«Ці Хрыстус цяпер, — пісала, — ці па смерці мяне вызваліць. Ён абяцаў табе мяне праз вусны Апостала, дык я твая». І заклінала яго, каб не жаліўся па ёй ды не паддаваўся болю. Смерць не разарве ейных шлюбаў. З дзіцячым даверам запэўнівала Вініція, што зараз па смерці на арэне скажа Хрысту, што ў Рыме застаўся ейны сужэнец, Марк, які цэлым сэрцам тужыць па ёй. І думала, мо Хрыстус дазволіць ейнай душы вярнуцца на хвіліну да яго сказаць, што яна жыве ў шчасці, забыўшы пра пакуты. З усяго ейнага ліста веела шчасцем і моцнай надзеяй. Была ў ім адна толькі просьба зямная: каб Вініць забраў з сполярыюма ейнае цела і пахаваў яе як сваю жонку ў той магіле, дзе сам калісь спачываціме.
Ён чытаў той ліст з душою збалелаю, але адначасна здавалася яму непраўдападобным, каб Лігія магла згінуць ад дзікіх клыкоў звяроў і каб Хрыстус не злітаваўся над ёю. Меў надзею й веру. Вярнуўшыся дамоў, адпісаў, што будзе прыходзіць штодзень пад муры Туліянум чакаць, пакуль Хрыстус не скрышыць муроў ды не аддасць яе нат з цырку, што Вялікі Апостал моліць у Яго гэтага, і што хвіліна вызвалення недалёкая. Ліст назаўтра меўся ёй аднесці навернены цэнтурыён.
Але вось, калі Вініць прыйшоў наступнага дня пад вязніцу, сотнік, выйшаўшы з шэрагаў, падыйшоў да яго і сказаў: — Слухай, спадару, Хрыстус, які саслаў табе крыж, аказаў табе сваю ласку. Сянняшняе ночы прыходзілі вызвольнікі цэзара і прэфекта выбіраць ім хрысціянскія малодухны, каб зняславіць, аганьбаваць. Пыталіся і пра тваю сужаніцу, але Госпад наш саслаў на яе гаручку, ад якое паміраюць вязні ў Туліянуме, дык абмінулі яе. Учора ўвечары была ўжо непрытомная, і, хвала Богу, хвароба гэта, якая ўсцерагла ад ганьбавання, можа ўсцерагчы і ад смерці.
Вініць хапіўся за плячо ваяка, каб не паваліцца, а той гаварыў далей: — Дзякуй Хрысту міласэрнаму! Ліна схапілі і хацелі тартураваць, але як паглядзелі, што канае, аддалі яго назад. Можа, і табе аддадуць яе цяпер, а Хрыстус верне ёй здароўе.
Малады трыбун стаяў, звесіўшы голаў, пасля падняў позірк і кажа ціха: — Так, цэнтурыёне. Хрыстус, які выбавіў яе ад ганьбы, выбавіць яе і ад смерці.
І, даседзеўшы пад сценамі вязніцы да вечара, вярнуўся дадому і выслаў сваіх людзей па Ліна, каб перанеслі яго ў адну з ягоных віллаў крайгорада.
Пятроні, аднак жа, даведаўшыся пра ўсё, рашыўся старацца яшчэ. Быў ужо раз у аўгусты, а цяпер пайшоў да яе паўторна. Застаў яе пры пасцелі Руфія. Дзіцянё з разбітаю галавою трызніла з гарачкі, а маці ратавала яго, ледзь стрымліваючы жудзь у сэрцы й думках, не будучы пэўнай, ці па выздараўленні не памрэ яно страшнейшаю смерцю. Затурбаваная выключна собскім болем, не хацела нат і слухаць пра Вініція й Лігію, але Пятроні прыстрашыў яе.
— Угнявіла, — кажа ёй, — новае няведамае боства. Ты ж, аўгуста, аддаеш быццам пашану гэбрайскаму Егове, але хрысціяне цвердзяць, што Хрыстус быў Сынам Ягоным, дык падумай, ці не пераследуе цябе гнеў Айца. Хто ведае, ці тое, што спаткала цябе, не ёсць іхняю помстаю, і ці жыццё Руфія не ёсць залежным ад таго, як ты паступіш.
— Чаго ж ты хочаш ад мяне? — спытала трывожная Папея.
— Перапрасі загневаныя боствы.
— Як?
— Лігія захварэла. Пастарайся ў цэзара або Тыгэліна, каб яе аддаў Вініцію.
А яна роспачна: — Ці думаеш, я магу?
— Можаш іншую рэч. Калі Лігія выздаравее, мусіціме йсці на смерць.
Ідзі ў святыню Весты й зажадай, каб virgo magna [75] Вялікая дзявіца (лац.).
знайшлася прыпадкам каля Туліянума ў той час, як будуць выводзіць вязняў на смерць, і загадала вызваліць тую дзяўчыну. Вялікая вясталка не адмовіцца на тваё слова.
— А калі Лігія памрэ з гаручкі?
— Хрысціяне кажуць, што Хрыстус мсцівы, але й справядлівы: быць можа, сама толькі добрая воля твая абласкавіць яго.
— Хай мне дасць які знак, што аздаровіць Руфія.
Пятроні паціснуў плячыма.
— Я не прыйшоў як пасланец Ягоны, о боская, кажу табе толькі: будзь лепш у згодзе з усімі боствамі рымскімі й чужымі.
— Пайду! — адказала спакораным голасам Папея.
Пятронію дух адкаціўся.
«Нарэшце нечага дастукаўся!» — падумаў.
І, вярнуўшыся, кажа Вініцію:
— Прасі свайго Бога, каб Лігія не памерла з гаручкі, бо калі не памрэ, дык Вялікая Вясталка загадае вызваліць яе. Сама аўгуста будзе яе аб гэтым прасіць.
Вініць паглядзеў на яго вачыма, у якіх лунала гарачка, і адказаў: — Яе вызваліць Хрыстус.
А Папея, якая дзеля ратавання Руфія гатовая была паліць гекатомбы ўсім багом свету, таго ж дня шчэ вечарам пайшла на Форум да вясталак, паручыўшы дагляданне хворага дзіцяці вернай няньцы Сільвіі, якая і яе ж самую выняньчыла.
Читать дальше