Перш чым Дзік вынырнуў на паверхню, яго аднесла на цэлы ярд ад водмелі; ён нічога яшчэ не паспеў толкам разгледзець, як рука яго сутаргава схапілася за нейкі цвёрды прадмет, які з сілай павалок яго кудысьці ўперад. Гэта быў дубец, спрытна працягнуты яму Мэтчэмам з вярбы, што павісла над вадою.
— Клянуся небам, — усклікнуў Дзік, калі Мэтчэм выцягнуў яго на бераг, — ты выратаваў мне жыццё! Я плаваю, як гарматнае ядро.
Ён павярнуўся і глянуў на востраў.
Х'ю-Перавозчык плыў побач са сваёй лодкай і быў ужо на палавіне шляху паміж берагам і востравам. Балотны Джон шалёна роў на яго, патрабуючы, каб ён плыў хутчэй.
— Уцякайма, Джон, — сказаў Шэлтан. — Уцякайма! Пакуль Х'ю пераправіць сваю лодку на востраў і яны прывядуць яе ў парадак, мы будзем ужо так далёка, што яны нас не знойдуць.
І, падаючы прыклад, ён пабег, прадзіраючыся праз зараснікі вербаў і скачучы з купіны на купіну. У яго не было часу выбіраць напрамак; ён імчаўся наўздагад, стараючыся як мага далей уцячы ад ракі.
Аднак глеба паступова пачала падымацца, і гэта пераканала яго, што напрамак выбраны ім правільна. Нарэшце балота засталося ззаду; пад іх нагамі была сухая, цвёрдая зямля, а сярод вербаў пачалі паяўляцца вязы.
Мэтчэм, які моцна адстаў, раптам упаў.
— Кінь мяне, Дзік! — крыкнуў ён, задыхаючыся. — Я не магу больш бегчы!
Дзік павярнуўся і падышоў да яго.
— Кінуць цябе, Джон?! — усклікнуў ён. — Не, на такую подласць я не здольны. Ты ж не кінуў мяне, калі я тануў, хаця цябе маглі застрэліць, а выратаваў мне жыццё. Ты і сам мог патануць, таму што адны святыя толькі ведаюць, як гэта я не пацягнуў цябе за сабою ў ваду.
— Не, Дзік, я б не патануў ды і табе б не даў патануць, — сказаў Мэтчэм. — Я ўмею плаваць.
— Умееш плаваць? — усклікнуў Дзік і шырока расплюшчыў вочы.
Гэта быў адзіны з мужчынскіх талентаў, якім ён не валодаў. Пасля ўмення забіваць ворага на паядынку ён больш за ўсё цаніў уменне плаваць.
— Вось мне ўрок ніколі нікім не пагарджаць! — сказаў ён. — Я абяцаў табе ахоўваць цябе да самага Халівуда, а выйшла так, Джон, што ты ахоўваеш мяне.
— Цяпер мы з табой сябры, Дзік, — сказаў Мэтчэм.
— Я ніколі ворагам табе не быў, — адказаў Дзік. — Ты па-свойму храбры дзяцюк, хаця, канечне, блазан. Ніколі я такіх дзівакоў не бачыў. Ну, аддыхаўся? Ідзём далей. Тут не месца для балбатні.
— У мяне вельмі баліць нага, — сказаў Мэтчэм.
— Я зусім забыў пра тваю нагу, — прамовіў Дзік. — Давядзецца ісці цішэй. Хацеў бы я ведаць, дзе мы знаходзімся! Я згубіў сцяжынку… Зрэшты, гэта, можа, да лепшага. Калі яны каравуляць на перавозе, то могуць каравуліць і на сцяжынцы. Вось бы сэр Дэніэл прыскакаў сюды з паўсотняй воінаў! Ён разагнаў бы ўсю гэтую шайку, як вецер разганяе лісце. Ідзём, Джон, абапрыся на мяне, бедалага. Які ты нізенькі, ты нават не дастаеш да майго пляча. Колькі табе гадоў? Дванаццаць?
— Не, мне шаснаццаць, — сказаў Мэтчэм.
— Значыць, ты кепска рос, — зазначыў Дзік. — Трымай мяне за руку. Мы пойдзем паволі, не бойся. Я абавязаны табе жыццём, а я, Джон, прывык расплачвацца за ўсё спаўна — і за добрае і за ліхое.
Яны падымаліся па адхоне.
— У рэшце рэшт мы выберамся на дарогу, — працягваў Дзік, — і тады рушым наперад. Якая ў цябе слабая рука, Джон! Я саромеўся б, калі б у мяне была такая рука. Х'ю-Перавозчык, здаецца, прыняў цябе за дзяўчынку, — дадаў ён і засмяяўся.
— Не можа быць! — усклікнуў Мэтчэм і пачырванеў.
— А я гатовы біцца аб заклад, што ён прыняў цябе за дзяўчынку! — настойваў Дзік. — Ды і нельга яго вінаваціць. Ты болей падобны на дзяўчынку, чым на мужчыну. І ведаеш, хлапчук з цябе выйшаў даволі нязграбны, а дзяўчынка атрымалася б вельмі прыгожая. Ты быў бы сімпатычнай дзяўчынай.
— Але ж ты не лічыш мяне дзяўчынкай? — спытаў Мэтчэм.
— Канечне, не лічу. Я проста пажартаваў, — сказаў Дзік. — З цябе калі-небудзь выйдзе сапраўдны мужчына! Яшчэ, бадай, праславішся сваімі подзвігамі. Цікава ведаць, Джон, хто з нас першы стане рыцарам? Мне так хочацца стаць рыцарам. «Сэр Рычард Шэлтан, рыцар» — вось як здорава гучыць! Але і «Сэр Джон Мэтчэм» гучыць няблага.
— Пастой, Дзік, дай мне напіцца, — сказаў Мэтчэм, спыняючыся каля светлай крыніцы, якая выцякала з пагорка і падала ў пясчаную ямку, не большую за кішэню. — Ах, Дзік, як мне хочацца есці! У мяне нават сэрца ные ад голаду.
— Чаму ж ты, дзівак, не паеў у Кэтлі? — спытаў Дзік.
— Я даў зарок пасціцца, таму што… мяне ўцягнулі ў грэх, — адказаў Мэтчэм. — Але зараз я з задавальненнем з'еў бы нават скарынку сухога хлеба.
Читать дальше