Зянон стаяў бледны. Ён ведаў: яго толькі што бессаромна падманулі. І што цяпер даваць дзецям? Але ён ведаў і тое, што ні праз тыдзень і ніколі не прыйдзе па астатняе збожжа. Звычай ёсць звычай. Ніхто не дапаможа, усе будуць паказваць пальцамі на чалавека, які не заплаціў доўг за бліжэйшага друга, не дапамог яму.
Акруціў, навалач-хлебнік.
Заграбаючы поршнямі пыл, Зянон рушыў ад крам. Што ж цяпер рабіць? Што будуць есці дзеці?
Рука ягоная трымала клунак, зусім не адчуваючы яго, нібы ватнымі пальцамі. Усё больш разгіналіся яны — ён не заўважаў, глядзеў невідушчымі вачыма перад сабой.
Хатулёк выслізнуў у пыл і, не завязаны, а проста сабраны, расхінуўся. Жыта пасыпалася ў пыл. Ён хацеў сагнуцца і падабраць хаця тое, што ляжала купкаю, але ў гэты момант са стрэх, з дахаў, са званіц касцёла бернардынцаў, адусюль, са свістам разразаючы паветра, падаючы проста грудзьмі, рынулі на яго соценныя чароды галубоў.
Ежы ім апошнія месяцы не хапала. Ашалелыя ад голаду, забыўшыся на ўсялякае самазахаванне, яны біліся перад Зянонам у пыле, дзяўблі зямлю і адзін аднаго, суцэльным комам варушыліся перад ім.
— Вестуны Божага міру, — разумеючы, што ўсё прапала, сказаў мужык. Не даваць жа выспятка, не таптаць было святую птушку. Зянон махнуў рукою.
— Разява, — зарагатаў ля крамы рыбнік. — Рукі ў…
Зянон не пачуў. Ён доўга ішоў бязмэтна, а потым падумаў, што ўжо ўсё адно, што трэба, ад няма чаго рабіць, хаця б знайсці Вестуна, пагаварыць трохі, адцягнуць нясцерпнае вяртанне дахаты.
І ён пайшоў у той бок, дзе зніклі дудар і Вястун. Не дайшоў. Насустрач яму ішлі яшчэ знаёмыя. Адзін, шырокі ў касці, да сіняга чорны і добра такі сівы, падстаркаваты гараджанін цягнуў, нібы звязку аеру, ахапак адкутых мечных палосаў. Другі, малады і вельмі падобны на падстаркаватага, такі самы сухі тварам, гожы, праманосы, з добра выразаным усмешлівым ротам, валок інструмент. Гэта былі мечнік Гіаў Турай і ягоны сын, Марка.
— Здароў, Зянон, — сказаў Марка.
— Дзень добры, — сказаў Гіаў.
— Здароў.
— Чаго гэты ты, нібы каня няўдала ўкраў? — спытаў Марка.
Зянон неахвотна расказаў усё. Гіаў свіснуў і раптам сказаў сыну:
— Ану, пайшлі з ім. Кідай справу.
— Чакай, Кляоніка возьмем. Дый цяжар там пакінем.
— Ну, давай.
Яны пакрочылі да невялікай майстэрні ў суседнім Разьбярным куце.
— Вы, хлопцы, Ціхону Вусу толькі нічога не кажыце. Сорам! Задражняць. Скажуць: «Кіпаць».
— Ты, дзядзька, маўчы, — сказаў Марка.
Перад домікам разьбяра пылу не было. Усю вулку тут засцілаў тоўсты слой стружак і габлюшак, і старых, пацямнелых, і пахучых, новых. Пад навесам, што апаясваў будыначак, стаялі загадзя зробленыя падмайстрамі балванкі, недаробленыя багі. І вялікія, і сярэднія, і зусім малыя. Над нізкімі дзвярыма — складзень з двума адкінутымі, як аканіцы, палавінамі (каб прыкрыць у дождж ці завіруху). У складні, на немалую спакусу ўсім — Маці Божая, як дзве кроплі вады падобная на славутую зеляніўшчыцу з Рыбнага рынку Фаўстыну, нават не каталічку. Фаўстына, склаўшы ручкі і схіліўшы ўсмешлівую, чарцячую галоўку, з цікаўнасцю, бы з яра на голых купальшчыкаў, глядзела на людзей.
— Кляонік, дружа! — гукнуў Марка.
Адчынілася слюдзяное акенца. Выглянула, як на майстра, то і зусім саплівая (год пад трыццаць), галава. Смяецца. А чаго не смяяцца, як дагэтуль халасты, як усе цябе любяць, нават прыгажуня непараўнальная, Фаўстына.
Кляонік, вітаючы, узняў руку з разцом. Валасы, як залацістая хмара. Цёмна-блакітныя вочы і велікаваты рот смяюцца. І Марка засмяяўся яму ў адказ. Сябры! Усмешкі аднолькавыя. Вельмі прыемныя, трохі лісіныя, але бяспечныя.
— Выходзь, Кляонік, справы.
— Чакай, вось толькі задніцу святой Інэсе дараблю, — сказаў разьбяр.
— Як задніцу? — спытаў Гіаў.
Замест адказу Кляонік паказаў у акно драўляную, у палову сажня, статуэтку жанчыны, якая ўкленчыла перад кімсьці. У жанчыны былі доўгія, да зямлі, валасы. Невядома, як гэта ўдалося разьбяру, але каштанавае дрэва гэтых валасоў было лёгкае нават на выгляд і, здавалася, празрыстае. А паколькі жанчына трохі схілілася, прыціскаючы гэтыя хвалі да грудзей, валасы ўпалі наперад, прыагаліўшы частку спіны. Дзіўнай прыгажосці была гэтая спіна, схопленая мастаком ў лёгкім, амаль непрыкметным, але поўным грацыі выгіне.
І нічога тут не было кепскага, але разьбяр нібы саромеўся трохі і гаварыў грубавата.
— А так. Яна ж валасамі галізну прыкрыла ў паганскай турме. Дзіва здарылася.
— Дык, пэўна, і… спіну? — сказаў прыгаломшана Гіаў.
Читать дальше