Мамулеў Васька хваліўся, быццам яго бацька можа зрабіць і самалёт, абы толькі было жалеза. Дык ці варта здзіўляцца, што і жорны ў яго славяцца на ўсю вуліцу? Кожны, хто ў іх малоў, не мог нахваліцца: вось жорны дык жорны — за паўгадзіны фунтаў пяць можна накруціць. А калі пастарацца, то і шэсць. I мука як сапраўдная.
Жорны хвалілі, а гаспадара ганілі — жывадзёр. Ніхто не бярэ за памол, а ён бярэ. Карэц з каструлі. Ды яшчэ гайку там нейкую зацісне. Бабы жылы рвуць, а ён смяецца:
— Затое мякка будзе!
Мамуля нашай экскурсіі не чакаў. Ён сядзеў на прызбе і, паклаўшы на калодку гільзу з дробнакалібернага снарада, дзвынкаў па ей малатком. Відаць, майстраваў газоўку, якую называюць «кацюшай». Гэтымі «кацюшамі» ён нават гандлюе. Рукі яго чамусьці ў мазуце, мазутам перапэцканы нос. А ў яго нос, які бог семярым нёс, ды аднаму Мамулі ўдзяліў: вялікі, доўгі і скрыўлены ўбок.
— Малоць? — спытаў гаспадар, не адрываючыся ад «кацюшы».
— Малоць,— схлусіў Санька, бо мы баяліся, што проста так паглядзець на свае жорны ён не пусціць.
— А чаму ж вы з пустымі рукамі? — падняў ён нарэшце на нас вочы.
— Там бабка нясе,— не разгубіўся я.
— А-а-а,— здагадліва працягнуў ён і, зноў заняўшыся гільзай, буркнуў нам наўздагон: — Там за жорны адсыпце. Цётка пакажа...
— Добра! — паабяцалі мы і шмыгнулі ў сенцы.
Жорны працуюць поўным ходам. Драўляны жарон, зроблены з тоўстай калодкі, старанна круціць Глёкава Насця. Хустка яе збілася на патыліцу, твар расчырванеўся, па лбе і шчоках бягуць струменьчыкі бруднага поту. На лаве сядзіць чарга.
— Гыр-гыр-гыр,— скрыгочуць жорны, і па латку, зробленым з бляшанкі ад кансерваў, цячэ ў міску тоненькі ручаёк мукі.
У сенцах крыху цемнавата, і мы не адразу заўважылі, што там за Насцяй стаіць яе дачка Каця. Учапіўшыся за ручку, яна матляецца над жорнамі, і не так, па-мойму, памагае, колькі замінае матцы. Убачыўшы нас, яна і зусім прыпынілася.
— Не разяўляй рот! — цыкнула на яе Насця, і жорны загыркалі яшчэ шпарчэй. Глёчыха без перапынку круціць і круціць іх з нейкай зацятай упартасцю і злосцю.
— Гыр-гыр-гыр...
Такім майстрам, як мы, трэба толькі адным вокам глянуць, і ўсё зразумела. Нічога ў гэтых жорнах асаблівага няма: знізу калодка, потым абечак, нібы ў рэшаце, каб не рассыпалася мука, зверху — другая калодка з дзіркай пасярэдзіне, куды засыпаюць жыта. Праўда, усё зроблена акуратна, адно да аднаго. А так — толькі адна слава. У нас з Санькам, можа, і не горш атрымаецца.
Горда зірнуўшы на Кацю, мы моўчкі, з незалежным выглядам выйшлі з сянец.
Мы рабілі жорны цэлы тыдзень. Першы дзень пілавалі тупой неразведзенай пілой сыры бярозавы камель. Не пілавалі, а мучылі. На калодзе сядзеў Глыжка, і мы па чарзе на яго крычалі, што ён дрэнна трымае. I сапраўды, бервяно пад ім круцілася, як жывое. Ручкі ў піле высахлі, раз-пораз выскаквалі, а тады мы — то Санька, то я — ляцелі амаль цераз увесь двор. Санька адзін раз плюхнуўся ў лужыну, а я ледзь не паваліў патыліцай плот. Глыжка паміраў з рогату, пакуль не зарабіў кухталя. Знайшоў з чаго смяяцца.
Бабка глядзела-глядзела на нас у акно, не вытрымала і прыйшла на падмогу. Яна села на камель побач з Глыжкам, пачала даваць парады, дзе пілу прыціскаць, а дзе пускаць легка. Справа пайшла весялей.
Адпілаваўшы першы жарон, мы паглядзелі на яго і плюнулі. Гэта ў Санькі такое косае вока. А Санька лічыць, што я абодвума гляджу не туды. I такая тут разгарэлася спрэчка, што бабка за галаву схапілася:
— Не трэба мне ні вашых жорнаў, ні крупадзёркі — толькі сціхніце.
А на другі дзень было яшчэ не тое. Знайшоўшы доўгі жалезны кіёк, мы распалілі яго ў печы да чырвані і пачалі рабіць дзірку ў жарне, каб, значыць, сыпаць потым туды збожжа. У хаце дым, у сенцах дым. Бабуля бегае за намі то ад печы, то да печы і крычыць гвалт. Яна ўпэўнена, што, калі немцы не спалілі хату, спалім мы, пусцім на вецер, і галавешак не застанецца.
Ей думаецца, так гэта проста зрабіць жорны. Ды яшчэ такія, як у Мамулі.
Па нашых з Санькам разліках, жалезны кіёк павінен быў пранізаць жарон наскрозь і выйсці якраз пасярэдзіне. А ён выйшаў ліха ведае дзе — на цэлую пядзю ўбок. Хто вінаваты? Глыжка. Гаварылі яму — глядзі, ці роўна, дык наглядзеў.
А потым сенцы ператварыліся ў кузню. Глыжка шукае нам на пажарышчах, на сметніках, на гарышчы за комінам старыя дзіравыя чыгуны, Санька на абуху трушчыць іх малатком на чарапкі, я забіваю чарапкі ў калодку. А як жа? Драўляныя жорны, калі ў іх не назабіваць чыгунных чарапкоў, малоць не будуць. Можаце спытаць у каго хочаце: у Мамулі, у дзядзькі Скока, у дзеда Мікалая, у старога ці ў малога — гэта вам любы скажа.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу