Тыя схаваліся ў праходах або ў ніжэйшых куткох. А тым часам зраўнавана арэну. Пачалі капаць на ёй ямы, адна пры другой, у рады праз усё круговішча ад берагу да берагу так, што апошні іхні рад падыходзіў на колькінаццаць крокаў ад цэзарскага подыюма. Звонку даносіўся гоман публікі, крыкі й воплескі, а тут кіпела гарачкавая падрыхтоўка да нейкіх новых пакутаў. Нараз адчыніліся кунікулы і з усіх атворышчаў, выходзячых на арэну, пачалі выганяць грамадкі хрысціян, нагіх і нясучых на плячох крыжы. Зараіўся імі ўвесь амфітэатр. Беглі старцы, сагнутыя пад цяжарам крыжавых бярвенняў, побач мужчыны сярэдняга веку, жанчыны з распушчанымі валасамі, пад якімі стараліся схаваць сваю нагату, недарослыя хлапчаняты ды малыя дзеці. Крыжы па большай частцы, як і ахвяры, увенчаныя былі кветкамі. Цырковая прыслуга, сцёбаючы небаракаў бізунамі, падганяла іх, каб настаўлялі крыжы ў гатовыя ямы ды самі станавіліся пры іх чарадою. Такім чынам меліся дакончыць тых, якіх першага дня ігрышчаў не паспелі выпхнуць на зжыранне дзікаму звяр’ю.
Цяпер хапалі іх чорныя нявольнікі і, кладучы ахвяры плячыма на дрэве, прыбівалі ім рукі да папярочак старанна й хутка, так, каб публіка, вярнуўшыся з пачосткі, застала ўсе крыжы стаячымі і ўкапанымі. Па ўсім амфітэатры разлягаўся гук малатоў, а рэха ягонае разыходзілася па ўсіх шэрагах і выходзіла аж навонкі, на пляц ды пад палатку цэзара, дзе ён частаваў вясталкі і аўгустыянскае таварыства. Там пілі віно, жартавалі з Хілона і нашэптвалі рознае балаўство святаркам Весты, а на арэне кіпела праца, кастылі занураліся ў цела рук і ног хрысціян, брынчэлі рыдлёўкі, закопваючыя крыжы.
Але між ахвярамі, чакаючымі на сваю чаргу, быў Крысп.
Львы не мелі часу яго задраць, дык прызначылі яму крыж, а ён, заўсёды гатовы на смерць, радаваўся ў думках, што прыбліжаецца ягоная часіна.
Выглядаў сяння інакш, бо высахшае цела ягонае было зусім голае, толькі перапаска з бярвенцу акрывала яму клубы, а на галаве меў ружовы вянок.
Уваччу, як заўсёды, іскрылася тая ж самая непераможная энергія, ды тое самае суровае аблічча выглядала з-пад вянка. Не змянілася таксама і ягонае сэрца, бо як калісь з кубікулюма пагражаў гневам Божым паабшываным у скуры субратом, так і сяння граміў іх, замест пацяшаць.
— Дзякуйце Збаўцу, — мовіў, — што дазваляе вам паміраць такою смерцю, як Сам памёр. Можа, частка віны вашае будзе вам за гэта адпушчана, а ўсё ж такі дрыжэце, бо справядлівасць свайго вымагае, і не можа быць аднолькавае адплаты для злых і добрых.
А словам ягоным акампаніяваў водгалас малатоў, якімі прыбівалі рукі й ногі бедных ахвяр. Штораз больш крыжоў станавілася на арэне, а ён, звяртаючыся да грамадкі тых, што стаялі шчэ кожны пад сваім крыжам, мовіў далей: — Бачу адкрытае неба, але бачу й адкрытую адхлань… Я і сам не ведаю, як здам справаздачу Госпаду з майго жыцця, хоць верыў моцна ды ненавідзеў зла, і не смерці баюся, але ўваскрэсення, не пакуты, але суду, бо настае дзень гневу… Нараз з найбліжэйшых лавак адзываецца нейкі голас, спакойны і паважна-радасны: — Не дзень гневу, але дзень міласэрнасці, дзень і шчаслівасці, бо заручаю вам: Хрыстус прыгорне вас, пацешыць і пасадзіць праваруч Сябе. Узмацняйце надзею, бо вось адкрываецца неба над вамі.
Вочы ўсіх пабеглі да лавак; нат тыя, што ўжо віселі на крыжох, паднялі блядыя, збялелыя галовы і паглядзелі ў бок мовячага мужа. А ён падыйшоў аж да бар’еры, акружаючае арэну, і пачаў іх жагнаць знакам крыжа. Крысп выцягнуў да яго руку, казаў бы для прыгрозы, але, убачыўшы ягонае аблічча, апусціў руку, упаў на калені і вышаптаў: — Апостал Павал!..
На дзіва ўсім цырковым прыслужнікам, пакленчылі ўсе, каторых не паспелі дагэтуль прыбіць да крыжа, а Павал з Тарсу звярнуўся да Крыспа й кажа: — Крысп, не пагражай ім, бо сяння яшчэ будуць з табою ў раі. Ты думаеш пра іхнюю вечную згубу. Ды хто ж іх асудзіць на загубу? Няўжо Бог, які аддаў за іх Сына свайго? Няўжо Хрыстус, які памёр дзеля іхняга збаўлення, як і яны паміраюць дзеля Ягонага імені? Як жа можа загубіць навекі той, што мілуе? Хто возьмецца абвінавачваць выбраных Божых? Хто назаве гэную кроў: праклятая?!
— Настаўніку, я ненавіджу зла, — прабачаецца стары духоўнік.
— Хрыстус загадаў больш любіць людзей, чым ненавідзець зла, бо ягоная навука ёсць любоўю, не нянавісцю… — Зграшыў я перад смерцю, — каецца Крысп.
І пачаў біцца ў грудзі. Тады падыходзіць да Апостала загадчык лавак і пытае: — Ты хто такі, што асмельваешся пацяшаць вінаватых?
Читать дальше