных гатункаў, будынак атрымаўся вельмі прыгожы.
Вакол леснікоўства дадаткова збудавалі меншыя дамкі, але яны не саступалі прыгажосцю і вытанчанасцю.
Ужо да сярэдзіны лета Белавеж было не пазнаць. Невялічкая вёска на вачах ператваралася ў шматлюднае мястэчка. Калі прыбыў старшыня гарадзенскай палаты з інспекцыяй, ён быў здзіўлены зменамі.
Параіўшыся з паручнікам Штральборнам і лесапрамыслоўцам Сімундам, старшыня вырашыў будынак леснікоўства пераўтварыць у стылізаваную паляўнічую хату. Былі закуплены і завезены лепшыя ўзоры трафеяў: рогі, пудзілы разнастайных жывёлін, якія насяляюць пушчу. На дыванах вісела ўсялякая паляўнічая зброя; нажы, пікі, лукі, арбалеты і сучасныя стрэльбы. Былі і рэдкія экспанаты, годныя знакамітых музеяў. Акрамя таго, на сценах віселі карціны са сцэнамі палявання, дзе сабакі наганялі дзікіх жывёлін і ўступалі з імі ў сутычку. Пачалі завозіць старадаўнюю мэблю, упрыгожаную разьбой, і ўсё неабходнае для выгоды пражывання.
Сімунд спачатку ўклаў свае грошы, а цяпер атрымліваў з казны вялікія дывідэнды. Кожны дзень разам з паручнікам абыходзіў будаўнічыя пляцоўкі. Пад шумок адрамантаваў і сваю кантору. Колькі пры гэтым паклаў разам з галоўным распарадчыкам у сваю кішэнь, гісторыя замоўчвае. Але вынікам іх дзейнасці, уключаючы казначэйства і гарадзенскую палату, усе засталіся задаволеныя.
Читать дальше