Нехта згасіў лямпу. Успыхнулі электрычныя ліхтарыкі. Казік Марацкі, якога ўжо даўно шукала паліцыя за больш сур’ёзныя справы, дастаў рэвальвер.
Усе паціху, без лішняга паспеху, перайшлі ў адзін з далейшых пакояў. Там яны адсунулі ўбок камоду, а на яе ранейшым месцы адчынілі дзверцы ў падлозе. Уся кампанія спусцілася па драбіне ў склеп. Некаторыя ўжо ведалі гэты выхад.
Цыпа, якая засталася наверсе, зачыніла дзверцы ў склеп і адна перацягнула на месца камоду. Пасля гэтага пайшла ў чайную. У калідоры яна сустрэлася з гарадавым, двума паліцыянтамі і трыма тайнымі сышчыкамі.
— Дзе твае госці? — звярнуўся да Цыпы гарадавы.
— Да мяне ў госці ўвесь горад заходзіць.
— Ты мне тут не хітры! — пасуровеў гарадавы. — Дзе тыя злодзеі, якія прыйшлі да цябе сёння вечарам?
— У мяне дзеці, — адказала Цыпа. — А яны баяцца злодзеяў. Да мяне толькі прыстойныя людзі заходзяць.
Пачаўся вобшук будынку. Злодзеяў шукалі ў шафах, шуфлядах, пад ложкамі.
— Тут былі пташкі! — раптам ускрыкнуў гарадавы, паказваючы рукою на застаўлены бутэлькамі і закуссю стол.
— Вы, мусіць, жартуеце, — спакойна адрэагавала Цыпа. — Тут былі вельмі багатыя гандляры. Яны прадаюць кароў, коней, свіней… У мяне кожны п’е. Нават пан камісар ведае, што я прымаю толькі салідных кліентаў.
Працяг вобшуку далей адбываўся за сталом, пры якім нядаўна сядзелі злодзеі. Цыпа данесла гарэлкі, піва і закусак. Праз гадзіну новая кампанія была ўжо добра п’янай. Раптам гарадавы, які выпадкова піў акурат з кілішка Грамадзяніна, пастукаў ім аб шклянку:
— Давайце вып’ем за здароўе яўнай і тайнай паліцыі! Хай будуць здаровыя тыя, хто, абараняючы маёмасць і жыцці грамадзянаў, не зводзяць вачэй ні ўдзень, ні ўночы, а часам ахвяруюць самі сабою, змагаючыся са злачынцамі. Давайце вып’ем за нас, за апірышча закону і справядлівасці.
Усе выпілі за гэтыя словы з вялікім энтузіязмам. Нават Цыпа была ў захапленні і краем бруднага фартуха выцірала слязінку з правага вока.
— Ах, як жа прыгожа пан гарадавы гаворыць! Так пекна і разумна, як сам рабін!
Праз дзве гадзіны паліцыя выйшла ад Цыпы. Гарадавы хаваў у кішэню заціснутыя ў потнай далоні банкноты, якія Цыпа выпадкова ўсунула яму ў калідоры. Усё закончылася — як звычайна — удала для ўсіх. Толькі Цыпа ўсё ламала галаву, хто з гасцей скраў з сярэдняй шуфляды камоды пятнаццаціметровы адрэз добрага батысту.
«Бадай, гэта быў не пан гарадавы?»
Баран даўно зразумеў, што Паўка яго не кахае. Ён заўважыў, што дзяўчына заўсёды стараецца выцягнуць з яго паболей грошай, што яна мілая з ім толькі тады, калі хоча, каб Баран купіў ёй нешта новае з адзення або дарагое ўпрыгожанне. Але нават усведамляючы ўсё гэта, Алік не пераставаў жарона кахаць Паўлінку. А ягонае пачуццё было поўнае, моцнае і вялікае. Алік сам сябе пераконваў у добрых якасцях сваёй каханай. Яго ўзрушвала ўсё, што сведчыла пра ейны клопат, хоць часцяком злодзей толькі ўнушаў сабе, што Паўка дбае пра яго, а гэта ніяк не адпавядала рэчаіснасці. Паўлінка ж глядзела на Аліка як на добрую крыніцу прыбыткаў і, памятаючы словы маткі, з усіх сілаў старалася выкарыстаць злодзея для свайго ўзбагачэння. Аднойчы Баран крыху пад мухай пасля добрай работы падарыў Паўлінцы дарагі і прыгожы бранзалет. Каханка ў падзяку пачала яго цалаваць і абдымаць. Алік расслабіўся, абмяк і прытуліў да сябе Паўлінку.
— Ведаеш, што я думаю? — прамовіў Баран.
— Кажы, мой Алічак, мой галубок.
— Я думаю, ці не ўладкаваць нам сапраўды добрую шавецкую майстэрню. Я ўзяў бы некалькі чаляднікаў, і пайшла б праца. Быў бы нішто сабе заробак.
Паўка раптам адпіхнула Барана і сказала высокім, поўным злосці голасам:
— А як жа! Зарабіў бы на хлеб і на бульбу! Хопіць мне ўжо гэтага здзеку… Вось, зіма ўжо на носе, а я нават паліта прыстойнага не маю.
— Я ж купіў табе футра!
— Футра?!. Такое футра, што цьфу! Цяпер кожная лафірында мае каракуль, а ён мяне нейкім няшчасным футрам папракае… Забяры сабе! Можаш на сметнік выкінуць! Паглядзіце на яго, які шчодры пан знайшоўся!
Баран панура надзьмуўся і маўчаў. Праз некалькі дзён ён замовіў у добрага краўца для Паўці паліто з каракулевых шкурак. Ягоная даўняя мара, з якою ён увесь час насіўся, каб кінуць зладзейскі занятак і ўрэшце зажыць з Паўцяй сумленна, канула як у ваду. А каханне пусціла ў ягоным сэрцы моцныя карані, і нішто б не змагло вырваць адтуль гэтага пачуцця, хіба толькі смерць. Паўлінка ж у адносінах Барана не мела ні каліва чуласці, нічога нават падобнага да кахання. Бітае сэрца цалкам належала элегантнаму, выкшталцонаму і арыстакратычнаму Анатолю. Дзіўная рэч, але Баран, здаровы, моцны, чысты і статны мужчына з вялікай сілай волі і адважным характарам, чалавек, якому заўсёды можна было даверыцца, які быў абазнаны ў жыцці, разбіраўся ў людзях і меў вялікі розум, так і не здолеў здабыць сэрца Паўлінкі. А Толік, заморак, цяльпук, баязлівец, убогі блазан, ад якога за тры вярсты несла парфумамі, але які насамрэч не дбаў пра чысціню цела, бо не зносіў вады, завалодаў душою Паўці і быў ейным богам. Толік, выкарыстоўваючы Паўку як жанчыну, часта залазіў таксама да яе ў кішэню. Ён увесь час пазычаў у яе грошы, якія ніколі не вяртаў, і патрабаваў падарункаў.
Читать дальше