— Настка!
— О божа!.. Што такое?
— Гэта я… Чаму ты сядзіш упоцемку?
— Заснула… Чакала вас каля акна.
— Зноў не абедала?
— Не.
— Запалі лямпу і давай есці!
Настка спешна дастала з печы страву і раптам прамовіла:
— Прабачце, пане Янку. Не злуйцеся, калі ласка, на мяне…
Яна палічыла, што хлопец нахмурыўся і пазбягае глядзець ёй у вочы праз яе прамаруджванне, што ён злы на яе. Але Ясь толькі рассмяяўся на гэта, а потым халоднай яшчэ рукою палашчыў яе па шчацэ.
— Я зусім не сярдую. Праблемы ў мяне.
— А можа, я чым дапамагу?
— Можаш дапамагчы. Ці не баялася б ты вечарам прайсціся да Цыпы?
— Я?! — Настка шчыра здзівілася.
— Цяпер розная свалата па горадзе бадзяецца. Яшчэ нападуць на цябе, крый божа.
— Як нападуць, так і адпадуць. Я ім такіх трындзюлін выпішу, што больш і не захочуць.
Настка па-баявому патрэсла кулаком і бліснула вачыма.
— Малойца з цябе! — з прызнаннем паківаў галавою Ясь.
х х х
Некалькі разоў Яся спынялі ў горадзе тайныя агенты. Ён быў вядомы ўжо шмат каму са Следчага аддзела. А гінты [20] Гінт — прадстаўнік тайнай паліцыі.
, пабачыўшы ў горадзе знаёмы зладзейскі твар, любілі час ад часу паставіць сумнеўную асобу каля брамы і абшманаць. Іншым разам знаходзілі зладзейскія прылады. А гэта ўжо было падставай для затрымання. Таму Ясь асцерагаўся браць статкі [21] Статкі — зладзейскія прылады.
з сабою ў горад. Настка ўжо некалькі разоў выручала яго ў гэтым. Цяпер ён мусіў пільна перадаць прылады ад Казіка Марацкага ў трушчобу Цыпы. Там іх чакаў Грамадзянін, які меў даставіць інструменты хлопцам на Нова-Красную.
Настка так спяшалася, што нават не хацела есці, але Ясь змусіў яе скончыць абед, а потым даў цяжкі пакунак, у якім былі два шабры, камплект адмычак, развадны ключ — «жаба» — і нажніцы для рэзкі жалеза. Настка прымацавала ўсё гэта на жываце і грудзях, аперазаўшы ўсё гэта дзягаю, каб яны выпадкова не выслізнулі. Накінула на плечы кажушок — і была гатовая вырушыць у дарогу, бо ўжо ведала, дзе знаходзіцца трушчоба Цыпы.
— Глядзі асцярожна там, пільнуйся мосераў [22] Мосер — шпік, выведнік.
! Статкі аддай толькі Грамадзяніну…
— Усё будзе добра, — запэўніла Настка і выйшла з памяшкання.
Ясь быў крыху стомлены. Яго хіліла на сон. Нягледзячы на тое, што было досыць рана, ён разаслаў ложак, раздзеўся, згасіў лямпу і лёг спаць. Кухонных дзвярэй, якія вялі ў сені, ён адмыслова не замыкаў, каб Настка магла трапіць у кватэру і не будзіць яго.
Ён спаў моцна, але нядоўга. Яго разбудзіў бразгат дзвярэй. Ясь падумаў, што гэта вярнулася Настка. Але праз хвілю ён пачуў Паўлінчын голас з ейнай кватэркі за тонкай перагародкай. Словы можна было лёгка разабраць.
Ясь перавярнуўся на другі бок і спрабаваў зноў заснуць. Але сон не ішоў — перашкаджалі ўласныя думкі і галасы з суседняй кватэры. Міжвольна ён чуў усё, пра што гаманілі за сцяной.
Ішлі мінуты. Раптам у суседняй кватэры загучаў спеў. Мужчынскі барытон зацягнуў нейкі недарэчны стары раманс. Голас быў агідны, да таго ж спявак страшна фальшывіў. Калі спеў перарваўся, гучна і развязна забалабоніла Лаўка:
— Як жа ты цудоўна спяваеш!
Ясь рассмяяўся. Пазабавіла яго гэтае «цудоўна».
Далейшы ход падзеяў за сцяной, у кватэры Паўлінкі, зацікавіў Яся. Ён устаў упоцемку з ложка і адхіліў край адсталай ад сцяны шпалерыны. Ён некалі заўважыў там прадаўгаватую шчыліну між дошкамі, праз якую добра быў відаць амаль увесь Паўлінчын пакой. Даўней тут была шавецкая майстэрня Барана. Хлопец пабачыў цяпер багата накрыты стол. Уверсе пад столлю гарэла вялікая газніца.
Паўлінка сядзела на каленях у Семянцова. Ясь спачатку палічыў, што дзяўчына прымае ў сябе таго мужчыну, якога ён неяк раніцаю застаў у яе ўдома. Але праз момант выявіў, што памыліўся. Паўлінка была п’яная. Смяялася. Вярзла розную лухту і гарнулася целам да свайго госця. Той неяк млява яе абмацваў. Відаць, жанчына не надта яго цікавіла.
Паўлінка адставіла ў бок кілішкі, і наліла амаль поўныя шклянкі каньяку, расплюхаўшы трунак па абрусе.
— П’ём! — звярнулася да агента.
— Ох… нешта не хочацца…
— Тады я п’ю адна.
І хлюсь — адным глытком выпіла каньяк. Шклянка выпала з ейнай рукі і пакацілася па падлозе. Паўлінка гучна, крыху фальшыва засмяялася. Грудзямі яна прыткнулася да Семянцова.
— Скажы, ці кахаеш мяне?
— Н-не… ведаю…
— Не ведаеш?.. А ты ж казаў, што я пекная…
— Ну так…
— Тады скажы, што кахаеш, — настойвала Паўлінка.
Читать дальше