Робэрт Льюіс Стывенсан
Чорная страла: Аповесць з часоў вайны Пунсовай і Белай ружы
Пралог
Джон Помшчу-за-ўсіх
Неяк раз пасля паўдня позняй вясною звон на вежы Тэнстолскага замка Мот зазваніў у нявызначаны час. Паўсюдна, у лесе і на полі, што падступаліся да ракі, людзі пакідалі працу і пабеглі насустрач звону; сабраліся і ў вёсачцы Тэнстол беднякі-сяляне; яны са здзіўленнем прыслухоўваліся да звона.
У тыя часы — у цараванне старога караля Генрыха VI [1] Генрых VI (Ланкастэрскі) — ангельскі кароль, які цараваў у XV веку. Пры ім пачалася міжусобная вайна паміж дынастыямі Йоркаў і Ланкастэраў, так званая вайна Пунсовай і Белай ружы, якая прывяла да звяржэння ў 1461 годзе Генрыха VI.
— вёсачка Тэнстол мела амаль такі ж выгляд, як цяпер. Па доўгай зялёнай даліне, што спускалася да ракі, былі раскіданы дзесяткі два дамоў, пабудаваных з цяжкіх дубовых бярвенняў. Дарога ішла цераз мост, потым падымалася на супрацьлеглы бераг, знікала ў лясных гушчарах і, вынырнуўшы, праставала да замка Мот і далей, да абацтва Халівуд. Перад вёскай, на схіле пагорка, стаяла царква, акружаная цісавымі дрэвамі. А вакол, куды ні кінеш позірк, цягнуліся лясы, над якімі ўзвышаліся макушы зялёных вязаў і пазелянелых ужо дубоў.
Каля самага моста на выспе стаяў каменны крыж; каля крыжа сабралася купка людзей — шэсць жанчын і цыбаты дзяцюк у чырвонай палатнянай сарочцы; яны спрачаліся аб тым, што можа азначаць гэты звон. Паўгадзіны назад праз вёску праскакаў ганец; каля харчэўні ён выпіў куфаль піва, не злазячы з каня, — так ён спяшаўся, але ён і сам нічога не ведаў, ён вёз запячатаныя пісьмы сэра Дэніэла Брэклі сэру Оліверу Отсу — свяшчэнніку, які кіраваў замкам Мот, пакуль гаспадар быў у ад'ездзе.
Раптоўна пачуўся стук капытоў; з лесу выехаў юны Рычард Шэлтан, выхаванец сэра Дэніэла, і звонка паскакаў па гулкім мосце. Вось ён ужо ведае пэўна, што здарылася, — яго паклікалі і папрасілі растлумачыць. Ён ахвотна спыніўся. Гэта быў загарэлы шэравокі юнак гадоў васемнаццаці ў куртцы з аленевай скуры з чорным аксамітным каўняром; на галаве ў яго быў зялёны капюшон, за плячыма вісеў сталёвы арбалет. Ганец, як высветлілася, прывёз важныя звесткі. Чакалася бітва. Сэр Дэніэл прыслаў загад сабраць усіх мужчын, здольных нацягваць лук або валачы алебарду, і гнаць як мага хутчэй у Кэтлі, а ўсім, хто не паслухаецца, ён пагражаў сваім гневам; але аб тым, з кім і дзе давядзецца змагацца, Дзік не ведаў нічога. Хутка з'явіцца сюды сам сэр Олівер, а Бенет Хэтч ужо ўзбройваецца, таму што весці атрад даручана яму.
— Вайна — гэта разбурэнне для нашай добрай краіны, — сказала адна з жанчын. — Калі бароны ваююць, сяляне ядуць карэнні і траву.
— Не, — сказаў Дзік, — той, хто пойдзе за сэрам Дэніэлам, будзе атрымліваць па шэсць пенсаў у дзень, а лучнікі — па дванаццаць.
— Для тых, хто застанецца жывы, — адказала жанчына, — яно, быць можа, і так. Ну, а тыя, каго заб'юць, васпан?
— Памерці за свайго законнага валадара — лепшая смерць на свеце, — сказаў Дзік.
— Ён мне не валадар, — сказаў дзяцюк у чырвонай сарочцы. — Я стаяў за Ўэлсінгэмаў; усе мы тут, у Брайерлі, стаялі за Ўэлсінгэмаў; так было да грамніц пазамінулага года. А зараз я павінен стаяць за Брэклі! І ўсё па законе! Дзе ж справядлівасць? Нас зусім замучыў гэты сэр Дэніэл са сваім сэрам Оліверам, які ведае ўсе законы, акрамя законаў гонару, між тым, як у мяне адзіны законны валадар — няшчасны кароль Гары Шосты, блаславі яго Бог, які цяпер усё адно што малое дзіця, якое яшчэ не навучылася адрозніваць правую руку ад левай.
— Паганы ў цябе язык, шаноўны, — адказаў Дзік. — Ты плявузгаеш і на свайго слаўнага валадара і на яго вялікасць караля. Але кароль Гары — хвала святым! — зноў у добрым розуме і хутка адновіць мір. Які ты смелы, калі сэр Дэніэл не чуе цябе! Ну, ды я не даносчык. І хопіць аб гэтым!
— На вас, майстар Рычард, я не трымаю злосці, — прамовіў селянін. — Вы яшчэ хлопчык. А вось вырасцеце і ўбачыце, што кішэні вашы пустыя. Больш я нічога не скажу. Хай жа дапамогуць святыя суседзям сэра Дэніэла і няхай абароніць багародзіца яго выхаванцаў!
— Кліпсбі! — сказаў Рычард. — Гонар мой не дазваляе слухаць такія прамовы. Сэр Дэніэл — мой добры пан і мой апякун.
— Ну, калі так, — сказаў Кліпсбі, — я вам задам загадку. На чыім баку сэр Дэніэл?
— Не ведаю, — адказаў Дзік і злёгку пачырванеў, таму што яго апякун у гэты смутны час без перашкоды пераходзіў з аднаго боку на другі і пасля кожнай здрады багацці яго павялічваліся.
Читать дальше