— Ты, жыдоўская падла!
Раптам Давідка адвярнуўся і плюнуў крыўдзіцелю ў твар. Замахнуўся, каб ударыць, але ўпаў ад двух трапных стрэлаў запар.
А ў магіле стаяў Кася Смяхотка і вачыма пераляканага дзіцяці глядзеў на крывавы забой. Сонца, якое цяпер усплыло з-за гарызонту, ружовымі промнямі лашчыла ягоны твар. Ён пазіраў у нямым здранцвенні. Некалькі стрэлаў зліліся ў адзіны гук. Большасць куляў трапіла ў твар. Адна з іх у вока. Кася Смяхотка паспеў ускінуць рукі ўгору — ён закрываў твар, нібы хацеў засланіць яго ад болю або выцерці крывавыя слёзы. Потым асунуўся ў дол.
Сонца ўзышло, прыемнае, лагоднае, прамяністае, добрае. Яно несла людзям святло, цеплыню, жыццё…
Гэтак загінуў Баран, і памяць пра яго прамінула. Ацалелі толькі мёртвыя акты ў шматлікіх судах і турмах. І засталася бясконцая туга па ім у верным сэрцы сабакі па клічцы Мілы…
х х х
Бальшавікі ўцякалі з Менска.
Першымі далі драла камісары і чыноўнікі. Запланаваная эвакуацыя ў Смаленск ляснулася, як прусакі на марозе.
Шэрая, колеру вошай, салдацкая маса пхнулася ўсімі дарогамі на ўсход — туды, адкуль і прыйшла.
Палякі ціснулі з захаду.
Моніч сігануў на Барысаўскі тракт. Уступіў у бой з вялікімі бальшавіцкімі аддзеламі і, хоць добра ім заліў лою за скуру, сам таксама атрымаў і ў хвост і ў грыву. З атрада, які налічваў з паўсотні чалавек, забілі адзінаццаць партызанаў, а ранілі блізу дваццаці. У яго самога была прастрэленая левая далонь.
Атрад адступіў у лясы.
Моніч выслаў Яся ў горад. Хлопец мусіў як мага хутчэй даставіць ліст Уменскаму. Ясь ужо некалькі разоў выконваў такія даручэнні. Ён ахвотна сабраўся ў дарогу. Цешыўся, што пабачыць пры нагодзе Настку, а таксама ўладзіць некаторыя свае справы.
Заданне было пільным, і Ясь рушыў гэтай жа ноччу.
Раніцай пастукаўся ў дзверы да Уменскага. Манцёр адчыніў, і яны ўвайшлі ўсярэдзіну. Уменскі прачытаў ліст. Было заўважна, што ён знерваваўся. Хмурна спаглядаў перад сабою і сціскаў жалезныя кулакі. Потым устаў. Зрабіў некалькі крокаў да парога. Развярнуўся.
— Разумееш, — пачаў ён сіпла. — Ён вар’ят! Кідаецца на плоткі, а тут шчупакі плывуць! І што цяпер?.. Я ж пісаў яму, каб падышоў да горада, даў сувязнога і чакаў! Усё было б наша.
Крэкчучы і прыцмокваючы, ён замітусіўся па пакоі. Ясь не ведаў добра, пра што вядзецца. Здагадваўся, праўда, што Моніч дарэмна ўвязаўся ў бой замест таго, каб перамясціцца пад Менск і, паводле падказак Уменскага, адсекчы больш значныя сілы чырвонаармейцаў. А самае галоўнае, трэба было не дазволіць бальшавікам вывезці нарабаванае.
— Сядзі тут! Я цябе замкну. Вярнуся праз дзве гадзіны, — паабяцаў манцёр. — Ежа ў шафцы.
— Я буду спаць!
— Добра.
Манцёр выйшаў. Ясь, знябыты пазаўчорашнім лясным маршам, дзённым боем і даволі доўгай дарогай, патрабаваў адпачынку. Калі за манцёрам бразнулі дзверы, ён лёг і адразу заснуў.
Прачнуўся блізу палудня. Уменскі ўжо быў дома. Ён не выглядаў усхваляваным, але калі пачаў гаварыць, то стала ясна, што ў ягоных грудзях ўсё клякоча.
— Пайду сам!.. Не магу на гэта глядзець!..
Цяжка патупаў да шафы ў іншым канцы пакоя і адсунуў яе ад сцяны. У верхнюю ліштву шафы ззаду былі ўбітыя цвікі, а на іх вісела некалькі нямецкіх карабінаў і больш як дзясятак патронных стужак. Ён упохапкі зарадзіў карабін. Узяў чатыры патронніцы. Падышоў да акна і адчыніў яго. Папхнуў у бакі аканіцы. Сонечнае святло заліло пакой.
Вуліцай цягнуліся бальшавіцкія абозы. Наўкол крычалі. Пануквалі коней. На вазах, закладзеных цывільнымі рэчамі — «ваеннымі трафеямі» — ехалі чырвонаармейцы.
Ясь падышоў да манцёра.
— Што ты надумаўся рабіць?
Уменскі не адвярнуў галавы. Ясь пачуў:
— Чакаю прамежку… Затрымаю рэшту…
«З глуздоў злузнуўся, мабыць?»
Ясь з цікавасцю ўзіраўся на вуліцу. Туркатанне колаў сцішылася. Набліжаўся канец абозу. Толькі ўдалечыні з горкі каціліся вазы наступнага табару. Выпадкова ўзнік прамежак.
Раптам манцёр — здавалася б цяжкі і нехлямяжы — лёгка скочыў на падаконне, а адтуль на вуліцу. З карабінам і патронамі схаваўся пры браме.
Ясь падышоў да шафы. Таксама ўзяў карабін і некалькі патронніц. Прысеў са зброяй каля акна і ўляпіў зрок налева, угору вуліцы Захар’еўскай. Адтуль выплывала чарговая калона. Хлопец саскочыў на вуліцу. Яму зрабілася горача… Дзень быў спякотны, нават без слабага ветрыку. Прыгнуўшыся, Ясь перабег на іншы бок маставой. Унурыўся ў нішу пры ўваходзе ў жаночую гімназію. Гэта была досыць вялікая камяніца на рагу вуліц Садовай і Захар’еўскай. Амаль насупраць была ўязная брама на дзядзінец электрастанцыі.
Читать дальше