Філіп не застаў Барана ўдома. Ён элегантна пакланіўся Паўлінцы і сказаў:
— Маё шанаванне, мадам!
— Добры дзень! Вы да Аліка?
— Натуральна. Я маю да яго асабісты, першага класу гандлёвы інтэрас.
«Няўжо і гэта злодзей», — падумала Паўлінка, гледзячы на дастойную высокую фігуру Філіпа, яго экстраэлегантны строй, крыху лысаватую галаву, якая блішчала ад чарговага фантастычнага сродку для росту валасоў.
— Сядайце, калі ласка, — ветліва прапанавала Паўлінка.
— Прадстаўлюся пані, — урачыста прамовіў Філіп. — Князь Разумоўскі, — Філіп паціснуў і пацалаваў Паўлінчыну далонь.
Паўця, якую збянтэжыў тытул і элегантнасць госця, залілася чырванню, а Філіп вырабляўся далей. Ён ведаў ад Аліка, што той жыве з фраеркай, таму лічыў, што можа пускаць дым у вочы, колькі ўлезе. Натуральна, ён не перакрочыў бы мяжы, пасля якой мянчэнне языком ператварылася б у заляцанне да марухі калегі. Ён быў старым блатным і глыбока шанаваў непісаныя правілы і зладзейскія традыцыі. Але чаму б і не пазадавацца перад прыгожай жанчынай?
— Я, можа, крыху не ў час, — сказаў Філіп. — Але я ахвотна пабуду ў таварыстве такой цудоўнай кабеты. Адзін заолаг неяк сказаў: «Жанчыны — гэта кветкі ў раі Магамета». А што можа быць лепшае за кампанію прыгожай ружы? Чалавек ужо пры жыцці можа адчуць сябе як у раі.
Філіп, які ўвесь час пагардліва надзімаў губы, пазяхаў і меў кіслую міну, перад Паўлінкай расправіў пёры, каб падкрэсліць сваю паважнасць і блатнярскую саліднасць. Ён быў дасціпны, вясёлы, безупынку сыпаў жартамі і прымаўкамі. Паўлінка была ў захапленні ад новага госця. «Вось каб мой Алік быў такі. А то маўчыць як пень, а вочы як нажы. Але гэты, пэўна, не злодзей».
Праз гадзіну з гораду вярнуўся Баран, які разам з Ясем хадзіў агледзець адну работу. Гэта была самастойная ідэя Яся і ягоная прапанова. На вуліцы Захар’еўскай, насупраць Кветкавага скверу, была вялікая малочная крама. Там прадавалі сыры, малако, смятану. Гандаль ішоў бойка, і напрыканцы дня ў касе збіралася шмат гатоўкі. Ясь даволі доўга назіраў і прыйшоў да высновы, што гаспадары крамы вечарам не забіраюць грошай. Хлопец, стараючыся добра падрыхтавацца да работы, дакладна праверыў тэрыторыю і знайшоў невялікія жалезныя дзверы, якія вялі ў краму з чорнага ўваходу і размяшчаліся ў цёмным закутку каля сходаў. Тымі дзвярамі не карысталіся. На дзвярной скабе вісеў іржавы навясны замок, але знутры дзверы маглі трымаць засаўкі або крукі. Спачатку Ясь меркаваў, што ўвайсці ў краму праз чорны ўваход не атрымаецца, нават калі ўдасца зняць навясны замок і адчыніць адмычкай дзверы. Ён, аднак, не пераставаў круціцца каля крамы, безупынна абдумваючы, як абрабіць павука. Яго вабіла гатоўка, натхняла жаданне самастойна скласці план грунтоўнай работы.
Праз некаторы час у яго нарадзілася такая ідэя. Ён адзначыў, што кожны дзень пад малочную краму пад’язджае крыты воз, і з яго разгружаюць скрынкі з маслам і сырамі, слоікі з малаком. Большую частку тавару праз краму зносілі ў малы пакойчык ззаду, менавіта туды і вялі знадворку жалезныя дзверы.
Ясь заўважыў, што тавар цягаюць не толькі фурман і работнік, якія прыязджаюць возам, але і мужчынскі персанал крамы, акрамя самога ўладальніка. А ў краме працавалі два дарослыя мужчыны, дзве жанчыны і адзін малады хлопец. Таму звычайна тавар разгружалі ад трох да пяці мужчынаў. Ясь падумаў: «Калі я вазьму з воза адну скрынку з маслам і панясу ў краму, то тыя з воза будуць думаць, што я з крамы, а ў краме падумаюць, што я прывёз тавар і ім дапамагаю. Калі нехта нешта заўважыць, то скажу, што хацеў ім дапамагчы».
Спачатку Ясь планаваў занесці скрынку ў тыльны пакой у краме і там схавацца, перад гэтым адамкнуўшы звонку два замкі. Вечарам, калі б краму зачынілі, ён мог бы зрабіць работу і выйсці праз чорны выхад… Але крыху падумаўшы, ён адмовіўся ад такога плану. У краме магло не быць месца, каб схавацца. Яго прысутнасць маглі выкрыць. Урэшце нашмат прасцей было адамкнуць дзверы знутры, а вечарам, пасля закрыцця крамы, адчыніць дзверы звонку і ўвайсці ў краму.
Праз некалькі дзён Ясь, які падышоў да крамы, трапіў акурат на дастаўку тавару. Воз спыніўся перад будынкам, і пачалася разгрузка. У краме было шмат пакупнікоў, таму дапамагаць фурманам выйшаў толькі адзін прадавец. Ясь зняў з галавы шапку і ўсунуў яе ў кішэню. Увайшоў у краму. А потым, калі прадавец і фурман разам панеслі вялікую скрыню, Ясь без шапкі выйшаў на вуліцу, узяў на плечы меншую скрынку і панёс яе ў краму. Прадавец і фурман выходзілі з пакойчыка, калі Ясь туды ўвайшоў. Ясь паставіў скрынку на нейкай паліцы і спешна выняў ліхтарык. У яго святле злева ад сябе, у задняй сцяне пакою ён распазнаў жалезныя дзверы. Яны былі зачыненыя на вялікую засаўку і два крукі. Ясь хутка рынуўся да іх. Засаўка паддалася адразу ж, затое адзін з крукоў заеў, і Ясь, учапіўшыся аберуч, ледзь змог яго адшчапіць. Крыху ўстрывожаны, ён выйшаў у гандлёвую залу і пачакаў у чарзе, пакуль прадавец і фурман не ўвайшлі з вуліцы з наступнай скрыняй. Пасля гэтага Ясь надзеў на галаву тапку, выйшаў з крамы і хутка пашыбаваў у пошуках свайго настаўніка.
Читать дальше