С. 170: Кана — паселішча ў Галілеі. …падчас каменавання Сцяпана… — паводле падання, у маладосці Павал удзельнічаў у збіцці каменнямі дыякана Сцяпана.
С. 171: «Veni, vidi, vici» — гэтая фраза складала пасланне Юлія Цэзара сенату, дзе ён паведамляў аб перамозе (увесну 47 г. перад н. э.) над басфорскім уладаром Фарнакам; Басфорская дзяржава з сталіцай у г. Пантыкапэй (цяпер Керч) займала тэрыторыю Керчанскага і Таманскага паўвостраваў. …бы каледонскі сабака… ў гарах Гіберніі… — Каледоніяй называлася паўночна-заходняя частка Шатландыі, а Гіберніяй — Ірландыя.
С. 173: …як бы іх чуў ад пытыі ў Дэльфах… — Пытыямі называліся жрыцы-прадказальніцы з святыні Апалона ў Дэльфах, горадзе блізу паўночнага ўзбярэжжа Карынфскай затокі; аракула зазвычай пыталіся ў найважнейшых выпадках, а адказы пытыі, якую нібыта натхняў сам Апалон, вызначаліся туманнасцю і двухсэнсоўнасцю.
С. 174: Тразымэнскае возера — вялікае, больш за 15 км даўжынёю, возера ў 150 км на поўнач ад Рыма.
С. 175: Цырцэя — легендарная чараўніца, дачка бога сонца Геліёса, што жыла на востраве Эя; Цырцэя ператварала ў разнастайных жывёлаў усіх, хто трапляў на востраў, але Адысей апынуўся адзіным, хто здолеў не паддацца ейным чарам.
С. 176: Мізэнум — мыс і горад у Кампаньі блізу Байя.
С. 177: Арыцыя — горад у 30 км на паўднёвы захад ад Рыма. Марсавае поле — плошча на беразе Тыбру ў паўночна-заходняй частцы Рыма, месца сходаў, шпацыраў і забаў. Лянавіюм — старажытны горад няўздалеч Альбанскіх гораў.
С. 178: …выліў ёй на голаў коўш фалерну… — маецца на ўвазе адзін з лепшых гатункаў італьянскага віна, выраблянага ў калябярэжнай вобласці Фалерн на поўначы Кампаньі.
С. 179: …на боскую валадарку пафійскіх гаёў… — г. зн. на Афрадыту, бо сярод пафійскіх гаёў на востраве Крыт знаходзілася найзнакамітшая святыня Афрадыты.
С. 180: Кай Вярэс (памёр у 43 г. перад н. э.) славіўся вялікім скарбам, прыдбаным, аднак, шляхам бессаромнага рабавання Сіцыліі, якою кіраваў у 73–71 гг. перад н. э. Праксытэлес, Мірон, Скопас, Лізыпас — знакамітыя грэцкія скульптары; напрыклад, Мірон (V ст. перад н. э.) , славуты сваімі дасканалымі выявамі чалавечага цела ў руху. …ці на Паросе, Пантэліконе існуе падобны мармур… — Востраў Парос у Эгейскім моры і гара Пантэлікон у Атыцы (на паўночны захад ад Афін) славіліся радовішчамі мармуру.
С. 182: Радос — вялікі востраў ля паўднёва-заходняга ўзбярэжжа Малое Азіі з аднайменным галоўным горадам, дзе знаходзіўся так званы Калос Радоскі, якога старажытныя людзі ўважалі за адно з сямі цудаў свету, бо гэта была гіганцкая бронзавая статуя бога Геліёса вышынёй звыш 30 м, узведзеная ў пачатку III ст. перад н. э. ля ўваходу ў гарадскую гавань. Панопа — горад у Факідзе, вобласці на паўночным узбярэжжы Карынфскай затокі, дзе яшчэ ў II ст. н. э. паказвалі астаткі гліны, з якой Праметэй нібыта выляпіў першых людзей. Леда — згодна міфу, жонка спартанскага караля Тындарэя, якую пакахаў Зэўс і з’яўляўся да яе ў выглядзе лебедзя, пасля чаго Леда знесла яйка (а ў некаторых версіях міфа гаворыцца аб некалькіх яйках) , адкуль вылупілася Гэлена-Прыгажуня; шкарлупінне таго яйка паказвалі ў Спарце яшчэ ў II ст. н. э. Панцыр сармацкі — племя сарматаў, або саўраматаў, жыло у наваколлі Мэатыйскага возера (цяпер — Азоўскае мора) , а вышэйназваны панцыр захоўваўся ў святыні Асклепіёса ў Афінах і сапраўды быў зроблены з конскіх капытоў шляхам наразання тонкіх пластак і змацоўвання іх паміжсобку. Эўбея — вялікі востраў ля ўсходняга ўзбярэжжа Сярэдняй Грэцыі.
Александрыя — маецца на ўвазе горад на востраве Фарос, ля якога знаходзіўся знакаміты маяк (больш за 100 м вышынёю) , пабудаваны ў пачатку III ст.
перад н. э., адно з сямі цудаў свету. Мэмфіс — сталіца Старажытнага Егіпту (на поўдзень ад сучаснага Каіра) , знакамітая праз свае святыні. Волас Ізыды — калі мужа Ізыды, Озырыса, забіў ягоны брат Сэт, жанчына сабрала кавалкі парэзанага цела і пахавала іх; пазней Озырыс уваскрос з ейнай дапамогаю ды заўладарыў у падземным свеце. Мемнон — у грэцкай міфалогіі валадар Этыёпіі, хаўруснік траянцаў; лічылася, што велізарная фігура, узведзеная ў Егіпце за часамі фараона Аменхатэпа III (2-я палова ХV ст. перад н. э.) , увасабляла менавіта Мемнона; пашкоджаная землятрусам, статуя вывяргала на досвітку гук, пра які казалі, што гэта Мемнон вітае сваю матку, багіню Эос; статуя Мемнона была таксама адным з цудаў свету.
Читать дальше