Ясь пачаў прапускаць заняткі і ўсё радзей заходзіў да Марусі. Усё часцей ягоны позірк затрымліваўся на іншых жанчынах, штораз меней яго цікавіла Лобава. Ён вырашыў нават, што перастане наагул да яе хадзіць. Але праходзіла некалькі дзён, і звычайная фізічная цяга зноў кідала хлопца ў ейныя абдымкі. Ён лічыў гэта слабасцю. Ён прысягаў сам сабе, што закончыць з гэтым раз і назаўсёды, і трымаўся некаторы час, да чарговага граху. У ім пачала расці непрыязнасць да гэтай жанчыны як да прычыны ягоных «паразаў», але патрэба зноў гнала яго да Марусі як нявольніка, які курчыўся ад сораму сам перад сабою. Ён быў з ёю штораз больш рэзкі, ігнараваў ейныя пяшчоты і паддобрыванне, і стараўся як мага хутчэй, заспакоіўшы сваю цялесную патрэбу, яе пакінуць.
На пачатку іхнага раману Маруся думала, што Ясь закахаўся ў яе. Яна меркавала, што да яе ў рукі трапіў хлопчык без досведу, якім яна зможа кіраваць, як захоча. Пазней яна заўважыла, што Ясь яе пазбягае, не любіць ейных пацалункаў. І толькі тады зразумела, што служыць яму дзеля заспакойвання разбуджаных жаданняў ягонай плоці. Але ў той жа час сама яна адчула, што прывязалася да яго. Аднак у гэтым не было элементаў сапраўднага кахання, хутчэй, гэта была любоў да самой сябе… і абраза, што не можа ўтрымаць у кулаку такога недасведчанага партнёра. І ўсё ж зграбны, моцны, прыгожы хлопец завалодаў усімі ейнымі думкамі, і ёй цяжка было прымірыцца з ягонай абыякавасцю. Аднаго разу Маруся запытала ў Яся:
— А ты мяне кахаеш?
Ясь, агаломшаны неспадзяваным пытаннем, маўчаў.
— Ну, кажы! — настойвала жанчына.
— Так… — няўпэўнена адказаў Ясь.
— Так, так, — перадражніла яго Маруся. — Гэтак і качка скажа. Ты скажы шчыра…
— Я не ведаю, — адказаў Ясь.
— Чаму не ведаеш?
— Не ведаю, ці кахаю, і ўвогуле, што значыць тое каханне.
— Каханне — гэта тады, калі хочаш мяне больш за іншых жанчын… Увесь час думаеш толькі пра мяне, сумуеш па мне… Ну, разумееш?
— Разумею.
— Ну, і што?..
— І то, што я цябе не кахаю, — шчыра і спакойна сказаў Ясь.
— Та-а-а-к!.. Ах ты, подлы! Подлы! Гнюсны! Я цябе вучу, я для цябе стараюся, а табе ўся цалкам аддалася, а ты такі!
Маруся ўся налілася чырванню. У яе вачах успыхнулі іскры злосці.
— Ты сама захацела. Я цябе не прасіў… Ты рабіла, што хацела, а я цябе слухаўся, — спакойна сказаў Ясь.
— Тады пайшоў вон, дурань! — крыкнула Маруся.
Ясь няспешна ўстаў з месца і выйшаў, сказаўшы:
— Да пабачэння.
Ён быў абсалютна спакойны. Хлопец адчуваў, што мае рацыю. Прыкідвацца закаханым у Марусю падавалася яму гідкім. Ён наагул ненавідзеў падман, які будаваўся на баязлівасці або на карыслівасці.
Праз некалькі дзён, у нядзелю, Ясь спаткаў Марусю на вуліцы недалёка ад дому. Сустрэча не была выпадковай. Маруся папярэдне заўважыла, што Ясь па дарозе ў горад зазірнуў да манцёра, таму выйшла на двор і памалу ішла ў ягоны бок, чакаючы, калі ён выйдзе ад суседа.
— Добры дзень! — ветліва прывітаўся з ёю Ясь, выйшаўшы ад манцёра.
— Добры дзень! — весела адказала Маруся. — Можа, завядзеш мяне ў кіно?
— Добра, — адразу ж згадзіўся Ясь.
Па дарозе яны гарэзліва і нязмушана размаўлялі. Маруся была ў вельмі добрым настроі: вясёлая, дасціпная, мілая. Ясю гэта падабалася, і калі напачатку ён быў крыху насцярожаны, то хутка памякчэў і таксама зрабіўся гуллівы і свавольны. Цяпер яму было з ёй вельмі прыемна. Хлопец не мог пазнаць жанчыны, якая яго тыранізавала і глядзела на яго звышку.
Лобава зразумела, што мусіць змяніць сваё стаўленне да Яся. Яна адчула, што хутчэй дабрынёй зможа яго ўтрымаць пры сабе. А яна вельмі хацела гэта зрабіць. Акрамя таго, што ёй быў патрэбны мужчына, у ейным жыцці разгаралася новае сапраўднае каханне. Яна ўсвядоміла гэта толькі тады, калі Ясь на некаторы час ад яе аддаліўся.
Іхны раман трываў далей. Але цяпер Ясь граў у ім першую скрыпку. Ён не навязваў каханцы сваёй волі, жанчына сама па сабе стала ў адносінах яго мяккай, далікатнай і ўсяляк старалася яму падабацца.
Аднойчы Аліка Барана наведаў Філіп Лысы. Мала хто ў зладзейскім свеце ведаў, дзе жыве Алік Мангол. Мангол — гэта была мянушка, якую яму далі, пэўна, з-за яго крыху касых вачэй і скулаў, якія выступалі на твары. Філіп Лысы належаў да нешматлікіх прафесійных злодзеяў Менску, з якімі Баран дачыняўся як з раўнёй. У злодзеяў гэтая іерархія выбудоўваецца паводле спрыту, досведу, а перадусім характару. Яны маюць нават асаблівае слова: «характэрны». Напрыклад, «характэрны хлопец» — гэта варты даверу, смелы, салідны як калега, не круцель, заўсёды трымае слова.
Читать дальше