"О мой Бог, – сказаў ён, – ды таму што гэта быў я сам, "добры хлопец"… Інакш мне было б усё роўна!"
Сапраўды, тон, якім ён гэта прамовіў ды яшчэ ўдарыў з гэтай адчайнай журботнай жорсткасцю па бэзе дакладна, як тады… Сапраўды, у ім ужо ніяк нельга было пазнаць таго былога "добрага хлопца".
Мне здаецца, што выказванні гэтага дзіўнага пана зусім збілі мяне з тропу, і я баюся, што яшчэ і цяпер не здолею паўтарыць іх такім чынам, каб яны гэтаксама закранулі іншых, як у той вечар мяне. Магчыма, іх уздзеянне грунтавалася толькі на непрыемнай адкрытасці, з якой зусім незнаёмы мне чалавек выяўляў іх перада мною.
З восеньскага надвячорка, у які той незнаёмец звярнуў на сябе маю ўвагу на плошчы Святога Марка [28] Плошча Святога Марка – гістарычны цэнтр Венецыі: сабор Святога Марка, Палац дожаў і Каралеўскі палац.
, прайшло ўжо каля двух месяцаў. На вялікай плошчы не было істотнага руху людзей, але перад стракатым дзіўным збудаваннем, пышныя і казачныя абрысы ды залатыя ўпрыгожанні якога ў чароўнай выразнасці вылучаліся на пяшчотным светла-блакітным небе, пад лагодным марскім ветрам трапяталі сцягі; якраз перад галоўным парталам вакол маладой дзяўчыны, якая рассыпа́ла зярняты кукурузы, ужо сабраўся досыць вялікі гурт галубоў, і іх налятала з усіх бакоў усё больш і больш… Відовішча непараўнальна светлай і святочнай прыгажосці.
Тут я сустрэў яго, і цяпер, калі пішу, ён надзвычайна выразна стаіць у мяне перад вачамі. Ён быў ніжэйшы ад сярэдняга росту, ішоў хутка, прыгорбіўшыся і трымаючы сваю гачку абедзвюма рукамі за спінаю. На ім быў чорны жорсткі капялюш, светлы летні плашч і штаны ў цёмную палоску. Невядома чаму я палічыў яго за англічаніна. Яму магло быць трыццаць гадоў, а магчыма, і пяцьдзясят. Яго твар з таўставатым носам і шэрымі вачыма, якія пазіралі зморана, быў гладка выгалены, а на яго вуснах увесь час гуляла незразумелая і дурнаватая ўсмешка. Толькі час ад часу ён дапытліва азіраўся, уздымаючы бровы, потым зноў утаропліваўся ў зямлю перад сабою, прамаўляў самому сабе колькі слоў, матляў галавою і ўсміхаўся. Так ён упарта ўверх-уніз перасякаў плошчу.
З гэтага часу я назіраў за ім штодня, бо ён, здавалася, не меў іншага занятку, як у добрае, так і ў дрэннае надвор’е, з раніцы і папаўдні трыццаць-пяцьдзясят разоў паласаваць крокам плошчу, заўсёды адзін і заўсёды з аднолькавым дзіўным выразам твару.
У той вечар, пра які вядзецца гаворка, адбываўся канцэрт вайсковага аркестра. Я сядзеў за адным са столікаў, якія кавярня "Фларыян" вольна расстаўляе на плошчы, і калі пасля заканчэння канцэрта натоўп, што да гэтага ў густых плынях хвалямі калыхаўся сюды-туды, пачаў рассыпацца, незнаёмец з заўсёднай невытлумачальнай усмешкай заняў месца за суседнім вольным сталом.
Час праходзіў, вакол рабілася ўсё цішэй, сталы ўжо паўсюдна апусцелі. Цяпер толькі зрэдку міма праходзіў чалавек; велічны спакой усталяваўся над плошчай, неба ўжо было ўсыпана зоркамі, і над маляўніча тэатральным фасадам сабора Святога Марка з’явіўся паўмесяц.
Я пачаў чытаць газету, адвярнуўшыся ад суседа, і ўжо меркаваў пакінуць яго аднаго, як раптам быў вымушаны павярнуцца напалову ў ягоны бок; дагэтуль я не чуў ад яго ніводнага гуку або руху, а цяпер ён раптам загаварыў.
"Вы, шаноўны, першы раз у Венецыі?" – спытаў ён на дрэннай французскай мове, і калі я паспрабаваў адказаць яму па-ангельску, ён працягнуў размову на чыстай, без дыялектызмаў, нямецкай мове ціхім і хрыпатым голасам, спрабуючы адкашляцца.
"Вы ўсё бачыце ўпершыню? Ці задавольвае гэта Вашыя чаканні? Можа, нават пераўзыходзіць іх? Ах! Нічога больш цудоўнага Вы не чакалі? Няўжо праўда? Вы кажаце гэта не толькі, каб падавацца шчаслівым і вартым зайздрасці? Ах!" Ён адкінуўся тулавам назад і пачаў разглядаць мяне, хутка міргаючы, з абсалютна незразумелым выразам твару.
Паўза, якая настала, цягнулася доўга, і, не ведаючы, як працягваць гэтую дзіўную размову, я зноў быў сабраўся ўстаць, як у той момант ён паспешліва нахіліўся.
"Вы, шаноўны, ведаеце, што такое расчараванне? – спытаў ён ціха і настойліва, абапіраючыся абедзвюма рукамі на гачку. – Не маленькая няўдача ў дробязі, не памылка, а вялікае ўсёабдымнае расчараванне, якое рыхтуецца табе ўсім-усім жыццём? Натуральна, Вам яно невядома. А я з часоў юнацтва ні на крок не разлучаўся з ім, і яно зрабіла мяне самотным, няшчасным і дзівакаватым, я гэтага не адмаўляю.
Ды і як Вы, шаноўны, маглі б мяне зразумець? Але, магчыма, Вам гэта ўдасца, калі я папрашу Вас выслухаць мяне на працягу дзвюх хвілін. Бо калі штосьці можа быць выказана, то гэта зазвычай робіцца хутка…
Читать дальше