Толькі што скончыў Вініць чытаць, як у бібліятэку ўсоўваецца ціха неспадзяваны Хілон, бо служба мела загад пушчаць яго ў кожную пару дня й ночы.
— Хай боская маці твайго крывічэснага продка Энэя будзе міласціва табе так, як мне быў міласцівы боскі сын Майі.
— Гэта знача?.. — спытаў Вініць, зрываючыся ад стала, пры якім сядзеў.
Хілон падняў голаў і кажа: — Эўрыка!
Малады патрыцый узгарэўся так, што праз даўжэйшую хвіліну не мог слова прамовіць.
— Бачыў яе? — спытаў нарэшце.
— Бачыў Урсуса, спадару, і гутарыў з ім.
— І ведаеш, дзе схаваліся?
— Не, доміне. Хто іншы мо праз самае сябелюбства даў бы від лігу, што згадаў, хто ён такі, або пачаў бы выпытваць, дзе жыве, і дастаў бы куксача, ад якога ўсе зямныя стравы сталіся б нямілымі, або ўзбудзіў бы недавер вялігура і спрычыніў бы тое, што тае ж самае ночы пашукалі б іншага сховішча. Гэтага я не зрабіў. Даволі мне ведаць, што Урсус працуе ў млынара каля Эмпорыюма, які завецца Дэмас, так, як твой вызвольнік, а даволі мне гэтага таму, што цяпер кожны твой надзейны чалавек магчыме пайсці ягоным следам і выследзіць іхняе сховішча. Я прыношу табе толькі пэўнасць, спадару, што калі Урсус тут, дык і боская Лігія ёсць у Рыме, і другую вестку: сянняшняе ночы напэўна яна будзе ў Острыянуме… — У Острыянуме? Дзе гэта? — перапытаў Вініць, жадаючы мабыць зараз бегчы на тое мейсца.
— Стары магільнік між дарогамі Салярыя і Намэнтана. Той хрысціянскі pontifex maximus [36] Найвялікшы святар (лац.).
, аб якім табе, спадару, я згадваў ды прыезду якога спадзяваліся многа пазней, ужо прыехаў і сянняшняе ночы хрысціціме й навучаціме на гэным магільніку. Яны хаваюцца з сваёю навукаю, бо хоць няма дагэтуль ніякіх забараняючых эдыктаў, народ іх ненавідзіць, дык мусяць асцерагацца. Сам Урсус казаў мне, што ўсе як адна душа сыйдуцца ў Острыянуме, кожны бо хоча пабачыць ды паслухаць таго першага вучня Хрыстовага, якога яны завуць Высланцом. Жанчыны ў іх нароўні з мужчынамі слухаюць навукі, дык адна мо з іх толькі Пампонія, баючыся Аўлюса за начныя пабягушкі, не будзе прысутнай. Лігія, аднак, будучая пад апекай Урсуса і старшынаў гміны, прыйдзе, думаю, разам з іншымі жанчынамі.
Вініць, які дагэтуль жыў як бы ў гарачцы, падтрымоўваны надзеяй, цяпер, калі тая надзея здавалася спаўняцца, пачуў нагла такое стамленне, як падарожнік пасля непасільнай падарожы. Хілон гэта скеміў, дык пастанавіў выкарыстаць.
— Брамы, праўда, вартуюць твае, спадару, людзі, хрысціяне павінны аб гэтым ведаць. Але яны не патрабуюць брамаў. Тыбр таксама іх не патрабуе, і хоць ад тамтых дарог далёка, варта й дарогу адолець, каб пабачыць Вялікага Апостала.
Але яны маюць тысячы спосабаў выхаду з гораду. У Острыянуме, вашэць, знойдзеш Лігію, а калі б нават — чаго не прадбачваю — не было яе тамака, дык будзе Урсус, прырок бо мне задушыць Глаўка. Сам казаў мне, што будзе, і там яго замардуе, чуеце, крывічэсны трыбуне? Дык або пойдзеш следам за ім і даведаешся, дзе жыве Лігія, або загадаеш сваім людзям схапіць яго як забойцу і, маючы ў сваіх руках, выдабудзеш з яго вестку, дзе схаваў Лігію. Я сваё зрабіў! Іншы, спадару, круціў бы, што выпіў з Урсусам дзесяць кантараў першараднага віна, пакуль выкучыў з яго тайніцу; другі кляўся б, што мусіў прайграць яму ў scriptae duodecim [37] Дванаццаць рысак (гульня) (лац.).
тысячу сэстэрцыяў, або папросту за дзве тысячы купіў сакрэт… Ведаю, што ты заплаціў бы мне за гэта з вярхом, але няма таго, раз у жыцці… то знача хацеў сказаць: як заўсёды ў жыцці, буду чэсным, бо спадзяюся, згодна з словамі вялікадушнага Пятронія, усе патрэбы мае й надзеі твая шчодрасць перавышыць.
Вініць, які ўмеў сабе па-ваяцку даваць раду ў цяжкіх здарэннях, хутка апанаваў слабасць і сказаў: — Не ашахнешся на маёй шчодрасці, перш, аднак, пойдзеш са мною да Острыянума.
— Я да Острыянума? — пытаў збянтэжаны Хілон. — Я, сумленны трыбуне, абяцаў табе знайсці Лігію, але не прыракаў яе адбіраць… Падумай, спадару, што сталася б са мною, калі б той лігійскі мядзведзь, разадраўшы Глаўка, пераканаўся адначасна, што не зусім слушна яго разадраў? Ці не ўважаў бы мяне — бяспраўдна — за іставетнага выканаўцу забойства? Памятай, спадару, чым большы хто філязоф, тым цяжэй яму адказваць на глупыя запыты прасцюгі, бо й што ж яму адказаў бы, каб спытаў мяне, чаму абвінавачваў Глаўка?
Калі, аднак, падазраеш мяне ў круцельстве, скажу табе: заплаціш тады толькі, як пакажу табе дом, у якім жыве Лігія, сяння акажы мне частку толькі твае шчодрасці, каб, калі з табою, спадару, — хай багі бароняць — што благое здарылася, не застаўся я цалкам без заплаты. Сэрца тваё хіба таго не перажыло б.
Читать дальше