Дык, падумаўшы хвіліну, Пятроні кажа: — Свет на сабе трымае не Атлант, але жанчына, і часам забаўляецца ім, бы шпурляком.
— Так! — пацвердзіў Вініць.
І пачалі развітвацца. Але ў той жа хвіліне нявольнік далажыў, што ў сенцах чакае Хілон Хіланід і просіць пабачыцца.
Вініць загадаў упусціць яго зараз жа, а Пятроні сказаў: — А што! Не казаў я табе! На Геркулеса! Будзь толькі спакойным, бо інакш ён табою заўладае, не ты ім.
— Чэсць і прывітанне шляхотнаму трыбуну і табе, спадару! — кажа, уваходзячы, Хілон. — Хай шчасцю вашаму дараўняе слава, ды хай абяжыць яна цэлы свет ад стаўпоў Геркулеса аж па граніцы Аршацыдаў!
— Вітаем правадаўцу мудрасці й цноты! — адказаў Пятроні. А Вініць пытае, крывячы нібыта спакойнага: — Што нясеш?
— Першы раз я прынёс табе надзею, спадару, а цяпер прыношу пэўнасць, што дзявіца будзе знойдзена.
— Гэта знача, што дагэтуль яшчэ яе не знайшоў?
— Але, спадару, затое ведаю, што абазначае знак, які табе напісала, ведаю, хто яе адбіў, і ведаю, між якімі вернікамі трэ яе шукаць.
Вініць хацеў усхапіцца з крэсла, на якім сядзеў, але Пятроні спыніў яго і, звяртаючыся да Хілона, кажа: — Гавары далей!
— Ці ты зусім пэўны, спадару, што дзяўчына табе намалявала рыбу на пяску?
— Так! — зікнуў Вініць.
— Дык, знача, яна ёсць хрысціянкай, і адбілі яе хрысціяне.
Хвіліна маўчання.
— Слухай, Хілон, — адзываецца ўрэшце Пятроні, — мой сваяк падрыхтаваў табе за знаход красуні ладную колькасць грошай, але й не меншую колькасць розаг, калі асмелішся яго ашукваць. У першым выпадку купіш не аднаго, але трох пісцоў, у другім — філязофія ўсіх мудрацоў з дадаткам твае собскае не будзе табе гаючаю масцяй.
— Дзяўчына ёсць хрысціянкай, спадару! — адазваўся грэк.
— Падумай, Хілон, ты чалавек не дурны! Ведаем, што Юнія Сылана з Кальвіяй Крыспінілай абвінавачвалі Пампонію Грэцыну, што верыць у хрысціянскі забабон, але ведаем таксама, што дамовы суд апраўдаў яе ад гэтага закіду. Няўжо ты хацеў бы яго зноў уздымаць? Няўжо манішся нам уталкоўваць, што Пампонія, а разам з ёю і Лігія могуць належаць да непрыяцеляў роду чалавечага, да затрувальнікаў фантанаў і студняў, да паклоннікаў аслінай галаве, да дзецябойцаў і найагіднейшых распуснікаў?
Глядзі, Хілон, каб гэтая тэза, якую нам агалошваеш, не адбілася як антытэза на тваім хрыбце.
Хілон развёў рукамі, быццам гэта не яго віна, пасля кажа: — Спадару! Вымаві па-грэцку наступны сказ: Езус Хрыстус, Сын Божы, Збавіцель.
— Ну, добра, на табе!.. І што з таго?
— А цяпер вазьмі першыя літары кажнага слова і злажы іх так, каб утварылі адно слова.
— Рыба! [30] Ichtis! (грэч.).
— кажа здзіўлены Пятроні.
— Вось дзеля чаго рыба сталася меткай хрысціян, — адказвае самазадаволены Хілон.
Хвіліна маўчання. У домыслах грэка было, аднак, штось так рэвеляцыйнае, што абодва прыяцелі сумеліся.
— Вініць, — спытаў Пятроні, — ці ты не памыліўся, ці іставетна Лігія намалявала табе рыбу?
— На ўсе багі падземныя, можна здурэць! — загараецца малады чалавек. — Каб намалявала мне птушку, дык і сказаў бы — птушку!
— Дык ёсць хрысціянкай, — завяршыў Хілон.
— Гэта знача, — дадае Пятроні, — што Пампонія і Лігія затручваюць студні, мардуюць схопленыя на вуліцы дзеці ды аддаюцца бессаромным учынкам! Дурное! Ты, Вініць, быў даўжэй у іхнім доме, я быў коратка, але даволі ведаю і Аўла і Пампонію дый Лігію, каб гаварыць: лухта, чарнату нясінесіцё! Калі рыба ёсць меткаю хрысціян, чаму, праўда, нельга запярэчыць, і калі яны ёсць хрысціянкі, на Празэрпіну, відавочна, хрысціяне ня ёсць такімі, за якіх іх маюць.
— Гаворыш, моў Сакрат, спадару, — адказвае Хілон. — Хто калі цікавіўся хрысціянінам? Хто пазнаў іхнюю навуку? Як ішоў я перад трыма гадамі раз з Неапалю сюды, у Рым (ох, чаму там не застаўся!) , прылучыўся да мяне чалавек, лекар, называўся Глаўк, пра якога казалі, што быў хрысціянінам, адылі я пераканаўся, што гэта быў сумленны чалавек.
— Ці не ад яго ты й даведаўся, шго значыць рыба?
— На жаль, не, спадару! У дарозе ў адной гасподзе пырнуў нехта пачцівага старога нажом, жонку й дзіця ягонае схапілі гандляры нявольнікамі, а я ў абароне іх страціў гэтыя вось два пальцы. Адылі між хрысціянамі, чутно, здараюцца цуды, дык маю надзею, што мне адрастуць.
— Як гэта? І ты стаўся хрысціянінам?
— Ад учарашняга дня, спадару, ад учарашняга дня! Зрабіла мяне ім гэная рыба. Бач, якая, аднак, у ёй сіла! І за некалькі дзён буду найшчырэйшым з шчырых, каб толькі мяне дапусцілі да ўсіх сваіх тайніц, а як дапусцяць мяне да ўсіх сваіх тайніц, буду ведаць, дзе хаваецца красуня. Тады мо маё хрысціянства лепш мне аплоціцца, чым мая філязофія. Прырок я Мэркураму, калі мне дапаможа знайсці дзяўчыну, ахвярую яму дзве ялаўкі-аднагодкі аднае меры дый яшчэ з пазалочанымі рагамі.
Читать дальше