Ясь узяў з аднаго з пакункаў дробку крышталёў галыну і пачаў іх разглядваць. Ні сваёй формай, ні колерам яны не адрозніваліся ад крышталёў лімоннай кіслаты. Ён узяў некалькі драбінак на язык і таксама пераканаўся, што на смак цяжка было разабрацца, што гэта падробка.
Баран змясціў усё, што яны нарыхтавалі, пад ложкам і абвесціў, што продажам яны зоймуцца заўтра.
— Разумееш, трэба ўсё гэта прадаць за адзін дзень. Пазней ніхто не возьме ў цябе і кілаграма. Не варта будзе гэтым займацца, хіба вельмі хочаш у турму трапіць…
Першапачаткова Баран планаваў падключыць Яся да продажу фальшывай лімоннай кіслаты, але, падумаўшы, адкінуў ідэю. На працы ён давяраў толькі сабе. І трываў на працы ён толькі прафесійных злодзеяў, адмыслоўцаў у пэўнай зладзейскай галіне. І хоць сам ён быў «гігантам», не вельмі давяраў працы і досведу сваіх калегаў, якія хапаліся за любую работу. Ён лічыў, што добры скокер [29] Скокер — кватэрны злодзей, які працуе ўдзень (медзвяжатнік).
— той, хто адным «скокам» і займаецца. Сапраўдны даліншчык — толькі той, хто «ходзіць па даліне», і гэтак далей. Хоць звычайным людзям зладзейскі занятак падаецца нечым лёгкім і простым, але насамрэч для гэтага патрэбны вялізны спрыт, веды і досвед. Адсюль бярэцца часам шырокая спецыялізацыя сярод блатных. Вядома, часта даводзіцца выходзіць па-за вузкі абсяг свайго асноўнага занятку. Напрыклад, дзённы злодзей-кватэрнік часам ідзе на «шніф». Або начны злодзей робіць «скок». Але на гэта яны наважваюцца толькі тады, калі няма іншага выйсця — даціскае нястача або сама работа ідзе ў рукі. Лекар унутраных хваробаў таксама часам мусіць выканаць хірургічную працэдуру. Але гэта ўжо лічыцца адхіленнем ад ягонай спецыяльнасці.
Што датычыць супрацы з фраерамі, то добры злодзей вельмі неахвотна на яе згаджаецца. З гэтага вынікае столькі праблемаў і недарэчнасцяў, што, у прынцыпе, злодзеі лічаць такую супрацу простай дарогай у турму. Таму і Баран пасля нядоўгіх роздумаў пастанавіў абысціся без Ясевай дапамогі, а ўсю падробленую лімонную кіслату прадаць самастойна.
Назаўтра Алік Баран апрануў новы плашч, сіні капялюш і насунуў на нос акуляры. Ясь ледзьве пазнаў яго ў такім убранні і міжволі зарагатаў. Барану гэта спадабалася.
— Не пазнаў бы мяне потым?.. Што скажаш?..
— Ніколі ў жыцці! — адказаў Ясь.
— Ну, то і клёва!
Настаўнік і вучань адправіліся на заданне. Баран нёс два пакункі лімоннай кіслаты. Ясь цягнуў у кашы чатыры пакункі. Гандляваць яны пачалі на Хрышчэнскай вуліцы. Там Баран прадаў два пакункі, загадаў Ясю ўзяць фурманку, ехаць дадому і як найхутчэй прывезці яшчэ шэсць пакункаў. Дамовіліся спаткацца на Кветкавым бульвары. Апошнюю партыю Баран прадаў на Маскоўскай вуліцы, недалёка ад вакзалу. На ўсё гэта ім спатрэбілася чатыры гадзіны. Мала якая крама не купіла лімоннай кіслаты на рэалізацыю. На Ясеву просьбу Баран дазволіў яму прадаць апошні пакунак тавару.
Ясь зайшоў у краму на Маскоўскай вуліцы. Там акурат было шмат кліентаў. Ясь звярнуўся да сталага габрэя, які акурат нешта важыў:
— Можа, купіце лімонную кіслату?
Купец адразу зацікавіўся, бо ў тыя часы гэта быў рэдкі тавар.
— А шмат маеш?
— Тры кілаграмы.
— За колькі?
— Шэсцьсот рублёў кіля. Але прадаю ўсё разам.
— Пакажы.
Купец забраў пакунак. Узяў на палец і паспрабаваў на язык адзін крышталь з самага верху, другі — з сярэдзіны, разгарнуў крышталі пальцамі і зазірнуў глыбей.
— Заплачу пяцьсот пяцьдзясят.
Ясь ведаў, што Алік некалькі партыяў прадаў нават за пяцьсот рублёў, але тут заўпарціўся, што танней не аддасць.
— Як не хочаце купіць па шэсцьсот, то ў іншым месцы возьмуць па шэсцьсот пяцьдзясят.
Купец узяў тавар, узважыў і заплаціў Ясю тысячу восемсот ост-рублёў. Ясь весела вылецеў да Аліка і ўрачыста перадаў яму грошы.
— Тысяча васемсот… — сказаў ён з радасцю ў голасе.
— Клёва, — абыякава прамовіў Баран.
Поўны гонару, Ясь ішоў побач з Алікам і ўвесь свяціўся ад захаплення. На Падгорнай вуліцы Баран завёў хлопца ў прытон, дзе нелегальна прадавалі гарэлку, марфін і какаін. Гэта было месца спатканняў для абраных. Сюды захаджвалі нават паліцыянты, бо тут заўсёды быў свежы тавар… як жывы, так і наркотыкі.
Баран і Ясь селі ў асобным пакоі. Алік замовіў чвэрць літра каньяку і сардзінкі. Выпілі па кілішку.
— За ўдачу, — сказаў Баран, узняўшы кілішак.
Потым Алік папрасіў Яся падлічыць прыбытак.
Калі яны аднялі выдаткі на сыравіну і акруглілі суму, то выйшла, што настаўнік і ягоны асістэнт зарабілі за дзень трыццаць чатыры тысячы ост-рублёў. Ясю гэтая сума здалася фантастычнай. Баран быў абыякавы. Ён лічыў грошы. Адлічыўшы шэсць тысячаў восемсот рублёў, ён падсунуў іх па стале ў бок Яся:
Читать дальше