Чорны варанок вывалакся з турэмнай брамы ў горад. А потым пакаціўся цэнтральнымі вуліцамі — гук рухавіка змусіў сарвацца з ложкаў і прыпасці да вокнаў безліч устрывожаных людзей.
На Камароўцы, пад лесам, калючым дротам была абгароджаная вялікая пляцоўка. Гэта быў прастакутнік з адной пярэрвай на ўезд для машын. Спачатку расстрэльвалі на адкрытай прасторы. Алё некалькі разоў смяротнікі кідаліся наўцёкі, нягледзячы на рызыку. Некалькім нават удалося ўратавацца. Пасля гэтага месца расправы абгарадзілі калючым дротам.
Трупы закопвалі неглыбока, часам толькі прысыпалі зверху пяском. У шмат якіх месцах з зямлі вытыркалі людскія канцавіны. Агідны пах раскладання разносіўся далёка навокал.
Ужо развіднела, калі варанок апынуўся на месцы экзекуцыі. Канваіры першымі пакінулі аўтамабіль. Потым загадалі выйсці асуджаным. На запясцях ім раскруцілі дрот, каб яны маглі раздзецца. Вязні стаялі, збіўшыся ў кучу, і панура маўчалі.
Янка Залаты Зуб дапытлівым позіркам акінуў наваколле.
«Збегчы ніяк не ўдасца».
З машыны выкінулі тры рыдлёўкі.
— Патрэбныя тры ахвотнікі для капання, — звярнуўся адзін з жаўнераў да зняволеных.
Кася Смяхотка плюнуў на далоні і першы з прыемнасцю схапіўся за рыдлёўку. Ён любіў працу, а ўжо доўга быў яе пазбаўлены.
— Яшчэ двое!
Кнот і Шчупак таксама ўзялі рыдлёўкі. Чырвонаармеец, адышоўшыся ад іх на пятнаццаць крокаў, вызначыў месца магілы.
— Капаць! Жыва!
Пад рыдлёўкамі захрабусцелі косці.
Адзін з чэкістаў загадаў астатнім вязням раздзявацца. Асуджаныя ведалі, што нават тыя падраныя лахманы, якія яны мелі на сабе, і зношаны абутак — усё гэта будзе здабычай для іхных катаў. Баран, распранаючыся, выняў з кішэні портак Паўлінчыны валасы.
Яны стаялі, як гурт сіротаў, у зношанай, бруднай, поўнай вошаў бялізне. Зябкі ранак студзіў іхныя целы. Давідка ляскаў зубамі ад халадэчы, але баяўся, каб гэтага не заўважылі ды не падумалі, што ён калоціцца ад страху. Жаба стаяў нязрушна, паважна, спакойна. На бінтах у яго выступілі цёмныя плямы крыві. Грамадзянін вінавата ўсміхаўся, нібы прасіў прабачэння ў «таварыства», што з’явіўся перад ім у такім неахайным выглядзе. А ў ягонай галаве мітусіліся думкі: «Не паспеў закончыць “Туману”… Шкада!.. Але што з мяне, лядашчага, узяць?» Баран увесь час разважаў пра Паўлінку. «Цяпер, пэўна, спіць. Але добра, што Ясь ведае, дзе золата… Будзе мець хоць троху на пражыццё».
А на ўсходзе палала заранка. Яе ружовыя водбліскі падалі на дрэвы і аздаблялі зелень цёплым святлом. Неўзабаве золата і чырвань стрэлілі ўгору і, перапіваючыся, граючы, урачыста ўбралі неба ў россыпы далікатных колераў.
Святло ранішняй зоркі ўпала і на групу смяротнікаў Але зусім іх не ўпрыгожыла. Яшчэ больш падкрэсліла людскую нядолю… Шэрыя, мёртвыя ўжо пры жыцці твары… Вочы, якія блішчэлі, нібы ў гарачцы… Парэпаныя губы…
Давідка пачаў кашляць. А потым чхнуў.
— Будзь, здароў і жыві сто гадоў! — пажадаў Янка Залаты Зуб.
— Сплюнь, бо сурочыш! — звярнуўся да яго Фіська.
Рэшта паныла маўчала.
«Гэта таксама мог бы быць раздзел рамана», — са смуткам падумаў Грамадзянін.
Чырвонаармейцы палілі махорку. Харкалі. Двое з іх пасварыліся за Баранавы боты. Варанок зрабіў кола па абгароджанай тэрыторыі і затрымаўся каля выезду. Перад гэтым чэкіст гыркнуў кіроўцу, каб той спыніўся:
— Т-р-р-р!
Гэта развесяліла Касю Смяхотку. Ён разагнуўся і шчыра, на поўны голас, зарагатаў. Гэта быў нейкі недарэчны смех — смех дзіцяці на бойні.
— Маўчаць!
Магілу выкапалі да калёнаў. З зямлі вытыркаліся людскія косці. Відаць былі рэшткі бялізны. Загадалі раздзецца і тым вязням, якія капалі дол. Потым іх усіх скіравалі да насыпу побач з магілай. Яны паволі сунулі ногі, ведаючы, што канец блізка…
Першы стрэл прагрымеў у дарозе. Потым пайшлі наступныя. Чырвонаармейцы спакойна цэліліся ў людскія патыліцы. Дакраналіся да іх металічнымі стваламі.
Грамадзянін упаў першы. Жаба схапіўся за балючае, знявечанае раней плячо. Асунуўся на калені.
Баран аўтаматычна кінуўся дапамагчы яму ўстаць. Але атрымаў кулю ў цемя. Цяжка рухнуў на бок. Шчупака і Кнота забілі на краі магілы.
Жаўнеры і чэкісты рухаліся паўколам за зняволенымі і стралялі. У Янку Залатога Зуба ўсадзілі некалькі куляў на насыпе.
Давідку пакуль нават волас не ўпаў з галавы. Можа, таму, што ён быў найменшы. На яго проста не звярталі ўвагі. Разбіраліся з больш віднымі. Габрэй ішоў, сутаргава сціскаючы пальцы ў кулакі. Спатыкнуўся на труп Барана, які ляжаў на зямлі. Ледзь не ўпаў. І гэта выратавала яго ад чэкісцкай кулі, якая праляцела над галавой. Раззлаваны кат з усёй сілы даў яму выспятка нагой у зад:
Читать дальше