Ён выцягнуў манету з-за шчакі, лінуў на яе вадою з цэбра, што стаяў на зрубе.
— Чаго мыеш?
— Я-то здаровы. А бываюць розныя, пракажоныя хаця б. Хоць усё гэта і ад Бога, а ў рукі браць брыдка.
— Ну, гэта як каму, — усміхнуўся хлебнік.
— То дасі?
Хлебнік пачухаў галаву:
— Дынарый кесара. Любы ты мой чалавек. Чалавек ты ўжо дужа харошы. Горды. Ну, можа, наскрабу. — І манета знікла, нібы яе й не было.
Зянон стаяў і чакаў. Праехаў паўз яго воз з сенам да брамы бернардынаў. Побач ішоў здаровы дурыла-манах. Калматы сялянскі конік пацягнуўся быў да воза — манах ударыў яго па храпе. Конік звыкла — нібы заўсёды так было паложана — апусціў галаву са слёзнымі вачыма.
І тут Зянон убачыў, як напярэймы возу ідзе знаёмы каваль, Кірык Вястун, боўдзіла, можа, толькі на галаву ніжэйшы за славутага Пархвера. Твар адмыў, а рукі — чорт ты іх нават за тыдзень адмыеш. Смяецца, зубы прадае. Жоўты ў пшанічны колас, як агонь у ягонай кузні. Вочы ястрабіныя. Скураны фартух цераз плячо, у адной руцэ молат. А з ім ідзе яшчэ адзін здаравіла (ох, і здаровы ж гародзенскія мяшчане, дый паўсюль па Белай Русі не горшыя!), толькі што худзейшы ды валасы занадта доўгія. Гэты — у бялюткай, як снег, світцы і ў данельга заляпаных гразёю поршнях. Цераз плячо — казіныя мяхі вялізнай дуды.
Дудар глянуў на сцэну з конікам, пайшоў да воза і скубануў адтуль вялікі ахапак сена. Манах сунуўся быў да яго, але тут павольна падышоў Вястун.
— Чаго табе, чаго? — спытаў нявінным голасам.
Дудар ужо кінуў сена коніку.
— Еш, Божая худоба, — і трапануў яго па грыўцы, што звісла на вочы. Жывёла прагна пацягнулася да сена.
— Сена шкадуеш, куражэр? — спытаў Кірык. — От так табе чэрці ў пекле халоднай вады пашкадуюць.
— Сам у пекле будзеш, дысыдэнт [40] Хрысціянін, не каталік.
, — сказаў бернардынец.
— За што? За тое, што не так жагнаюся? Патрэбна гэта Пану Богу, як тваё мінулагодняе дзярмо.
— Блюзнер! — круцячы вачыма, як баран перад пратэсамі, прахрыпеў мніх.
— Скубі яшчэ ахапак! — скамандаваў Кірык.
Валыншчык марудзіў, бо манах пацягнуўся да корда. І тады каваль узяў яго за руку з кордам, хвіліну павагаўся, адольваючы немалое супраціўленне, і павёў руку з кордам да мніхава лба:
— А вось я цябе навучу, як схізматы хрысцяцца. Хаця раз ды саграшы.
Каб не параніцца, бернардынец расціснуў кулак. Корд змейкаю бліснуў у пыле. Дудар падумаў, узняў яго, з сілаю шпурнуў у студню. Там гулькнула. Ён паправіў дуду і пайшоў да воза.
— Вось так, — Вястун з сілаю прыпячатаў мніхаў кулак да ягонага лба. — І вось так, — мніх сагнуўся ад штуршка ў жывот. — А цяпер правы плячук… Куды ты, куды? Не левы, а правы. А вось цяпер — левы.
І з сілаю адкінуў мніха ад сябе.
— Блюзнерства гэта, Кірык, — няўхвальна сказаў дудар. — Гарэзаванне.
— Кінь, — плюнуў каваль. — Унь Кляонік каталік. Што я, прымушаў яго па-нашаму жагнацца? Ды я яго кулаком абмахаў, а не пяццю пальцамі. Кінь, дудар, сам хвігаю жагнаешся.
Конік удзячна хітаў галавою. І тут сёй-той на плошчы, і Зянон, і нават сам каваль свіснулі. З абскубенага воза тырчалі жаночыя ногі, падціскаліся. Мніх з бліскавічнай хуткасцю ссунуў на іх сена, пабег побач з коньмі, падганяючы іх.
Брамнік з грукатам адчыніў перад возам браму. Усміхнуўся з разуменнем справы.
Воз знік. Ляснулі палавіны брамы.
— Бачыў? — з рогатам спытаў Кірык. — Вось табе і скубанулі.
— Вачам не веру, — палез у патыліцу дудар.
Сябры з рогатам рушылі вуліцай, стараючыся заняць як мага больш месца.
«Трэба будзе з кавалём пагаварыць», — падумаў Зянон.
Хлебнік ужо выйшаў з невялічкім хатульком. Гледзячы ў спіны сябрам, шапянуў:
— Ерэтыкі. Цяпер вядома, адкуль такія лісткі падмётныя, вабныя з'яўляюцца, ад якіх такіх братэрстваў.
Зянон убачыў клуначак.
— Ты што? Пабойся Бога, хлебнік.
— Уздаражэла збожжа, — пазяхнуў той. — Ну і… потым… табе ўсё адно праз тыдзень прыходзіць, то астачу, столькі ж, тады возьмеш. Каб не навальваўся адразу, каб далей хапіла. Я цябе шкадую.
— А збожжа тым часам яшчэ ўздаражае?
— Шкадуй пасля гэтага людзей, — сказаў рыбнік.
— Слухай, ты, — засіпеў хлебнік. — Мала ў мяне хлеба. Зусім амаль няма. І мог бы я табе і праз тыдзень нічога не даць, і ўвогуле не даць. Ціхон Вус твой сябар?
— Ну, мой.
— Не ведаеш закону? Між сяброў кругавая парука. Вус мне двойчы па столькі вінен. Ідзі… І калі хочаш, каб увесь горад цябе па языках трапаў, каб усе ў цябе пальцамі торкалі і казалі: «Вось, кіпаць [41] Кіпаць — зняважлівае, даўнейшае прозвішча мужыкоў: кулак, скупая цёмная дзеравеншчына.
, мужык прагны, сябра, чулі, як шкадуе, як выручыць не згадзіўся?…», калі хочаш прытчай і наруганнем агульным быць — тады прыходзь праз тыдзень за другой паловай.
Читать дальше