Масла ў цеплыні растала, распаўзлося па талерцы. Бог ведае, у чым і як яго несці цяпер у шпіталь. Выручыў нас, як заўсёды, каптэнармус Хамутоў. У таго знайшоўся салдацкі кацялок, а ў капцёрцы — надзейнае месца, дзе масла не знойдуць камбат і грызуны.
Пакуль насіліся з маслам як чорт з дудой і Санька прыйшоў ад камбата. Акружылі мы яго гуртком: што? як? ці вельмі нагарэла? А Санька загадкава гэтак і гаворыць:
— Ну, хлопцы, трымайцеся на нагах, не губляйце прытомнасць.
— Ды што такое? Не цягні ката за хвост?
— Во! — урачыста паказаў Санька цэлую жменю грошай, ды і не абы-якіх — адны дзясяткі.
— Няўжо Маятнік даў? — разгубіліся ўсе.
— Ён! — пацвердзіў Санька і, стаўшы ў позу, пачаў перадражніваць падпалкоўніка: — На вашу адказнасць, сяржант. Пойдзеце ў звальненне, паспрабуйце купіць мёду для выхаванца Лямешкі, а па прыбыцці даложыце. Ды не гандлюйцеся, як бабы. Паводзьце сябе дастойна.
— Ну, малато-о-к,— толькі і сказаў на гэта Мішка Цыганкоў, маючы на ўвазе камбата. А мы ўсе проста аслупянелі. Вось гэта нумар выкінуў наш Маятнік. Хто б мог падумаць, што і ў яго ёсць сэрца?
Калі Санька сказаў, што з ім дазволена пайсці да Косціка ў шпіталь і яшчэ чалавекам пяці, тут наогул закрычалі «ўра». Ды гэта ж не камбат, а золата. Хто сказаў, што ён зануда. Не, над намі абы-каго не паставяць.
За снеданнем масла ўжо не еў увесь узвод, а не толькі наша аддзяленне. I камбат, шпацыруючы міма сталоў, гэтага не заўважыў.
I вось мы на чале з Санькам крочым у горад. Мы — гэта я, Коля Кузняцоў, Толік Гецьман, Генацвале і Лёва з Магілёва. Лёва нясе кацялок з маслам і ўсю дарогу канькае:
— Хлопцы, ну давайце па чарзе.
3 намі збіраўся пайсці яшчэ і Ваня Расошка, але ў апошні момант пагарэў: перад звальненнем падпалкоўнік правяраў, ці добра мы прыбраліся, і вытурыў Расошку са строю з-за гімнасцёркі, запэцканай фарбай. Вядома — мастак.
Разжыцца мёдам можна толькі на базары, і толькі там мы зразумелі, што не простая гэта справа — купіць добры мёд. Калі б яго прадавалі толькі напагляд, дык яно хутчэй можна выбраць, а то ж даюць і лізнуць з уласнага пальца. А ён адзін за другі саладзейшы.
Пачалі мы выбар у барадатага дзядзькі. Першы, як камандзір, лізнуў Санька, паплямкаў губамі і зрабіў выгляд, што прыслухоўваецца да смаку. За Санькам — я. Соладка, аж горка. За мной — Коля. За Колем працягнуў да лыжкі палец Гецьман, але Гецьману, Лёву і Надару лізнуць ужо не ўдалося: дзядзька схамянуўся і прыбраў лыжку, пашкадаваў:
— Іш вы, купцы-малайцы. Так і будзеце ўсёй камандай? А ў кармане вош на аркане.
— На, глядзі,— паказаў пакрыўджаны Санька падпалкоўніцкія купюры,— яшчэ і цябе купім!
— Ды я што? Каштуйце, калі ласка,— адразу змяніў пласцінку скупы гандляр.
Лёва быў працягнуў свой палец, але хлопцы на яго цыкнулі. Мы ўжо ўзлаваліся.
I адразу, убачыўшы, што мы пры грашах, увесь мядовы люд ажывіўся:
— Бярыце ў мяне, таварышы ваенныя, добры мядок, ліпавы!
— Лугавы! Лугавы! 3 розных кветак!
— Калі ласка, грачнёвы!
Лёва, каб зноў не застацца з носам, дзе не пярэчаць, ліжа адзін і той жа мёд і па два разы. Ды і ўсе мы добра насаладзілі ў роце. А Санька — вопытны базарны жук. Мы з ім у свой час нямала шчаўем пагандлявалі і ведаем правіла: хочаш купіць выгадна — не хвалі тавар. I Санька не хваліць, моршчыцца, а гледзячы на яго — і мы.
Купілі мы мёд тады, калі ўжо не было ў каго выбіраць,— у апошняй за прылаўкам бабкі. Мёд у яе быў не саладзейшы, чым у іншых, але ж не заходзіць на другі круг, трэба і меру ведаць. Тут Санька не зморшчыўся, кіўнуў галавой: вось ён, маўляў, самы лепшы.
У палату да Косціка нас не пусцілі, але ён умудрыўся выйсці сам. На дварэ вясна, ужо сышоў снег, вакол шалеюць вераб'і, але ад ракі цягне сырым ветрам, і мы знайшлі пад сцяной будынка зацішны куток, дзе прыгравае сонца і дзе нас не знойдуць шпітальныя медсестры. На Косціку вялікі, не па росту, сіні бальнічны халат, з дарослай нагі тапачкі-шлёпанцы, і ў гэтых уборах ён здаецца нам яшчэ больш дробненькім і зусім няшчасным. Да таго ж ён прыкметна ў шпіталі пахудзеў, нос яшчэ больш завастрыўся, а пад вачыма сіне.
Пiскля нам абрадаваўся невядома як: горача ціснуў кожнаму рукі, шчасліва смяяўся, усіх нас хваліў:
— Ой, малайцы, што прыйшлі. Я ўжо зусім тут занудзіўся. Так хочацца ў батарэю, што ўзяў бы і ўцёк.
— Паспееш у батарэю,— суцешыў я яго і пажартаваў:— Пасачкуй крыху.
— Ага, пасачкуй,— уздыхнуў Косцік.— Кожны дзень уколы, пілюлі. Ну яго, такое сачкаванне.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу