Дзяўчына была яму адданай і вернай, як стары сабака. Яна рупілася ва ўсім яму дагадзіць і намагалася, каб ён быў задаволены. Кватэра аж блішчэла ад чысціні. Бялізна заўсёды была накрухмаленая і пахла свежасцю. Сама Настка заўжды была чыста і ахайна адзетая, прыгожа прычасаная. Але Яся гэта толькі бянтэжыла. Шмат разоў ён лавіў сябе на думцы, што ахвотна залез бы ноччу да Насткі ў ложак. Яго вабіла моцная, крамяная дзяўчына. Не раз яму даводзілася бачыць ейныя аголеныя круглыя плечы. Дзявочыя зубы свяціліся беллю. Губы заўсёды ружавелі. Румянцы аздаблялі круглыя, смуглыя шчокі. А пад сукенкай пазнавалася дасканалае цела — такое, якое можа мець адна жанчына з тысячы. Ясь, аднак, лічыў, што не мае права яе чапаць. Перадусім таму, што дзяўчына была ад яго залежная. Ён бачыў, што Настка ў яго закаханая. Заўважаў, як яна заліваецца чырванню, калі яму здаралася спаткацца з ёй позіркам. Ведаў, што яна з радасцю яму аддасца, не будзе яго абмяжоўваць і не зробіцца навязлівай, але хацеў быць у парадку сам перад сабою. Таму хадзіў да Мілы. Часам спаў з прастытуткамі, якія ўспрымалі яго як свайго хлопца, і ён праз гэта зусім не баяўся нечым заразіцца. Але Настка была для яго забароненым плодам, хоць яму насамрэч нялёгка было пераадольваць пажаду да гэтак спакуслівай дзяўчыны, якая жыла побач з ім.
Настка спачатку меркавала, што Ясь ёю проста не цікавіцца. Яна была настолькі прызвычаеная да мужчынскага нахабства, якому ўмела даваць адпор дзякуючы сваёй не абы-якой фізічнай сіле, што Ясева далікатнасць падалася ёй абыякавасцю. Праз некаторы час яна заўважыла, што маладзён, аднак, часта сочыць за ёй прагнымі вачыма. Гэта навяло на думку, што Ясь проста яе шкадуе. Потым ёй трапна прыйшло ў галаву, што хлопец не хоча пачувацца вінаватым перад ёй. Па начах яна нярэдка чула, як Ясь варочаецца ў ложку, устае ды ідзе на кухню, п’е ваду, паліць. Настка дапускала, што жанчына яму б вельмі прыдалася. Часам яе аж цягнула самой пайсці да яго, але бракавала адвагі. Спыняў сорам.
Аднойчы яна пабачыла на вуліцы Яся і Мілку, якія ішлі пад руку. Пара весела і прыязна размаўляла, а іхныя крокі былі надзвычай лёгкія і згодныя. «Пэўна, палюбоўніца», — падумала Настка пра Ясеву спадарожніцу. Але ў дзяўчыны не абудзілася ні каліва рэўнасці. Яна адчувала, што не пасуе Ясю як каханка або жонка, але ахвотна б яму аддалася без пярэчанняў і заўваг.
«Навошта яму шукаць недзе жанчыну, марнуючы на яе грошы і час, калі я заўсёды пад бокам»»
Неяк уночы яна доўга прыслухоўвалася да гукаў з пакоя Яся, які ніяк не мог заснуць. Пастанавіла, што сама пойдзе да яго. Ціхенька ўстала э ложка. Скінула кашулю і голая ды босая пасунулася ў ягоны пакой. Затрымалася ля яго ног і намервалася ўслізнуць да яго пад коўдру, Зрабіла яшчэ адзін крок уперад. Ясь на гэта паварушыўся, а пакой заліўся струменем святла ад кішэннага ліхтарыка. Настка выпрасталася і прыкрыла грудзі рукамі.
— Наста?! Гэта ты?! — устрывожана запытаўся Ясь.
— Выбачай… Я хацела толькі… хацела запалкі…
Ясь упохапкі знайшоў і падаў ёй запалкі. Збянтэжаная, Настка вярнулася ў свой пакой, запаліла лямпу і забралася ў ложак. Ёй хацелася плакаць. А Ясь, якога ўпрост ашаламіла павабнасць ейнага голага цела, не спаў аж да раніцы. Хоць гэта і можа падацца некаму дзіўным, але ён не зразумеў намеру дзяўчыны. А тое, што яна завітала ў ягоны пакой цалкам голай, умацавала ў ім перакананне, што Настка вельмі наіўная і бязмежна яму давярае.
Чакаючы Яся, Настка адчула, што ў яе зліпаюцца вочы. За акном усё больш цямнела і мала што было відно. Дзяўчына прылегла на ложку. Яна не думала спаць, але сёння дастаткова напрацавалася, таму яе амаль адразу змарыў сон.
Калі вярнуўся Ясь, на дварэ было ўжо зусім цёмна. Дзверы з боку кухні не былі зачыненыя на засаўку, таму ён увайшоў у дом. Па звычцы ён заўсёды хадзіў ціха і свяціў у цемры ліхтарыкам. Калі ўвайшоў у свой пакой, то пабачыў Настку, якая салодка спала на ягоным ложку. Ляжала на спіне, падклаўшы пад галаву рукі, як здаровае дзіця. Ногі былі прыпаднятыя і сагнутыя ў каленях. Гэткая поза была досыць правакацыйнай, бо да ўсяго ейная кароткая спаднічка ссунулася аж на сцёгны, адсланіўшы белыя ляжкі. Ясь нават падумаў, што дзяўчына наўмысна так расклалася. Але было ясна, што яна моцна спіць. У галаве прамільгнула думка: «Можна было б яе лёгка ўзяць, трэба толькі ціха раздзецца». Яго разабраў такі юр і гэтак моцна захацелася здзейсніць сваё жаданне, што на лбе ажно выступіў пот, а зубы пачалі звінець. Ён паспяшаўся выйсці на кухню і амаль крыкнуў адтуль:
Читать дальше