Аднойчы Алік павёў Паўцю на кватэру да знаёмага ювеліра, які таксама займаўся скупам крадзенага ў найлепшых і самых надзейных злодзеяў. Баран хацеў купіць каханцы завушніцы. Разам яны перагледзелі шмат каштоўных рэчаў. Калі Алік выбраў дзяўчыне прыгожыя, дарагія завушніцы, яна прычапілася да яго, каб ён абавязкова таксама купіў вялікі, масіўны персцень з рубінам.
— Навошта ён табе? — здзівіўся Баран.
— Вельмі мне падабаецца… Можа, падару бацьку, калі памірымся.
Баран купіў Паўцы, акрамя завушніцаў, і персцень з рубінам, а таксама яшчэ два пярсцёнкі.
Праз некалькі тыдняў Баран, вяртаючыся ад Стася Рамізніка, зайшоў у цырульню Анатоля на скрыжаванні Сляпянскай і Захар’сўекай. Стомлены Алік, які кепска спаў апошняй ноччу, задумаўшыся, цяжка ўсеўся ў фатэлі.
Толік, пабачыўшы кліента, адклаў убок кнігу пра графаў і паслужліва пацёр рукі.
— Чым магу служыць шаноўнаму пану?
Толік ледзь не дадаў «графу» да свайго звароту, але паўстрымаўся.
— Галенне! — коратка адрэзаў Баран.
Цырульнік узяўся за справу. Ён намыльваў, галіў, расчэсваў, а адначасова без перапынку мянціў языком, пераказваючы нейкія пустыя банальнасці і плёткі. Гэтак ён забаўляў кліента, які ўпарта маўчаў і прыдрэмваў. Раптам Баран ажывіўся. Ягоную ўвагу звярнуў дужы персцень з рубінам, які быў у цырульніка на сярэднім пальцы правай рукі.
— Але і прыгожы персцень у вас! — сказаў з захапленнем Баран.
Толік шырока ўсміхнуўся, паказаўшы чорныя і жоўтыя пянькі зубоў.
— А, так-так… Калекцыянерская рэч…
— Купілі ці нехта падарыў на памяць? — нібы абыякава распытваў Алік.
— Падарылі, падарылі, — усміхаўся Толік.
— Пэўна, ад жанчыны? — Баран па-змоўніцку падміргнуў.
— Угадалі, угадалі! — жвава пацвердзіў Толік. — Ляцяць на мяне розныя прасталыткі як пчолы на мёд. І што яны ўва мне бачаць, то і сказаць цяжка.
— Ну чаму? — сур’ёзна прамовіў Баран. — Такі элегантны мужчына любой галаву закруціць.
— Хі-хі-хі!.. — запішчаў Толік.
— Можа, дазволіце паглядзець на персцень?
— Вядома, калі ласка!
Толік сашмаргнуў з сярэдніка велікаваты персцень і падаў Барану. Злодзей уважліва агледзеў яго і пераканаўся, што гэта той самы персцень, які ён нядаўна купіў на просьбу Паўлінкі.
«Няўжо Паўця з такім піжонам гуляе?!» — падумаў Баран.
З гэтай пары Баран пачаў уважліва назіраць за Паўлінкай. Ён прыгадаў сабе, што Паўця, спаслаўшыся на розныя прычыны, некалькі разоў хадзіла начаваць да цётак, да Баляў. Цяпер тыя тлумачэнні падаліся Барану падазронымі. Ён добра памятаў, што пасля кожнага начлегу ў Баляў Паўця вярталася вельмі задаволеная і была тады асабліва мілай і ласкавай да яго. Калі Алік часам казаў, што не вернецца на ноч, палюбоўніца заўсёды прымала гэта ахвотна і без пярэчанняў. Баран аднатаваў яшчэ шмат дробных фактаў, якія пацвярджалі ягоныя падазрэнні.
Алік нічога не сказаў Паўлінцы. Ён і далей быў да яе ветлівы, мілы, яго паводзіны ў адносінах дзяўчыны ніяк не змяніліся. Праз некалькі дзён Паўця, лашчачыся да Аліка, сказала:
— Сёння вечарам я хачу пайсці да Лідзіі. Яна заканчвае шыць мне сукенку. Пайду пасля вячэры, каб ты не быў галодны. Добра?
— Добра.
— Можа, там і на ноч застануся. Не надта люблю вяртацца поначы дадому. А гэта радня як-ніяк… Ці ж не праўда?.. Дай мне троху грошай, дык куплю ім якога пячэння, а для Уладзя троху гарэлкі. Ён заўсёды такі добры да мяне.
— Вазьмі грошай, колькі трэба.
Алік даў ёй банкноты. Паўця пасля вячэры надзела найлепшую сукенку і ўбралася так, нібыта ішла ў горад на нейкае свята. Алік папярэдзіў яе, што таксама выходзіць па сваіх справах. Ён развітаўся з ёю і папрасіў: «Кланяйся там усім ад мяне». Але злодзей не пайшоў у цэнтр, а скіраваўся ў бок Камароўкі. На вуліцы Слялянскай, недалёка ад цырульні Толіка, ён знайшоў зручны пункт для назіранняў і чакаў. Праз чвэрць гадзіны ён распазнаў у паўзмроку добра вядомую яму фігуру. Паўлінка хутка ішла ходнікам па правым баку вуліцы. Каля брамкі, якая вяла ў падворак цырульні, яна прыпынілася, азірнулася па баках, але, не заўважыўшы нічога, зайшла на дзядзінец.
Баран жвавым, ало бясшумным крокам прафесійнага злодзея наблізіўся да брамкі. Ён чуў стук у дзверы цырульні, якія выходзілі на падворак. Потым раздаўся прыглушаны голас Паўці:
— Толічак, адчыні, гэта я!
Дзверы адчыніліся, і праз смугу святла ўсярэдзіну праслізнуў Паўчын сілуэт. Баран застаўся бяздумна стаяць у адчыненай брамцы. Потым развярнуўся і вельмі павольна пабрыў назад.
Читать дальше