«Але жывуць жа іншыя!» — казаў ён сам сабе. «Мае аднагодкі не задумваюцца над тым, што такое іхнія слугі — тыя, што падаюць пітво, чысьцяць коней, мыюць дубовую падлогу ў замку і аруць на палях у сьпёку, калі так добра сядзець у сьвятой дуброве, слухаючы развагі разумных жрацоў! Чаму ж мне, у самую тую хвіліну, калі стомлены слуга, сапучы, здымае боты з маіх ног, хочацца то забіць яго, то, наадварот, упасьці перад ім на калені і абняць яго, як свайго брата? Можа, зазірнуўшы ў вочы яму, я ўбачу, што і ён такі ж самы чалавек, і яму баліць тое, што баліць мне, калі мяне ўдараць. І тая ж чырвоная кроў пальецца на зямлю, калі меч пасячэ ягонае цела… Хто адкажа мне на гэтыя пытаньні, хто дапаможа маёй душы?»
А тым часам ішлі месяц за месяцам, і аднойчы хлопец ня вытрымаў. Зімовай раніцай, калі сьнегам, як пярынай, была ахутаная ўся Вільня так, што толькі чырвона-шэры Горні замак і сьвятая дуброва за ім вытыркаліся з гэтай бяскрайняй белі, ён пайшоў у храм хрысьціянскага Бога.
Страх скоўваў ягоныя рухі. Што калі багі — так любімыя раней — кінуць у адступніка сваімі вогненнымі паліцамі, што, калі разаб’е яго паралюш? Суцяшаў сябе: княгіня Марыя адкрыта пакланяецца Хрысту, ейныя дзеці ўсе хрышчаныя, як і сам вялікі князь Альгерд. Але ж ён мусіў ажаніцца з віцебскай князёўнай, бо гэта дадавала да земляў Княства магутны надзел. Ды нават яе, хрысьціянку, усё роўна тры разы абвялі вакол сьвятога дуба, бо іначай народ не прызнаў бы ейнага шлюбу. Жрацы, хаця і з вялікай неахвотай, згадзіліся на хрысьціянскі абрад, бо ведалі, што князь Альгерд усё ж выхаваны ў язычніцтве, і менавіта ў язычніцкія храмы дае найбольшыя ахвяры. А што ён па вялікіх сьвятах ходзіць у царкву і нават запрашае туды паслоў — дык гэта з цягам часу было таксама прызнанае жрацамі, бо вакол — сьвет хрысьціянскі, і трэба шукаць паразуменьня і з ім. Тое робіцца дзеля міру ў краіне і дзеля яе карысьці…
Іначай могуць паставіцца багі да яго. Яму, як Альгерду, ня трэба лаўчыць сярод вялікіх хрысьціянскіх краінаў — з каторай сябраваць выгадней. Яму вольна і весела жывецца ў сталіцы, у іхнім доме поўна слугаў і багацьця, сабранага дзедам і бацькам. Круглец, хоць і лічыцца дружыньнікам, аднак пойдзе ў войска са сваёй уласнай харугвай і сотняй вояў, толькі калі аб’явяць паспалітае рушэньне на вайну альбо Пагоню [16] Пагоня — ваенны паход уздагон за нападнікамі, які аб’яўляўся ва ўсім Княстве.
. Частку сабранага скарбу іхняя сям’я штогод ахвяруе на розныя капішчы, і задаволеныя багі даюць ім шчасьце і слодыч жыцьця. Тры сястры, адна за адну прыгажэйшыя, ужо замужам, яны зьехалі за сваімі мужамі ў розныя краіны: Чэхію, Нямеччыну, Польшчу. Чацьвёртую, Уну, здаецца, упадабаў сын маршалка, але Уна на яго не зважае. Ёй даспадобы, мабыць, малады Кумец, памочнік галоўнага лоўчага, іхні далёкі родзіч. На яго самога, варта толькі зьявіцца на княскім баляваньні, употай зіркае не адна заваблівая нявеста. Чаго яшчэ жадаць?
Навошта ж ён пераступае высокі дубовы парог, ступае на каляровыя кафляныя пліты, дзе ўсе зараз, на момант перашкодзіўшы чытаньню Вялікай Кнігі, павернуцца, каб убачыць неверагоднае: воін-дружыньнік Круглец, сын пасла Леся, заходзіць у хрысьціянскі храм?
У маленькім, цёмнакарычневым пакойчыку пры новым віленскім храме Параскевы Пятніцы было душна. Пахла зёлкамі і ладанам. Вялікая княгіня Марыя цяжка сядзела на нізкім дубовым крэсьле, што стаяла ля сьцяны, пад выявай сьвятой Параскевы. Новая разьба на ім нібы ўгрызалася ёй у сьпіну, ногі, трохі апухлыя падчас службы, цяпер невыносна балелі, нібы тонкія юхтавыя боцікі ссохліся і сталі зацеснымі. Пакаёўка Рэчыца, сеўшы на невысокі зэдлік, церла тонкую чырвоную скуру абутку, намагаючыся аблегчыць пакуты сваёй гаспадыні. Стражнік Дрыгайла чакаў у калідоры, задуменна разглядаючы маляваныя дошкі з невядомымі яму тварамі зацных людзей і хрысьціянскага бога, і раздумваў над тым, што яны зусім нястрашныя, а значыць, няма ў іх сапраўднай моцы. Ці ж параўнаць іх з Перуном альбо Вялесам — вялізныя, яны ўзвышаюцца над усімі, і нават высокі князь Альгерд здаецца перад імі маленькім карузьлікам!
Архіерэй Нестар, высокі, ужо сутулы, з сівой барадой і пранізьлівымі шэрымі вачыма, прайшоў у пакой, вялікая княгіня, седзячы, схілілася перад ім. Пацалавала руку. Коратка загадала Рэчыцы:
— Выйдзі.
З-за нямогласьці княгіні быў дадзены дазвол не ўставаць перад духоўнікам, але яна кожны раз падчас споведзі адчувала няёмкасьць. Як расказаць пра тое, што найбольш мучыла — схаваную ад усіх трывогу за лёс мужа і дзяцей? Вядома, Альгерд любіць іх. Але ж і вялікі князь Гедзімін, яе магутны свёкар, таксама любіў дзяцей і ад Віды, і ад Вольгі. А вялікакняскі сталец пакінуў малодшаму, якога хітрая Еўна, яго апошняя жонка, дачка полацкага Івана Усеваладавіча, назвала сваім імем — Яўнут — і якога заўсёды пры розных нагодах падсоўвала старому ўжо бацьку, адцясьняючы іншых сыноў! І вось — у княстве звады, неспакой, выгнаны Яўнут бадзяецца па сьвеце, шукае падтрымку то ў немцаў, то ў маскавітаў. Што, калі яна неўзабаве памрэ? Альгерд, відавочна, ажэніцца зноў. Ён яшчэ поўны сілаў і жадны да ўцехаў жыцьця. Але калі будуць яшчэ дзеці, то што станецца з ейнымі сынамі?!
Читать дальше