Мы слухаем, але нашы душы глухія.
— Гэта ж вялікі Гейнэ!
Але і вялікі Гейнэ на нас не дзейнічае, не ідзе любоў — і ўсё тут. Чаго толькі Ірма Генрыхаўна дабілася, дык гэта таго, што замест першай мянушкі Гросмутэр (бабуля), яна атрымала новую — Ларэляй.
Вядома, што сапраўдныя русалкі, якія заманьваюць маладых рыбакоў у рачныя віры, усе да адной красуні неймавернай пекнаты, а наша Ірма сівая, з маршчыністым тварам, ужо слепаватая гросмутэр. У гэтым уся соль.
I вось надышоў час экзаменаў. Толькі цяпер усе спахапіліся: экзамен жа будзе прымаць не адна Ірма Генрыхаўна — камісія. Там, мабыць, на падказках і шпаргалках не выедзеш. Не ва ўсіх жа акуляры з бутэлечнага дна.
Ніводнага прадмета цяпер ніхто так не баіцца, як нямецкай мовы. I ўсе вінавацяць начальства: навошта нам далі гэтую Ларэляй? Гэта з-за яе мы зіму правалялі дурня.
Цяпер нямецкую граматыку не выпускаюць з рук, носяць яе нават у казарму, каб і там, калі выпадзе вольная хвіліна, хоць крыху «пашпрэхаць».
Але, на наша шчасце, камісія аказалася не вельмі суровая: сама Ірма Генрыхаўна і яшчэ такі ж, як і яна, боскі адуванчык. Толькі і розніцы, што без акуляраў. I хлопцы ажылі.
Першыя выйшлі з класа з даволі-такі высокімі адзнакамі. Але то былі самыя з нас падкаваныя, самыя зубрылы і ціхоні, якія паводзяць сябе нават на уроках Ларэляй цішэй травы. А такія смелыя, як я, ціснуцца пад дзвярыма і ахвотна прапускаюць паперад усіх, хто захоча.
Нарэшце надышоў і мой час. I тут мне шалёна пашанцавала. Выбіраючы экзаменацыйны білет, я неяк нязграбна правёў рукой па стале, і некалькі білетаў упалі на падлогу.
— О, mein, Got! 3 3 О, божа мой! (ням.)
— спалохана ўсклікнула Ірма Генрыхаўна і, замест таго каб загадаць мне падабраць білеты, яна, мабыць, баючыся, каб я не выбраў там сабе лёгкі, кінулася рабіць тэта сама. А з ёй разам, мне на радасць, і яе памочніца. А стол застаўся без нагляду. Ну хто, скажыце, утрымаўся б тут ад спакусы і не выбраў у той момант, што душа пажадае?
I я выбраў. Праўда, ледзь не пагарэў. Калі экзаментаркі пачалі вылазіць з-пад стала, у маіх руках аказаліся два білеты. Лішні класці на стол было позна. Раздумваць ужо не было калі, і я склаў іх роўненька ў руцэ адзін пад адзін.
Экзамены пайшлі нібы па масле. Мала таго, што я сам адрапартаваў на «чатыры», дык лішні білет саслужыў яшчэ службу і хлопцам. Усё пайшло ланцужком: па майму лішняму білету што трэба падзубрыў Лёва, а свой потым перадаў Пісклю, Пiскля адказваў па Лёваваму, а свой перадаў Генацвале — і пайшло, і паехала. Шпараць хлопцы па-нямецку нібы рэпу грызуць.
Ірма Генрыхаўна толькі радуецца:
— Gut, Knabe, gut! 4 4 Добра, хлопчыкі, добра! (ням.)
Ёй і няўцям, чаму так раптам узнялася паспяховасць па яе прадмету: самыя тупіцы цягнуцца на «добра».
У той дзень я хадзіў у героях. Хлопцы цопалі мяне за плечы і хвалілі:
— Малайчына, выручыў!
Бяда толькі ў тым, што слава пра маю знаходлівасць надта далека разышлася, і на наступны дзень пасля заняткаў днявальны мяне выклікаў да камбата.
Я іду да яго з чыстым сумленнем, забыўшыся і думаць пра ўчарашні экзамен. Нават адрапартаваўшы аб сваім прыбыцці, не мог здагадацца, што ў таго на ўме.
Седзячы за сталом, падпалкоўнік Асташэўскі неяк яхідна на мяне паглядзеў і спытаў таксама яхідна:
— Ну, як поспехі?
— Добрыя,— насцярожыўся я.
— I па нямецкай?
Тут мая душа і пайшла пад лёд: няўжо знае, няўжо выдалі? Словам, чуе кошка, чыё сала з'ела. Але выгляду не падаў:
— I па нямецкай — «чатыры»...
— Ліпавыя! — крыкнуў ён і, падняўшыся з-за стала, пачаў хадзіць па канцылярыі. Я стаю ні жывы і ні мёртвы, паварочваю за ім галаву, раблю на яго раўненне.
Размова была доўгая і цяжкая. Дакладней кажучы, гаварыў толькі ён, а я слухаў, праглынуўшы язык, які я нядобры. Я — прайдоха і хлус. У мяне сумленне і не начавала. Я не варты таго, каб насіць пагоны. Я запляміў гонар батарэі. Падпалкоўнік яшчэ падумае, што са мной рабіць.
— Фокуснік,— заключыў ён і на гэтым, здаецца, выдыхнуўся. Але ненадоўга.
Вярнуўшыся за стол, ён загаварыў зноў, толькі ўжо больш спакойна:
— Як будзе па-нямецку «ёсць»?
— Іст,— не даў я маху.
— Вось і праспрагай мне гэта «іст», каб я паверыў тваёй чацвёрцы.
Ну што ж ён думае, я зусім ужо дурань неадукаваны? Ды гэтае яго «іст» у нас у зубах завязла. I, прыбадзёрыўшыся, я бойка пачаў:
— Іх бін!
I, як гэта часта бывае, ад хвалявання ў мяне раптам усё вылецела з галавы. У разгубленасці я не магу ўспомніць, як яно будзе далей. «Іх бін» — гэта значыць «я ёсць». «Ты» — па-нямецку будзе «ду». А як жа тут зменіцца іхняе праклятае «іст»?
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу