Стук, грукат, ляскат, бомканне і дзынканне з раніцы да вечара на ўсю вуліцу. I ўся вуліца ведае, што мы робім жорны. Гэта Глыжка славу разнёс. Хто ні спытае, навошта яму дзіравыя чыгуны і што гэта ў нас за грукат, ён усім расказвае:
— А гэта мы сабе жор-рны р-р-робім!
Бабуля, праўда, так не хваліцца. А калі хто з суседак пацікавіцца, яна толькі з пагардай рукой махне:
— Ат, другі дзень чарцям боб малоцяць.
У сенцах робіцца трохі цішэй толькі тады, калі то Санька, то я, добра агрэўшы па пальцу малатком, кідаем прылады і скачам ад пякучага болю. Але палец — гэта глупства. Вось з-пад малатка адляцеў чыгунны чарапок ды Саньку па воку свіснуў, дык гэта свіснуў. I вадой мылі, і мокрую анучку прыкладвалі — нічога не памагло. Брыво ўздзьмулася, вока чырвонае, як у ведзьмара. Так ён і дахаты пайшоў, закрыўшы вока абедзвюма рукамі, быццам баяўся, што выпадзе па дарозе і згубіцца.
Больш Санька ў будаўніцтве не ўдзельнічаў. Маці яму перавязала вока белай хусткай і папярэдзіла, што каб да мяне ні нагой.
— Той крутамозгі цябе давядзе, без галавы на ўсё жыццё застанешся.
Крутамозгі — гэта я. Цётка Марфешка ўпэўнена, што ўсе Санькавы няшчасці праз мяне. Я яго добраму не навучу, і дасць бог — яна нас развядзе.
Калі ей дасць бог нас развесці, пажывём-пабачым, а вось што Санька на нашым двары некалькі дзён не быў, дык гэта яму пашанцавала. Сёння з самай раніцы бабка доўга заклапочана тапталася па хаце, заглядала пад услон, пад печ, абшныпарыла ўсе сенцы, а потым спытала ў нас з Глыжкам:
— Хлопцы, вы чыгуна не бачылі?
— Якога?
— Такога! Таго, што шчарбаты крыху, у якім я гнілушкі рашчыняю.
— Не бачылі.
I тут я ўспомніў: нешта Глыжка вельмі хутка знайшоў сёння матэрыял для чарапкоў. Ды і бабка адразу здагадался, і тут такое ўсчалося, што хоць святых вынось. Яна так і ведала, што дабром гэта не скончыцца, што ад нас усяго можна чакаць. Але каб нарабіць гэтакай шкоды, у яе і ў думках не было. Вось яна возьме зараз вяроўку і пакажа нам і жорны, і крупадзёрку! Добра, што ў нас з Глыжкам маладыя ногі.
Але ўсяму бывае канец. Вось і мы забілі ў калодку апошні чарапок. Стаім з братам і любуемся: няўжо гэта мы такія майстры? Можа, каму нашы жорны і здаюцца няўклюднымі супраць іншых, а для нас гэта цуд тэхнікі. Вы не глядзіце, што ніжні жарон нахіліўся ўлева, а верхні — управа; што абечак з аднаго боку ўспух, як вялізная скула; што ўсе жорны нібы чарцямі абгрызены (на калодцы ў свой час секлі дровы); вы паглядзіце спачатку, як яны будуць малоць, а потым ужо і гаварыце.
— Баб, нясі ячмень! — нецярпліва закрычаў я.
У бабкі ўжо крыху ад сэрца адлегла, яна выйшла на мой кліч і была ўражана.
Доўга разглядала маю работу з аднаго боку, потым з другога і нарэшце спытала:
— Няўжо гэта жорны?
— А ты што думала — кулямёт? — пакрыўдзіўся я.
— Колькі жыву, такіх не бачыла,— прызналася бабка.
Першую жменю ячменю я засыпаў сам, каб паказаць, як гэта робіцца. Засыпаў, і ўсе затаілі дыхание.
— Ну кр-р-руці! — усклікнуў Глыжка.
Я крутнуў. Паміж калодкамі нешта трэснула, потым скрыгатнула, як нажом па патэльні. Глыжка аж убок адскочыў.
Жорны паводзілі сябе дзіўна: яны кідаліся туды-сюды, церліся і стукаліся аб сценкі абечка. 3 латка густа пасыпаўся чыгунны шрот і забарабаніў па дне міскі. Нарэшце пад калодкай зашыпела, і з бляшанага латка пырснуў белы струменьчык. Бабка аж вачам не паверыла. Яна схапіла пасудзіну і пабегла да дзвярэй на святло, каб лепей разгледзець.
— Трэ! — узрадавалася бабка.
Праўда, мука была напалову з сечкай, трапляліся нават целыя зярняты. Але, калі ячмень высушылі ў печы на порах, справа пайшла лепей. Гэй, давай — не затрымлівай! Круці-вярці! Чхаць мы хацелі на Мамулевы жорны! Дулю яму, а не за памол! Мы самі з вусамі.
Бабуля скінула «хрэнч», каб не замінаў малоць, і не магла намалоцца. Яна даравала нам за чыгун і, што рэдка здараецца, нават пахваліла нас з Санькам:
— А малайцы хлопцы!
— Касабокія трохі,— для сціпласці ўздыхнуў я.
— 3 іх не страляць! — суцешыла мяне бабка.
Цяпер мы гора не ведаем: мелем самі і нават суседзяў пачынаем пускаць. Суседзі таксама хваляць і жорны, і мяне.
— Талковы ў цябе хлопец, Матрона, галавасты.
Я хаджу — рукі ў кішэні — і нават не пазіраю ў той бок, быццам гэта не пра мяне. Шкада толькі, што Санька ўсяго гэтага не чуе.
А Санька лёгкі на ўспамін, прымчаўся, не паспела маці зняць павязку. I нічога яго воку не зрабілася. Якім было лупатым, такім і засталося. Толькі сіняк зіхаціць на ўсю хату.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу