Дзядзька еў і плакаў, бязладна расказваючы пра апошнія здарэнні. Ясь жа неяк умудрыўся ўсё зразумець. Ён сказаў Жардоню:
— Падсілкавацца я табе даў. Але начаваць ты тут не можаш, бо заўтра яшчэ скажаш, што і кватэра твая… У цябе ёсць дазвол на рэстаран, то прадай яго… Або вазьмі кампаньёна. Не прападзеш… Вазьмі тут на начлег і на ежу на некалькі дзён… Больш не хачу цябе тут бачыць! Ідзі сабе адселя.
Ясь працягнуў Жардоню грошы. Дзядзька ўзяў іх, але сказаў з папрокам:
— Дык гэтак ты мяне прымаеш? Ладна, надта хораша, Ясю. Не сорам табе?
У хлопца на шыі запульсавала кроў у жылах.
— Ты горай са мной абышоўся. Я табе нічога не вінен. Ідзі ўжо, бо зараз скажу Настцы цябе вывесці. Я сам даткнуцца да цябе брыджуся. Ідзі прэч!
І Жардонь пайшоў, угнуўшы плечы. У двары ён прыпыніўся і пагразіў кулаком у бок дома:
— Я табе пакажу, смаркач! Спазнаеш, па чым хунт ліха, падшыванец! Ты мне яшчэ боты языком будзеш вылізваць!
Развярнуўся і пайшоў на Лагойскі тракт, дзе быў начлежны дом.
5
ЗАДАВАЛЬНЕННЕ — НАЙВЫШЭЙШАЕ ДАБРО!
Зноў надышла вясна. І зноў іншая. Калі папярэдняя была неспакойная, ранняя, п’яная, то сёлетняя сваволіла, як шалёная. То раптам яна распраменьвала наваколле сонцам, то ўжо праз гадзіну панура цягнула па небе груды хмар… Калі ў адзін дзень растаплівала гарачым дыханнем і цуркамі вады шэрыя масы снегу, то ўжо назаўтра бессэнсоўна прыкрывала горад беллю.
І людзі былі збітыя з панталыку: не маглі ўгадаць, як апрануцца. Выходзіш з дому — травень, вяртаешся — студзень. Таму сноўдалі хто ў футры, хто ў лёгкай кашулі, і ўсе клялі надвор’е. А вуліцамі штораз часцей везлі нябожчыкаў. Лекары і магільшчыкі працавалі з замыленымі лбамі.
Паўлінка ў сваёй крамцы гандлявала са зменлівым поспехам. Але апошнім часам яна менш пераймалася прыбыткам. Яе мучыла адзінота. Некалькі разоў яна выбралася ў кіно. Мужчыны чапляліся да яе толькі так. Але Паўка пасля ўрокаў, якія ёй далі Толік і Грыша, была асцярожнай. Лёгкім позіркам яна ацэньвала мужчын, якія ўвіваліся за ёй, і ўсведамляла, што з такімі не варта і займацца.
Але і яе ўзбударажыла вясна, зблытала думкі ў галаве і парушыла сон. Ранкам яна ўставала, не выспаўшыся, з цяжкай галавой, злая. Налівала ў ванну некалькі вёдраў вады і халадзіла пругкае, вабнае, у самым саку цела, поўнае сілы і жаноцкасці. Часам ёй хацелася выйсці голай на вуліцу: глядзіце, якая я прыгожая, але мушу прападаць і мучыцца, бо не маю таго, хто б заспакоіў маю жарсць! Праз акно яна раз-пораз бачыла Яся або Настку. З зайздрасці пачала іх ненавідзець. Асабліва дзяўчыну, з якой ніколі нават не перакінулася словам. Фантазія развярэджвала ёй душу карцінамі, як суседзі кахаюцца ноччу, горача песцяць адно аднаго. Таму яе аж круціла ад яду і злосці на суседзяў, але яна не была ў стане ім нашкодзіць, а Яся дагэтуль баялася.
Іншы раз ёй успамінаўся Баран. Але гэтыя згадкі заўсёды былі звязаныя з грашамі, рэчамі, золатам, падарункамі. Аднак ні ад каго са сваіх каханкаў яна не зведала столькі ласкі і пяшчоты, як ад яго. Эратычныя забавы з нехлямяжым Толікам, нягледзячы на гэта, больш запалі ёй у памяць. Бадай, таму, што з Толікам яна была завадатаркай любоўных уцех. Толіка яна мусіла кожны раз нібы спакушаць. А Баран меў жывы тэмперамент і здаровую цягу да каханай жанчыны, таму заўсёды браў яе лёгка, моцна і проста. Кабеце са здаровай фантазіяй гэта б прынесла задавальненне і спатолю. А Паўлінка толькі раздражнялася. Яна лічыла, што Алік дбае ў ложку перадусім пра сябе, што гэта яна яго ашчасліўлівае, таму ён мусіць з удзячнасці ёй плаціць, плаціць і плаціць…
Неяк у нядзелю Паўлінка досыць рана пайшла ў горад. Выстраілася ва ўсё моднае, ці, хутчэй, дарагое. Ішла ў воблаку парфумы, празмерна калышучы бёдрамі. На мосце ёй насустрач крочыў высокі элегантны мужчына. Паўлінка здалёк заўважыла яго відную постаць і, мінаючыся з ім, зіркнула на яго ласымі вачыма. Сыпала далей. Ёй было цікава, ці пайшоў ён за ёю следам. Але лічыла, што азірацца не варта. Старалася рухацца вабна і гожа.
За электрастанцыяй яна пад прамым вуглом павярнула ў бок Губернатарскага сада. Гэта дазваляла ёй, не круцячы галавой, пабачыць ходнік ззаду. Не памылілася: мужчына ішоў за ёй. Паўлінка была задаволеная і заінтрыгаваная. Яна дадавала ходу, ідучы ў бок белага мастка праз Свіслач, за якою пачыналіся сцежкі парку. Яе нават падмывала падбегчы. Хацелася смяяцца. Але яна стрымлівалася і, джгаючы вельмі хутка, раптам звярнула на вузкую сцежку злева. Было відаць, што мужчына ледзь за ёй паспявае. Ён заўважыў, што Паўлінка яго заваблівае, і зразумеў усе ейныя манеўры. Яна ж уселася на адзінокай лаўцы, замшэлай ад часу і вільгаці.
Читать дальше