Ён знаходзіўся ў цэнтры горада і перажыў чатыры пакаленні заможных і паважаных прадпрымальнікаў. "Ora et labora" [31] "Ora et labora" (лац.) – "Маліся і працуй", адно з правілаў Ордэна бенедыкцінцаў.
было напісана над уваходнымі дзвярыма, і калі з прасторнай цаглянай прыхожай, якую зверху аблямоўвала галерэя з пакрытага белым лакам дрэва, падымацца па шырокай лесвіцы, то трэба было перасекчы прасторнае фае і маленькую цёмную залу з калонамі, каб цераз адны з высокіх белых дзвярэй трапіць у гасцёўню, дзе сядзела за раялем і грала мая маці.
Яна сядзела ў паўзмроку, бо на вокнах віселі цяжкія, цёмна-чырвоныя гардзіны; а белыя фігуркі багоў на шпалерах, здавалася, пластычна выступаюць з блакітнага задняга плану і пры слухоўваюцца да гэтых цяжкіх, нізкіх пачатковых гукаў шапэнаўскага накцюрна, які яна найбольш любіла і заўсёды выконвала вельмі павольна, каб атрымаць усю асалоду ад меланхоліі кожнага акорда. Раяль быў стары і страціў паўнату гучання, але пры дапамозе педалі "піяна", якая так прыглушала высокія гукі, што яны нагадвалі матавае срэбра, можна было дасягнуць незвычайнага эфекту.
Я сядзеў на масіўнай дамаставай канапе з вертыкальнай спінкай, слухаў музыку і назіраў за маці. Яна была маленькай і зграбнай, найчасцей у сукенцы з мяккай, светла-шэрай тканіны. Яе вузкі твар не быў прыгожым, але пад укладзенымі, хвалістымі бялявымі валасамі ён ствараў уражанне ціхага, пяшчотнага, летуценнага дзіцячага тварыка, і калі яна, схіліўшы галаву крышку набок, сядзела за раялем, то была падобная да маленькіх кранальных анёлаў, якія на старых карцінах ігралі на гітары каля ног мадонны.
Калі я быў малы, яна мне сваім ціхім і стрыманым голасам часта распавядала казкі, якіх больш ніхто не ведаў; або проста клала рукі мне на галаву ў сябе на каленях і сядзела моўчкі і нерухома. Мне здаецца, што гэта былі самыя шчаслівыя і самыя спакойныя гадзіны майго жыцця… Яе валасы не сівелі, і мне здавалася, што яна не старэе; толькі яе постаць рабілася ўсё больш пяшчотна зграбнай, а яе твар усё худнеў, рабіўся больш спакойным і летуценным…
А мой бацька быў высокім і мажным мужчынам у элегантным чорным суконным сурдуце і белай камізэльцы, паўзверх якой звісаў залаты бінокль. Паміж яго кароткімі сівымі бакенбардамі выступаў круглы і моцны падбародак, які, як і верхняя губа, быў чыста паголены, а паміж бровамі ляжалі дзве глыбокія вертыкальныя складкі. Гэта быў магутны мужчына з вялікім уплывам на грамадскія справы; я бачыў, як яго пакідалі людзі, усхваляваныя і з полымнымі вачыма, але бачыў і іншых, якія былі зломленыя і ў поўным адчаі. Бо часам здаралася, што я, а магчыма, і мая маці, дый мае абедзве старэйшыя сястры прысутнічалі пры такіх сцэнах; магчыма, таму, што мой бацька хацеў унушыць мне славалюбнае імкненне дамагчыся ў жыцці таго ж самага, што і ён; а магчыма, і таму, як я падазраю, што яму патрэбная была публіка. У яго была звычка, адкінуўшыся ў крэсле і трымаючы адну руку за абшлагам сурдута, глядзець услед ашчасліўленаму ці знішчанаму чалавеку, што выклікала ў мяне, яшчэ дзіцяці, гэтае падазрэнне.
Я сядзеў у кутку і назіраў за сваімі бацькам і маці, быццам выбіраючы паміж імі, і мяне турбавала думка, як лепш жыць – у летуценнях ці ўладна займаючыся справай. І мой позірк урэшце запыняўся на спакойным твары маёй маці.
Не тое, каб я быў у сваёй вонкавай сутнасці такім самым, як яна, бо мае заняткі ў бальшыні былі абсалютна не ціхімі і не бясшумнымі. Я згадваю адзін з іх, якому я аддаваў перавагу перад забавамі з маімі аднагодкамі ды іх азартнымі гульнямі і які і цяпер мяне, каму ўжо тым часам споўнілася трыццаць гадоў, напаўняе весялосцю і задавальненнем.
Справа датычыла вялікага і добра абсталяванага лялечнага тэатра, з якім я зачыняўся зусім адзін у сваім пакоі, каб ставіць самыя неверагодныя музычныя драмы. Мой пакой, які месціўся на трэцім паверсе і ў якім віселі два змрочныя партрэты продкаў з валенштэйнаўскімі [32] З валенштэйнаўскімі бародамі… – падобнымі да той, якую насіў Альбрэхт Валенштэйн (1583–1634), германскі палкаводзец часоў Трыццацігадовай вайны.
бародамі, зацямняўся, а адна лямпа ставілася каля тэатра; штучнае асвятленне ўяўлялася неабходным дзеля ўзмацнення настрою. Я займаў месца непасрэдна перад сцэнаю, бо я быў капельмайстрам, а мая левая рука ляжала на вялікім круглым кардонным карабку, які быў адзіным бачным аркестравым інструментам.
І вось з’яўляліся дзейныя акцёры, якіх я сам маляваў чарнілам і пяром, выразаў і забяспечваў драўлянымі дошчачкамі, каб яны маглі стаяць. Гэта былі паны ў плашчах ды цыліндрах і дамы неверагоднай прыгажосці.
Читать дальше