— Як, па-твойму, — спытаў Дзік у аднаго з воінаў, — ці скакаць нам за імі, ці рухацца напярэймы?
— Сэр Рычард, — адказаў воін, — я б скакаў услед за імі да таго часу, пакуль яны не раз'едуцца ў розныя бакі.
— Ты, канечне, гаворыш праўду, — сказаў Дзік, — але мы сабраліся ў дарогу надта паспешліва і як належыць не падрыхтаваліся да паходу. Тут няма дамоў, няма каму нас прытуліць і накарміць, і аж да заўтрашняй раніцы мы будзем галадаць і мерзнуць… Што вы скажаце, малойцы? Ці згодны вы патрываць крыху, каб дабіцца ўдачы? Калі вы не згодны, мы можам павярнуць у Халівуд і павячэраць там за кошт святой царквы. Я не ўпэўнены ў поспеху нашага паходу і таму нікога не прымушаю. Але калі вы хочаце прыслухацца да маёй парады, выбірайце першае.
Усе ў адзін голас адказалі, што паедуць за сэрам Рычардам, куды ён пажадае.
І Дзік, прышпорыўшы каня, зноў рушыў наперад.
Снег на следзе быў добра ўтаптаны, і тым, хто даганяў, было лягчэй скакаць, чым уцекачам. Атрад Дзіка мчаўся шырокай рыссю; дзвесце капытоў стукалі па цвёрдым снезе; бразгат зброі і фырканне коней стваралі ваяўнічы шум пад скляпеннямі прыціхлага лесу.
Нарэшце шырокі след вывеў іх да вялікай дарогі, якая ішла на Халівуд, і тут згубіўся. І калі крыху далей след гэты зноў з'явіўся на снезе, Дзік са здзіўленнем заўважыў, што ён стаў намнога вузейшы і снег на ім не так утаптаны. Відавочна, скарыстаўшы добрую дарогу, сэр Дэніэл раздзяліў свой атрад на дзве часткі.
Дзік паехаў прама, па галоўным следзе, таму што шансы здаваліся аднолькавымі. Праз гадзіну ён быў ужо ў самым гушчары лесу. І раптам агульны след падзяліўся на дзесяткі разрозненых слядоў, якія разбягаліся ва ўсе бакі.
Дзік у адчаі спыніў каня. Кароткі зімовы дзень заканчваўся; матавы чырвона-аранжавы шар сонца марудна апускаўся за голым суччам дрэў; цені, якія беглі па снезе, расцягнуліся на цэлую мілю; мароз жорстка кусаў кончыкі пальцаў; пара падымалася над коньмі, змешвалася са стылым дыханнем людзей і воблакам ляцела ўверх.
— Нас перахітрылі, — прызнаўся Дзік. — Давядзецца ў рэшце рэшт ехаць у Халівуд. Мяркуючы па сонцы, да Халівуда бліжэй, чым да Тэнстола.
Яны павярнулі налева, падставіўшы чырвонаму шчыту сонца свае спіны, і накіраваліся да абацтва. Але цяпер перад імі не было дарогі, утаптанай ворагамі. Ім даводзілася марудна прабірацца па глыбокім снезе, кожную хвіліну патанаючы ў сумётах і бесперастанку спыняючыся, каб абмеркаваць, куды ехаць далей. І вось сонца зайшло зусім; святло на захадзе патухла; яны блукалі па лесе ў поўнай цемры, пад марознымі зоркамі.
Хутка ўзыдзе месяц і асветліць вяршыні пагоркаў; тады лёгка будзе рухацца наперад. Але да таго часу варта зрабіць адзін неабдуманы крок — і яны саб'юцца з дарогі. Ім нічога не заставалася, як размясціцца лагерам і чакаць.
Яны расставілі вартавых, ачысцілі ад снегу невялікую пляцоўку і пасля некалькіх няўдалых спроб распалілі вогнішча. Воіны паселі вакол агню, дзелячыся мізэрнымі запасамі ежы, і пусцілі біклажку па крузе. Дзік выбраў лепшыя кавалкі з грубай і беднай ежы і аднёс іх пляменніцы лорда Райзінгэма, якая сядзела пад дрэвам, убаку ад салдат.
Ёй падаслалі конскую гуньку і далі накінуць на плечы другую; яна сядзела, скіраваўшы позірк на агонь. Калі Дзік прапанаваў ёй паесці, яна ўздрыгнула, быццам яе разбудзілі, і моўчкі адмовілася.
— Васпані, — сказаў Дзік, — малю вас, не карайце мяне так жорстка. Не ведаю, чым я зняважыў вас. Праўда, я забраў вас сілай, але з сяброўскіх пачуццяў; я прымушаю вас начаваць у лесе, але мая паспешлівасць тлумачыцца тым, што трэба ратаваць іншую дзяўчыну, такую ж слабую і безабаронную, як вы. І, нарэшце, васпані, не карайце сябе і паешце хоць трошкі. Нават калі вы не галодныя, вы павінны паесці, каб падтрымаць свае сілы.
— Я не прыму ежу з рук чалавека, які забіў майго дзядзьку, — адказала яна.
— Васпані! — ускрыкнуў Дзік. — Клянуся вам распяццем, я не дакрануўся да яго!
— Пакляніцеся мне, што ён яшчэ жывы, — сказала яна.
— Я не хачу хітрыць, — адказаў Дзік. — Спачуванне загадвае мне засмуціць вас. У глыбіні душы я перакананы, што яго ўжо няма жывога.
— І вы адважваецеся прапаноўваць мне ежу! — усклікнула яна. — А! Вас цяпер называюць сэрам Рычардам! Мой добры дзядзечка забіты, і за гэта вас пасвяцілі ў рыцары. Калі б я не аказалася такой дурніцай, а заадно і здрадніцай, калі б я не выратавала вас у доме вашага ворага, загінулі б вы, а ён — ён, які варты тузіна такіх, як вы, — ён быў бы жывы!
Читать дальше