Тут і хлопцы на мяне ўз'еліся:
— Ты скажаш таксама.
Нягледзячы на тое, што мы былі ў скрытым месцы, нагаварыцца нам не ўдалося. Толькі збольшага расказалі батарэйныя навіны, не паспелі яшчэ і ашаламіць яго маслам з мёдам, адкуль ні вазьміся — медыцынская сястра.
— Лямешка, гэта што за фокусы? — наляцела на Косціка яна.— Я ўжо з ног збілася, яго шукаючы, а ён тут прахалоджваецца. Марш у палату!
Мы паспрабавалі былі яе ўгаварыць, каб дазволіла Косціку пабыць з намі яшчэ, Коля-гусар адпусціў ей нават камплімент наконт цудоўнага характару, што быццам бачна па яе вачах, але нічога не дапамагло. Горш таго, яна накінулася і на нас, прыгразіла доктарам, каб мы не парушалі рэжым. Вось мымра!
Развітваючыся, Косцік раптам павесіў нос:
— Баюся, хлопцы, што справы мае кепскія.
Мы пачалі яго ўгаворваць, каб не браў у галаву, але ён безнадзейна махнуў рукой:
— Калі зноў рэнтген пакажа, могуць перавесці ў акруговы шпіталь, а хоць і зусім камісаваць.
I пайшоў, так больш і не аглянуўшыся. Па плячах, што ўздрыгвалі пад бальнічным халатам, можна было здагадацца, што ён заплакаў.
Цяпер кожную суботу наш узвод не есць масла, а ў нядзелю хто-небудзь адносіць яго ў шпіталь. Апрача нас, Косціку дапамагчы няма каму. Ён — дзетдомавец. Можа, нашы перадачы яму і дапамогуць, і пракляты рэнтген нічога не пакажа.
Экзамены прайшлі паспяхова. Я нават па хіміі чацвёрку нахімічыў. Нам прачыталі загад генерала аб пераводзе на другі курс, і цяпер мы — не салагі. Цяпер і нам можна глядзець на будучых першакурснікаў зверху ўніз. А яны ўжо ўюцца ля канцылярыі вучылішча, табуняцца на КПП — здаюць дакументы для паступлення. Ну і шпакі, глядзець смешна, такія яны палахлівыя, рахманыя, асабліва — дзярэўня. Я для іх — аўтарытэт, а Санька — яшчэ большы.
Збылася і мара Лёвы Белкіна: ён купіў-такі сабе патрыманы фотаапарат «Масква». У раскрытым выглядзе апарат уяўляе сабой чорны гармонік са шкляным вочкам на канцы — аб'ектывам.
Як і абяцаў, Лёва нас з Санькам сфатаграфаваў першых. Здымаліся мы каля гарматы, што стаіць на цэментаваным падмурку каля параднага пад'езда вучэбнага корпуса. Санька сеў на станіну і ссунуў пілотку набакір, а я, стоячы побач, паклаў яму руку на плячо, а ў зубы ўзяў афіцэрскі акурак з-пад «Казбека», спецыяльна знойдзены для такога ўрачыстага моманту. Няхай думаюць, што тут ужо і куру, і не абы-што. Праўда, за такі здымак ад камбата або ад каштана Захарава можа і нагарэць, бо курыць нам строга забаронена, яшчэ болып строга, чым у звычайнай школе. Але так прыгажэй. Без папяросы несамавіта.
Хоць Лёва раней на многіх ва узводзе і злаваўся, калі яго дражнілі скупым рыцарам з-за грошай, якія ён збіраў на сваю пакупку, але цяпер ягонае сэрца змякчылася, так што быў сфатаграфаваны і ўвесь узвод разам. Толькі вось узводная картка атрымалася такая, што трэба добра прыгледзецца, каб пазнаць, дзе на ей хто. Нейкая яна, быццам у тумане.
— Бой у Крыму, усё ў дыму,— сказаў на гэта Коля Кузняцоу. Наш фатограф і сам такога не чакаў і цяпер збянтэжана апраўдваўся, маўляў, яму папера такая трапілася.
А мы з Санькам атрымаліся нічога сабе — героі, і не ў такім ужо і тумане. Гэтае фота я абавязкова падару Каці: вельмі я тут сімпатычны. Няхай яе сяброўкі зайздросцяць. Не ў кожнай ёсць такі артылерыст.
Неўзабаве наступіла каманда складаць спісы з нашымі адрасамі — хто куды паедзе ў водпуск. Замітусілася батарэя, забегала, захвалявалася: цэлы год гэтага дня чакалі. Цяпер кожнаму хочацца запісацца першым, усе баяцца, каб нашы камандзіры чаго не наблыталі, усім хочацца хутчэй дамоў: Колю Кузняцову — у Маскву, Гецьману — у Рэпкі, Лёву — у Магілёў, Надару — у Грузію.
Адзін я спакойны і сумны. Спакойны таму, што мая хата блізка, мне не трэба выпісваць дакументы на дармавы воінскі білет, а сумны таму, што ці давядзецца мне ісці дамоў хоць пешкі. Камбат жа пагражаў трымаць мяне ўсё лета ў казарме, каб я вызубрыў нямецкую мову. А што, калі так і будзе?
I вось у разгар гэтай радаснай мітусні ў казарму, нібы з неба, упаў наш Пiскля.
— А вось ён і я! — звонка абвясціў ён аб сваім прышэсці. Гэта было так нечакана, што ўсе паглядзелі на яго, нібы на дзіва, нібы чалавек вярнуўся з таго свету. Чаго там граху таіць, некаторыя яго, між намі кажучы, ужо і спісалі.
— Ну як, што?— пасыпалася з усіх бакоў.
— Трывога была дарэмнай!— крыкнуў шчасліва Косцік.— Адбой! Старая прастуда.
Хлопцы закрычалі «ўра» і кінуліся гушкаць Пісклю на руках. I так ён ужо лётаў, што калі б у апошні момант не паспелі падхапіць, дык грымнуўся б аб жалезную спінку ложка. Было б тады з аднаго Пісклі двое.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу