— Гэтым дык жывецца, — прамармытаў сабе пад носам Баран не то з захапленнем, не то са злосцю.
Ясь і Баран даследавалі спальню, бо хацелі знайсці патрэбную хованку. Пра яе згадвала і Кітайка. Хутка яны выкрылі каля ссунутых ложкаў вялікую нішу ў сцяне. Магчыма, што некалі тут былі дзверы, а потым іх заклалі цэглай. Гэтая ніша звонку была завешаная вялікай шчыльнай фіранкай. За ёй стаялі два кашы з лазы і некалькі скрыначак. За кашамі было дастаткова месца, каб там мог стаць або нават сесці чалавек. Баран пераклаў на бок розныя дробязі, якія маглі б упасці і нарабіць шуму пры неасцярожным руху. Пасля гэтага Ясь праслізнуў за кашы.
— Зручна там табе? — запытаў Баран.
— Так.
— Адтуль табе будзе відаць цэлы пакой. Глядзі толькі, будзь асцярожны, калі будуць класці туды грошы і ключы. На табе рулю.
Баран падаў Ясю зараджаны рэвальвер ды забраў у яго чаравікі. Потым яны замкнулі акно і фортку, якія выходзілі з ядальні на веранду, зайшлі ў спальню і прычынілі за сабою дзверы. Баран адчыніў акно і вылез у сад. Ясь зашчапіў за ім акно і падцягнуў да акна столік з кветкамі. Цяпер усё выглядала, як і раней.
Ясь застаўся адзін. За пасам у яго быў рэвальвер, калі б раптам здарыўся шухер [34] Шухер — небяспека.
. Ён ціха хадзіў у шкарпэтках па спальні і аглядаў яе, асцярожна свецячы прыкрытым ліхтарыкам. Шафы былі пазамыканыя. Але шуфляды туалетнага століка былі адчыненыя. Ён праверыў іх. Там было шмат скрыначак для біжутэрыі. Некаторыя з іх былі пустыя, у іншых ляжалі пярсцёнкі і брошкі. Ясь нічога не чапаў. Ён перагледзеў на туалетным століку безліч флаконаў з парфумай, разнастайныя скрыначкі і бутэлечкі з касметычнымі рэчывамі. Раптам ён спалохана адскочыў. А потым напаўголасу рассмяяўся. Яго напужаў уласны твар і вочы, што адбіліся ў люстэрку ў святле ліхтарыка.
Гадзіны цягнуліся бясконца. Ясь стаміўся ад чакання. Толькі каля поўначы ён пачуў скрып дзвярэй, якія нехта адчыняў. Ён заскочыў за фіранку і заняў сваё месца за кашамі. Пры гэтым праверыў, ці добра хавае нішу заслона. Прысеў. Устаў. Яшчэ раз пасвяціў ліхтарыкам на падлогу, каб праверыць, што яна пустая і на ёй няма ніякіх рэчаў. Дакрануўся рукою да рэвальвера і чакаў. Ён адчуваў лёгкае хваляванне, але ні каліва не баяўся. Упэўненасці яму дадавала зброя, а таксама ўсведамленне таго, што ягоныя калегі — зусім блізка, у садовай альтанцы. Між імі было дамоўлена, што калі выпадкова гаспадары выкрыюць прысутнасць Яся, то хлопец загадае ім узняць рукі ўверх і легчы на падлогу тварам уніз. Толькі тады ён павінен адчыніць акно ў сад і ўпусціць калегаў. Страляць было нельга. Хіба толькі ў крытычнай сітуацыі дзеля абароны жыцця.
Да вушэй Яся з ядальні даляцеў звон посуду.
«Пэўна, вячэраюць», — падумаў хлопец.
Нарэшце ў дзвярах спальні заскрыгатаў ключ. Потым пакой заліло лагоднае святло ад вялікай лямпы, якая вісела пад столлю. Абажур лямпы быў бледна-жоўты і сваёй формай нагадваў яблык. Пры святле Ясь пабачыў досыць мажнога габрэя гадоў трыццаці пяці і зусім маладзенькую габрэйку, вельмі прыгожую і зграбную. Ёй было не больш за сямнаццаць. Мужчына быў добра пад мухай. Ён недарэчна жартаваў і пахлопваў жонку па целе, перашкаджаючы ёй рассцілаць ложак.
— Супакойся ўжо троху, — раздражнёна сказала маладая габрэйка.
— Навошта супакойвацца? Супакойвацца трэба будзе ў ложку, — зарагатаў муж, ляніва распранаючыся.
Ясь заўважыў, што пінжак ён павесіў на спінцы крэсла, а порткі склаў на сядзенне. Гаспадар дастаў залаты гадзіннік з вялікім, масіўным ланцужком, накруціў яго і паклаў на начным століку. Туды ж ён адклаў два залатыя персцені. Ягоная жонка зняла бранзалет, пярсцёнкі і калье. Усё гэта яна склала на туалетным століку. Потым яна цалкам паскідала ўсё адзенне і нацягнула на голае цела халат. Ясь з цікавасцю глядзеў на прыгожую жанчыну, і тут яму ўзгадаліся тыя жанчыны, за якімі ён падглядаў з дзядзькам у лазні.
Габрэйка пайшла ў пакой для мыцця. Вярнулася праз чвэрць гадзіны. Прысела да туалетнага століка і пачала расчэсваць валасы. Потым спальня напоўнілася далікатным пахам парфумы. Нарэшце яна зняла халат і надзела начную кашулю.
— А ты не будзеш мыцца? — запытала яна ў мужа, забіраючыся пад коўдру.
— Мужчынам гэтага не трэба многа, як жанчынам. Вада — для жанчын, а для мужчын — водка, — адказаў сужэнец, а потым нешта прамовіў на ідыш, чаго Ясь но зразумеў, ды гучна рассмяяўся.
— Ты, мусіць, дурнаваты, — сказала жонка.
Было відаць, што яна злуецца.
Читать дальше