Хоць меў думкі занятыя Лігіяй, выглядаў яе між грамадою, не мог не бачыць тых дзіўных і незвычайных рэчаў, якія дзеяліся навакол яго. Падкінулі тым часам смалякоў у вогнішча, якое абліло чырвоным святлом магільнік, прыцьмяваючы бляск лятарняў, і ў той жа хвіліне з гіпагеўма выйшаў старац, апрануты ў доўгую сярмягу з каптуром, але з адслоненаю галавою, і стаў на калені тут жа, ля вогнішча.
Грамада захвалявалася. Вобак Вініція пачалі адзывацца галасы: «Петрусь! Петрусь!»… Адны кленчылі, другія выцягалі да яго рукі. Настала так глыбокая цішыня, што чуцён быў кожны ападаючы ў агні вугалёк, барашчанне колаў на далёкай Намэнтанскай дарозе ды шорах ветру ў суседніх пініях.
Хілон нахіліўся да Вініція й шапнуў: — Гэта ён! Той першы вучань Хрыста, рыбак!
Старац падняў руку ўгару і крыжам перажагнаў кленчачых прысутных.
Вініціевы таварышы ды ён сам, каб не здрадзіцца, укленчылі таксама. Наш юнак спершку не мог валодаць сваімі ўражаннямі, выдавалася бо яму, што тая постаць, якую бачыў перад сабою, ёсць і прастачай адначасна і незвычайнай, а тым дзіўнейшай, што незвычайнасць выплывала іменна з ягонай прастачай шчырасці. Старац не меў ані мітры на галаве, ані дубовага вянка, ані пальмы ў руцэ, ані залатое табліцы на грудзях, ані шатаў зарыстых ці белых, адным словам — ніякіх такіх адзнакаў, якія насілі ўсходнія святары, егіпскія, грэцкія або рымскія фламіны. І зноў ударыла Вініція тая самая адметнасць, якую адчуваў ужо ў песнях хрысціянскіх, бо і гэты вось рыбак выдаваўся яму не архісвятаром нейкім, арбітрам цэрэмоніяў, але простым і вельмі дастойным сведкам, прыйшоўшым здалёк, прыносячы з сабою нейкую праўду, якую сам аглядаў, дасягаў рукою, у якую ўверыў так, як у рэчаіснасць, і мілаваў іменна дзеля таго, што ўверыў. З ягонага вобліку біла такая сіла пераканання, якую можа мець толькі сама праўда. Адыж Вініць, хоць скептык, а ўсё ж такі загарэўся цікавасцяй: што скажа гэны таварыш таемнага Хрыста, і што там за навука, у якую верыць Лігія і Пампонія Грэцына.
Тым часам Пётр пачаў мову, гаварыў спачатку, як бацька, што вучыць і дакладае, як павінны жыць. Нагадваў ім, каб выракліся збыткаў, раскошы ды каб мілавалі ўбогасць, нявіннасць абычаяў, праўду, каб цярпліва зносілі крыўду й праслед, каб слухалі старшых і ўлады, каб высцерагаліся здрады, крывадушнасці й абгавору, а ў канцы — каб давалі добры прыклад і самі між сабою, і паганам. Вініція, якому добрым выдавалася толькі тое, што дапамагала здабыць Лігію, а благім — што перашкаджала гэтаму, раздражнялі і гневалі некаторыя з тых радаў, здавалася бо яму, што старац, заляцаючы нявіннасць і змаганне з похацямі, не толькі граміць ягонае каханне, але й Лігію знеахвочвае да яго ды наганяе ёй упорства. Калі яна, думаў, ёсць тут і слухае гэных слоў шчыра, дык у гэнай хвіліне прымушана думаць аб ім як аб ворагу тае навукі і нягодніку.
Думка гэта ўзбудзіла ў ім злосць: «Ну і што ж за навіну пачуў я, — вайцяў сабе. — І гэта маецца быць тая нязнаная навука? Кажны гэта ведае й не раз ужо аб гэтым чуў. Або ж не заляцаюць убоства і абмежавання патрэб цынікі, або ж не паляцаў цноты Сакрат як рэч старую, але карысную? Першы-лепшы стоік, нат такі Сэнэка, што мае пяцьсот цытрыновых сталоў, славіў сціплую памяркоўнасць, заляцаў праўду, цярплівасць у горы, сталасць у нядолі — усё гэта старое ўжо, моў прылеглае збожжа, што мышы цярэбяць, бо людзі яго есці не хочуць за тое, што ад старасці пратухла»… І разам з гневам закрадаўся ў душу знявер, спадзяваўся бо адкрыць новыя чароўныя тайніцы, а прынамсь маніўся пачуць якога парываючага вымоваю рэтора, тым часам чуў толькі дужа простыя, без ніякае прыкрасы словы. Дзіўнай яму толькі здавалася тая загадкавая цішыня і ўважлівасць слухачоў. Старац гаварыў далей да тых заслуханых людзей аб тым, як маюць быць добрымі, ціхімі, справядлівымі, убогімі й чыстымі не таму, каб у гэным жыцці толькі мець супакой, але каб па смерці жыць вечна з Хрыстом у такім вяселлі, у такой славе, росквіце і радасці, якіх ніхто ніколі на зямлі не асягне. Вось тут Вініць, паміма ўпярэджання й знеахвоты, не мог не даследзіць розніцы між навукаю старца і навукаю цынікаў, стоікаў ці іншых філязофаў, тамтыя бо заляцалі цноты толькі як рэч разумную і практычную ў жыцці, а ён прыракаў за яе несмяротнасць, і то не абы-якую марную несмяротнасць падземную ў нудзе, нікчомнасці, процьме, але светазарную, роўную амаль несмяротнасці багоў. Пры тым гаварыў ён аб ёй, як аб рэчы зусім пэўнай, дык пры такой веры цнота набірала папросту безгранічнай цаны, а жыццёвая бяда-гора выглядала чымсь надта маленькім, сціплым, бо цярпець да часу для пазнейшага шчасця — зусім іншая рэч, чым цярпець толькі для кадука натуры. Старац талкаваў далей, што цноту і праўду трэба любіць не для іх саміх, бо найвышэйшым прадвечным дабром і цнотай ёсць сам Бог, вось жа хто мілуе іх, той мілуе Бога і праз тое сам становіцца ягоным мілым дзіцем. Вініць не цяміў гэтага добра, але ведаў ужо з гутаркі Пампоніі Грэцыны з Пятроніем, што Бог той, на думку хрысціян, ёсць адзіны і ўсёмагутны, а пачуў цяпер, што ёсць ён таксама і найвышэйшым дабром ды ўсёпраўдай, мімаволі здавалася яму, што перад такім Дэміюргам Ёвіш, Сатурн, Апалон, Юно, Веста і Венус выглядалі б моў якая разгуканая кучка, у якой буяняць усе разам і кажны на сваю руку. Але найбольш малады чалавек сумеўся, як старац пачаў навучаць аб тым, што Бог ёсць таксама і ўсёміласцяй, вось жа хто любіць людзей, той спаўняе найвышэйшае ягонае прыказанне. Але мала любіць людзей свайго народу, Бог-Чалавек за ўсіх бо праліў кроў і між паганаў знайшоў сабе выбранцаў, як, напрыклад, цэнтурыён Карнэлі, ды мала любіць тых, хто нам робіць дабро, Хрыстус бо дараваў і жыдом, што выдалі яго на смерць, і ваякам рымскім, што прыбівалі яго да крыжа, дык трэба тым, што робяць нам крыўду, не толькі прабачаць, але любіць іх і плаціць ім дабром за зло; мала любіць добрых, трэба любіць і благіх, любоўю толькі льго злосць з іх выкараніць.
Читать дальше