Бедна я, бедна, што буду рабіці?
Пайду да каханка, што буду гаварыці
Атручуся!.. Атручуся!..
Куплю палітуру й нап’юся!
Трэці месяц я бяз працы. Забраўшы свае дакумэнты з Дырэкцыі пошты і тэлеграфаў, я адразу зарэгістраваўся на Біржы працы. Кожныя пару дзён хаджу туды, каб даведацца, ці ёсьць для мяне работа. З апошняга крадзяжу я маю яшчэ трохі грошай, бо гадзіньнік таксама прадаў. Некалькі дзён я патураў сабе — лепей еў. Купіў на рынку ўжываныя добрыя чаравікі, бо мае вайсковыя «танкі» [7] Танкі — вайсковы боты (польскі вайсковы жаргон) (заўв. пер.).
былі амаль зношаныя. У нейкага краўца на прадмесьці трохі перарабіў вайсковую гімнасьцёрку. Прышыў да яе звычайныя гузікі. Шкадую, што ня зьняў пакойчыку. Але гэта не галоўнае. Цяпер мне цёпла і маю шмат месцаў для сну: гарышча, сутарэньні, дамы, што рамантуюцца. Засталыя грошы ўжываю ашчадна. Хаджу на танныя абеды да «цёці Ёмці» [8] YMCA (Young Men's Christian Association — Аб’яднаньне Хрысьціянскай Мужчынскай Моладзі) — міжнародная экумэнічная арганізацыя. Пасьля 1918 году працавала ў Польшчы. Напачатку 1920-х дапамагала дэмабілізаваным жаўнерам, бежанцам з Расіі й моладзі (заўв. пер.).
, куру махорку і неяк існую. Можа, аднак, неўзабаве атрымаю працу, бо зарэгістраваўся не як спэцыяліст — тэхнік тэлеграфу і тэлефону, — але як фізычны работнік. Так мне параілі на Біржы працы.
Мог бы паспрабаваць зноў нешта скрасьці, але адчуваю ўнутраны супраціў. Ня страх, ня сорам, але неахвоту і агіду да гэткага заробку. Красьці няцяжка. Горай з продажам скрадзеных рэчаў. Некалькі разоў надараліся мне добрыя магчымасьці, але ўнікаў іх. Можа, усё ж атрымаю працу. Есьць трохі грошай, таму магу пачакаць. Папраўдзе, становішча маё цяпер нашмат лепшае, чым па звальненьні з войска. Ведаю горад, лепш апрануты, маю крыху ў кішэні, каб пратрываць некалькі тыдняў.
Аднаго дня я стаяў у доўгай чарзе да акенца на Біржы працы. Вельмі знудзіўся. Мог бы сысьці, але чакаў з-за абавязку перад сабою, каб дасягнуць мэты і даведацца як звычайна, што «для вас нічога яшчэ няма». Па залі швэндалася, перавальваючыся, як качка, з нагі на нагу, якаясь тоўстая цётка. Увесь час выцірала хусткай спацелы твар. Было тут больш паненак, якія не выглядалі на шукальнікаў працы, але самі мелі патрэбу ў «несапсаваных, прыстойных дзяўчатах» для работы. Тоўстая цётка наблізілася да маладой, можа чатырнаццацігадовай дзяўчыны, якая, калі на яе не пазіралі, у кутку залі энэргічна чухала пальцамі зьнізу жывата. Я дзівіўся: чаму так робіць? Ці вашывая, ці карэлая? Пасьля кароткай размовы зь ёю тоўстая цётка дала дзяўчыне несьці пусты кошык і накіравалася да выхаду.
Ад пэўнага часу я бачыў, што па залі кружляе стары мужчына. Дарма што было горача, на ім было расшпіленае восеньскае паліто і фетравы капялюш. Ён таптаўся па залі, аглядаючы пільнымі вачыма людзей. Прасьлізнуў па мне прыжмуранымі шчылінкамі вачэй і пайшоў далей. Потым вярнуўся. Я зноў злавіў на сабе яго позірк. Неўзабаве заўважыў, што ўважліва назірае за мною. Гэта мяне занепакоіла. «Можа, шпег? А калі так, — заспакоіў сябе, — то доказаў няма… Хіба той цырульнік. Але што? Я таксама мог купіць скрадзены гарнітур… У той віле мяне ніхто ня бачыў». Але такая выснова мяне зусім не супакоіла. Я пачаў назіраць за дзядком. Не было сумневаў: той цікаваў за мной. У нейкую хвіліну яго засланілі некалькі праходзячых чалавек. Я кінуў чаргу і хапатліва выйшаў на вуліцу. Азірнуўся некалькі разоў. Ніхто за мной ня ішоў, ніхто за мной не сачыў.
За два дні я падаўся ізноў на Біржу працы. Грошай у мяне было ўсё менш, і трэба было шукаць працу. Стаючы ў чарзе, я часта аглядаў вялікую залю, але ня бачыў нідзе старога, які мінулым разам мяне ўпудзіў. Затое ізноў пабачыў тоўстую цётку, якая перавальвалася па залі, дапытліва аглядаючы дзяўчат, што шукалі працу. «Напэўна, яна выкінула тую вашывую», — падумаў пра дзяўчыну, якая тады зь ёю сышла. Азірнуўся. Перада мною стаяў дзядок у фільцовым капелюшы і ў расшпіленым восеньскім паліто. На вуснах яго грала лёгкая ўсьмешка, а прыжмураныя вочы іранічна пазіралі.
— Вы чаго хочаце? — спытаў я непрыязна.
— Прабачце, што перашкаджаю вам у гэтым цікавым занятку, — паказаў рухам далоні на чаргу. — Але хачу прапанаваць вам іншы занятак… больш прыбытковы, які зусім не перашкодзіць вам нудзіцца тут.
— Я якраз чакаю выніку… — сказаў я.
— І выдатна. Чакайце. Толькі таму я зьвярнуўся да вас цяпер, бо баяўся, што вы зьнікнеце… як мінулым разам. Тады вы неяк таямніча выпарыліся. І ўчора вас не было.
Читать дальше