— Блюзнер! — кіпеў хлебнік.
— Змоўч, кажу, — усміхаўся Кляонік. — А то я з цябе лішняе дрэва здыму або зусім зраблю з цябе Яна Непамуцкага [44] Адрэжу галаву.
.
— А вось табе і торба дзеля гэтага. — Кірык кінуў да ног хлебніка мех.
— Гэта яшчэ нашто? — пачырванеў той.
— Ён даў табе дзесятую частку талера. Гэта больш паловы вось гэтага меха.
Зянону было хоць праз зямлю праваліся. Сам не здолеў, лабідуда, то вось сябры за яго распінаюцца.
— Не, — ледзь выдушыў хлебнік.
— Значыцца, не дасі жыта?
— Раджу, ці што?
— Та-ак, — падазрона спакойна сказаў Кірык. — Духі святыя ўсё падзяўблі, мышы падсудныя.
І ён раптоўна ўзяў хлебніка за грудзі.
— П'янюга, мачыморда, рабаўнік, ты ў мяне зараз Нёманаву ваду будзеш піць да страшнага суда.
— Дзядзька… Дзядуля… Татуля… Швагер.
— Ідзі, — кінуў яго ў дзверы Вястун.
Хлебнік пабег у склад.
— Дзі-ур-лі-бе-бе-бе-бя-бя-бя, — непераймальна, да самых нізкіх гукаў спускаючыся, прабляяла яму наўздагон дуда. Нібы вялізны дурны баран аддаваў Пану Богу садухі.
…Трохі пазней сябры спусціліся ніжэй Каложскай царквы, да Нёмана. Шырокі, імкліва-прыгожы, празрысты, ён ляцеў, як страла. Праменні сонца гулялі на плыні, на купалах Каложы, на свінцовых, пазалочаных рамах у яе вокнах, на аліўкава-зялёных, карычневых, вясёлкавых крыжах з майалікі, на дахах і крыжах Барысаглебскага манастыра. На недалёкай драўлянай званіцы «Алене», пабудаванай коштам жонкі былога вялікага князя, блішчалі ахвяраваныя ёю званы. Шмат. Дзесяткі два.
Некалькі маладых мніхаў-жывапісцаў з манастырскай школы сядзелі на сонейку, корпаліся з фарбамі ў драўляных лыжачках, у паловах яечных шкарлупак, у кубачках, памерам з напарстак. Малявалі нешта на дошках, цюкалі чаканчыкамі па золаце і срэбры.
— Таксама радыя цеплыні, — сказаў распешчана дудар. — Божаму сонейку.
— А яны што, не людзі? — усміхнуўся Кляонік.
— Дык вы ж адны адных не лічыце за людзей, — буркнуў Турай.
Каваль пакасіўся на яго.
— Яны — людзі, — сказаў разьбяр. — І страшэнна здольныя людзі. У мяне з імі больш братэрства, чым хаця б з тым… капланам Басяцкім. Непамысна мне, калі гляджу я ў ягоныя вочы. Ён нешта такое патаемнае, страшнае.
— Кінь, — сказаў Марка. — Што ён, ад веры можа нас адвесці? Мы вас не чапаем, а вы нас не чапаеце.
— Мы не чапаем. Яны могуць зачапіць.
— Яны? — усміхнуўся Марка. — Слабыя? Колькі іх на Гародню?
— А «Ганну» яны, слабыя, ужо адабралі ў вас. І пісар Богуш, са згоды караля, на іхнюю карысць былым Спасаіконапрэабражэннем паступіўся.
— То ён жа табе лепей…
— Мне ён не лепей. Мне будзе кепска, калі святую нашу раўнавагу яны парушаць. Калі ты за рэбры павіснеш, а я, каталік, за кампанію з табой. Як сябар. Чуў, вяшчальнікі сёння што крычалі? Мышэй судзяць. Нібыта проба. А доказная інквізіцыя гуляць пайшла. Малады Бекеш быў у Італіі, у Рыме. Жах там робіцца.
— І нашыя не лепей, — сказаў Турай.
— Правільна. Але «нашыя» далёка, — сказаў Вястун. — А гэтыя бліжэй і бліжэй. То што там казаў Бекеш?
— А тое. Страшныя ідуць часы. Царкву маю нібы ахапіў злы дух. Манахі і папы гуляшчыя і прагныя. Тысячамі паляць людзей. Цёмнае ідзе, хлопцы.
— Гэ-э, — сказаў Зянон. — Дарэмна ў набат б'еш. Тут у нас свой закон. Нікога асабліва за веру не чапаюць. Ну, паступіўся Богуш «Спасам». А чаму забываеш, што ён праваслаўны, што ён гэтаму вось манастыру Чышчаўляны падарыў, што нават вялікая княгіня яму, манастыру, званіцу пабудавала і сад пажалавала. Што суседняе з намі Панямунне яму кароль падарыў.
— Былы кароль, — сказаў Вястун. — Былая каралева. Цяпер у нас каралева рымлянка. З тых месцаў, дзе людцаў тысячамі паляць.
— Так, — сказаў Кляонік. — Дачка медзіяланскага [45] Міланскага. Бона Сфорца.
князя.
— Дый Богуш ужо не той, — казаў далей каваль. — Хістаецца панства, хлопцы. Войт у нас хто? Іншыя паны? Праўду кажа Кляонік. Як бы нам сапраўды на коле не верашчаць. Асабліва калі яны, як з мышамі, спяюцца… нашыя ды іхнія. А мы ж таксама для іх… мышы… Страшныя ідуць часы.
Яны адышлі далей, каб не перашкаджаць мастакам, і разваліліся на траўцы. Зянон, сядаючы на свой мех са збожжам, думаў.
— Дурні яны, ці што? — урэшце спытаў ён. — Мышэй судзяць?
— Не яны дурні, — сказаў Дудар. — Гэта мы дурныя, як дарога. Хіба маленькія могуць столькі з'есці? А Камар іх судзіць.
— А Камар хіба вялікі? — спытаў Кляонік.
— А з добрую такі свінню будзе, — сказаў Вястун.
Маўчалі. Ласкавае — ля ракі — сонца гладзіла твары.
Читать дальше