— Ду... ду... — услых успамінаю я.
— Біна? — хітра прыжмурыў вочы падпалкоўнік, і я абрадаваўся падказцы:
— Ду біна!
I тут толькі схамянуўся:
— Не! Ду біст!
Але ўжо было позна: што трэба, падпалкоўнік уведаў.
— Вось што, ду-біна,— падбіў ён рахунак,— неўзабаве ўсе атрымаюць месячны водпуск і паедуць да бацькоў, а «ду»,— тут ён тыцнуў у мой бок пальцам,— будзеш сядзець у мяне ў казарме і зубрыць. Фокуснік! I запомні, ты ў мяне адсюль выйдзеш добра падкаваны.
Ох і зарэзаў мяне гэты Маятнік без нажа. I даліся яму гэтыя падковы!
Ударым маслам па хваробе!
Дзе куюць, дык там жа і гартуюць. Ці так Юрку Калдобе загадана, ці ён сам гэта прыдумаў, але нават у мароз і ў завею ён ганяе нас на фіззарадку без гімнасцёрак, у адных майках. Спачатку дрыжыкі бяруць, а потым і сапраўды не холадна — у казарму вяртаемся пад парай.
Затым ён становіцца ля дзвярэй умывальні і туды не пускае ўжо і ў майках, а адтуль — хто не памыўся да пояса. Я, карыстаючыся тым, што ён — мой зямляк, памкнуўся быў выйсці з умывальні з сухім жыватом, але і мяне не выпусціў. Як стаў старшыной, і на брычцы не пад'едзеш.
Нягледзячы на ўсё гэта, у батарэі рэдка хварэюць. Калі ў каго з носа і пацячэ, дык гэта лічыцца за шчасце. Тады можна пайсці ў лазарэт да Люсі. Яна памерае тэмпературу, і, калі бог дасць, можна атрымаць ад фіззарадкі вызваленне, а то і паваляцца дні тры ў лазарэтнай пасцелі. Ні табе пад'ёмаў, ні адбояў, ні камбата, ні сяржанта — любата.
А хто ўмее, у каго варыць мазгаўня, той і тыдзень можа там праляжаць. Для гэтага трэба толькі непрыкметна пацерці градуснік аб сукно — штаны там ці шынель. Тут у цябе тэмпература такая падскочыць, якую ты хочаш. Можна і без сукна абысціся — пастукаць градуснік пстрычкай. Толькі трэба знаць меру.
Наслухаўшыся пра гэтыя хітрасці, мне таксама аднойчы захацелася сачкануць ад заняткаў. Усе сачкуюць, а я што, рыжы? Пстрыкнуў па градусніку раз, пстрыкнуў другі, і калі Люся паглядзела, што яно ў мяне там паказвае, у яе ледзь вочы не палезлі на лоб. Тэмпература аказалася такая, што мяне ў самы раз было б ужо і пахаваць — усе сорак два, а далей шкалы не хапіла.
Люся пакратала мяккай далонькай мой лоб, міла ўсміхнулася і пачала выбіраць шпрыц. Я занепакоіўся:
— Гэта вы мне?
— А каму ж?
— Дык мне, можа, гэта... пілюлю.
— А можа, мне далажыць таварышу маёру медыцынскай службы?— пакінула нарэшце яна ў спакоі свае шпрыцы.
Тут я, зразумела, даў ходу.
Каму часцей за ўсё ўдаецца папесціцца ў лазарэце, дык гэта Мішку-цыркачу. Той як захоча сачкануць — і заўсёды без промаху.
Часты госць нашай медыцыны і Коля Кузняцоў. Гэтаму не трэба і махляваць. Гэты бярэ сваёй знешнасцю і гусарскім абыходжаннем. Люся ад яго, як кажуць хлопцы, без памяці. Варта Колю чыхнуць — і ў яго пасцельны рэжым.
Але апошнім часам зачасціў у лазарэт і Косцік Лямешка, наш Піскля. Ён і пабіў усе рэкорды па сачкаванню. Невядома, чым ён толькі бярэ, бо да спрытнасці рук, якой валодае Мішка Цыганкоў, яму далека, а да гусарскага выгляду і яшчэ далей. Піскля дробненькі, худзенькі, вастраносенькі, нібы сінічка. Яму не дапамагае і наш курсанцкі паёк. Не па кані корм. I вось глядзі ж ты — від на Мадрыд, а ўцёр нос і нашым сачкам-прафесіяналам.
Яго часта кладуць у лазарэт на тры-чатыры дні. А неўзабаве пачаў адлежвацца і па тыдню. Пасля апошняй лёжкі, вярнуўшыся ў казарму, Піскля ўсім на здзіўленне пачаў збірацца ў горад, чысціць гузікі, перашываць падкаўнерык. I гэта ў будні дзень. Зайздросна, канешне.
I асабліва зайздросна Колю Кузняцову: Піскля пойдзе ў горад з Люсяй. Яна павядзе яго ў гарнізонны шпіталь на абследаванне, бо наш медыцынскі маёр не можа сам у Косцевай хваробе разабрацца. Але тут нічога страшнага няма: у шпіталі яго не ўкусяць. Затое такая дарога. У суправаджэнні Люсі.
I хлопцы жартуюць.
— Піскля, лаві момант — завядзі яе ў рэстаран!
— Лёва, пазыч чалавеку грошай, не будзь жмотам!
У Лёвы капейкі не выпрасіш, але, разумеючы, што гэта жарт, ён храбрыцца:
— А што? Хоць тысячу!
Але з гэтага звальнення Косцік Лямешка ў батарэю не вярнуўся. На вячэрняй паверцы, калі старшына выгукнуў яго прозвішча, замест тоненькага, дзіцячага «я» мы пачулі сяржанцкі басок:
— Шпіталь!
Спачатку гэтаму ў нашым узводзе не прыдалі асаблівага значэння. Падумаеш, шпіталь. Людзі ў вайну траплялі туды ледзь жывыя, наскрозь прастрэленыя, і то вылечваліся. Вунь у нашага каптэнармуса рана на спіне, нібы плугам па ей прайшліся, і нічога, яшчэ які здаровы дзядзька: у лазні чорта з два яго ў парылцы пераседзіш. А ў Пісклі і прышчыка няма: што яму будзе?
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу