Філіп і Баран ачысцілі на паддашку вялікі кавалак падлогі, згарнуўшы на бок пясок, якім быў прысыпаны першы слой дошак. Потым яны пачалі свідраваць дзіры ўпоперак лініі дошак. Калі яны выкруцілі больш за дзясятак дзірак у адлегласці каля сантыметра адна ад другой, то пілой пачалі праразаць прастору паміж імі. Адсюль і ўзнік шум, які Ясь прыпыніў ударам каменя аб дах. Калегі перасталі працаваць, але адразу ж пачулі ўдары двух наступных каменьчыкаў і зразумелі, што мусяць быць цішэйшымі. Яны адклалі ўбок пілку і рэзалі дрэва паміж дзіркамі нажом або рвалі шабрам.
Калі ім удалося зняць частку верхніх дошак, то ўтварылася чатырохвугольная адтуліна дыяметрам больш за метр. Пад дошкамі быў тоўсты слой гліны і моху. Калегі выбралі гэта з дапамогай шабра і выкінулі ўсё на падлогу паддашка. Паказаліся дошкі, якія ўтваралі сапраўдную столь памяшкання, якое было пад імі.
Філіп высвідраваў пасярэдзіне гэтага квадрата чатыры дзіркі. Яны былі шчыльна размешчаныя адна каля адной і амаль злучаліся сваімі краямі. Ён выразаў прастору паміж імі нажом і выняў чатырохвугольны кавалак дошкі, з якой адпаў тынк, узняўшы ў краме досыць вялікі шум. Ясь зноў іх перасцярог, кінуўшы каменьчык у дах.
Затым супольнікі ўсунулі праз дзірку парасон, які, пакруціўшы ручкай, раскрылі. Да некалькіх канцоў парасонавых спіраў былі прывязаныя моцныя, але тонкія шнуркі. Яны мелі захаваць парасон, каб той не зламаўся і не паляцеў уніз, калі б са столі ў яго ўпала шмат абломкаў тынку. Раскладзены парасон затрымліваў тынкоўку, якая адлятала зверху, і не даваў ёй біць шкло ў вітрынах і на прылаўку ды ўзнімаць шум.
Калегі выразалі дзірку і ў другім слоі дошак, паўтарыўшы ўсё тое ж, што яны рабілі папярэдне. Праўда, цяпер адтуліна была крыху вузейшай, але, нягледзячы на гэта, праз яе лёгка можна было пралезці ў краму. Супольнікі ачысцілі ад смецця, гліны і пяску краі дзіркі, і Баран спусціўся па вяроўцы ўніз. Там ён няспешна і дакладна пазасланяў вялікімі кавалкамі кардону вокны і дзверы, каб ніводзін прамень святла не прабіўся вонкі… Так зрабіць ён вырашыў хутчэй праз асцярожнасць, бо і на дзвярах, і на вокнах былі жалезныя жалюзі. Але калегі планавалі працаваць са святлом, каб ахайна спакаваць тавар, а нават самая малая незаўважаная шчыліна магла іх выдаць. Калі Баран скончыў засланяць вокны і дзверы, даў сігнал Філіпу, а той рассунуў дошкі па паддашку і ціхенька паклікаў Яся, шэптам наказаўшы яму праверыць з вуліцы, ці не відаць святла. Хлопец неўзабаве вярнуўся і далажыў, што ў краме зусім цёмна. Філіп загадаў яму залезці на гарышча. Абодва яны праз адтуліну ў дошках злезлі па вяроўцы ў краму. Там было светла. Баран запаліў некалькі свечак і пры іх святле сартаваў тавар.
Яны расклалі на падлозе асобнымі кучкамі розныя віды тавару. Перад гэтым рэчы трэба было дастаць з апанавання і скрыначак, каб яны займалі менш месца. Гэта было заданне Яся і Барана. Філіп жа складаў рэчы ў прадаўгаватыя пакункі, якія было б зручна падаваць наверх. Паперы, каб абгортваць пакункі, і шнуркоў для абвязвання ў краме было навалам, таму Філіп тут не ашчаджаў.
Калегі не спяшаліся. Часу ў іх было дастаткова. Працаваць яны пачалі ў суботу вечарам, а назаўтра, у нядзелю, усе крамы былі зачыненыя, таму забраць тавар яны планавалі толькі ў нядзелю пад вечар.
Праз некалькі гадзінаў праца была скончаная. Найлепшы тавар яны спакавалі ў 15 скруткаў. У краме засталіся толькі танныя рэчы, якія займалі шмат месца, напрыклад, кардон, пакавальная папера, сшыткі, дзіцячыя цацкі, розныя дробязі са шкла і гэтак далей.
На світанні калегі вылезлі з крамы. Пакункі з таварамі яны дасталі на гарышча праз адтуліну ў столі і паклалі іх каля расхістаных дошак, адсунуўшы якія, можна было выйсці на дах прыбудоўкі.
Калегі дамовіліся, што Ясь і Баран прыедуць па тавар пасля змяркання на возе, які пазычаць у Стася. Філіп меў чакаць іх на вуліцы.
Пасля ўсяго паны-злодзеі пайшлі дадому адпачываць, на што яны заслужана мелі права.
Назаўтра ўвечары Ясь і Баран прыехалі фурманкай на Петрапаўлаўскую вуліцу. Стась прыпыніў каня каля брамы непадалёк і злез з казлоў. Тут ён меў чакаць тавар.
Філіп залез на дах прыбудоўкі, а адтуль на паддашак будынку, дзе была крама. Пакункі з рэчамі ён проста скідваў на дзядзінец, а Ясь і Алік збіралі іх і выносілі на вуліцу. Праз некаторы час цалкам загружаная павозка, у якую сеў таксама Баран, выехала з вуліцы Петрапаўлаўскай. Ясь і Філіп пайшлі да скупшчыка пехатою.
Читать дальше