— Хлопцы, ёсць прапанова сёння масла не есці...
— Правільна! — прымаючы гэта за няўдалы жарт, не даў яму дагаварыць Мішка Цыганкоў.— Будзем пасціць, нібы манахі, адмовімся ад скаромнага...
— У яго тэмпература,— выказаў здагадку Лёва Белкін.
— Канчай, туркі! Дайце сказаць,— супакоіў Коля ўсхваляванае таварыства і ўзняў руку, просячы ўвагі: — Я прапаную масла не есці, а сабраць яго як болей і перадаць у шпіталь Пiсклю. Яму трэба харчавацца толькі маслам, тады пляма на лёгкіх знікне. А хто не згодзен — справа добраахвотная. Жмоты няхай лопаюць.
— А калі яго там сестры пажруць? — засумняваўся Лёва, але на яго так паглядзелі, што ён стушаваўся: — Ды я што? Я, як усе.
А ўсе — за. Якія тут могуць быць размовы, калі трэба таварыша ратаваць? Не ведаю, як у каго, а ў мяне аж на душы зрабілася лягчэй. Можна сказаць, што справа з Косцікавай хваробай вырашана: адкормім хлопца маслам — і ўсё тут. Якія плямы супраць масла ўстаяць?
Тое, што мы п'ём чай з нішчымным хлебам, за вячэрай не засталося незаўважаным. За суседнімі сталамі на нас глядзелі, як на дзівакоў, і паціскалі плячыма. Каб у нас адмовіцца ад ежы, трэба быць адважным. Быў ужо такі выпадак, калі адзін узвод не захацеў есці перасолены суп, дык справа дайшла да генерала. А як жа: тут забаставаць за сталом — гэта ўсё адно што не выканаць баявое задание. Надзвычайная падзея. Дома што? Не хочаш — не трэба, вельмі прасіць не будуць, можа, толькі ўедліва скажуць: губа тоўстая — кішка будзе тонкая. А з-за супу такое ўзнялося, што ўсе на цырлах хадзілі. Камандзір — выхавацель таго ўзвода і наш доктар, кажуць, атрымалі добры наганяй, а повара ледзь не звольнілі.
Дык то ж нейкі суп, а тут масла. Такога, відаць, нідзе не было, каб яго не елі. І папаўзлі чуткі ад стала да стала: бастуюць, абдурылі хлопцаў, абважылі. I правільна, што бастуюць, няма чаго нас дурыць.
А без нашага камбата, што без солі, нідзе не абыдзецца. Іншых камандзіраў батарэй рэдка пабачыш у сталоўцы, хіба толькі тады, калі яны дзяжураць па вучылішчы. Дык і то сходзяць на кухню разам з маёрам медыцынскай службы, здымуць з варыва пробу, як гэта належыць ім па статуту, і толькі іх і бачылі. А наш як жа — бацька родны, прыпрэцца і мазоліць вочы: праверыць, як хлеб нарэзаны, зазірне ў бачкі, у якіх разносяць першае па сталах, нават панюхае, чым адтуль пахне, возьме на выбар лыжку ці алюмініевы карэц, агледзіць з усіх бакоў. А калі мы «парубаем», пройдзе яшчэ міма сталоў: усё даедзена ці не?
Усе вольнанаёмныя, што працуюць на кухні, не любяць нашага камбата і баяцца страшэнным чынам. Я сам, калі адбываў тут на-рад, чуў, як яны бурчалі: зноў гэты хмыр прыпёрся.
Ды і нам не падабаецца абедаць ці вячэраць пад яго наглядам: ні павярніся лішні раз, ні зарагачы, бо ён стаіць дзе-небудзь збоку і ківаецца маятнікам, быццам кавалкі лічыць, колькі ты іх панёс у рот, быццам сочыць, ці добра ты разжаваў, ці правільна відэлец трымаеш, ці не парушаеш як-небудзь за ядой Статут унутранаи службы. За гэта яго ўсё вучылішча называе вечны дзяжурны па кухні.
Няма чаго і казаць, што ён таксама ўбачыў некранутае намі масла, і вось ужо — тут як тут, нібы з-пад зямлі вырас. Пастаяў, моўчкі паківаўся над сталом, узяў у рукі талерку, панюхаў, абвёў недаўменным позіркам кожнага з нас і раздражнёна спытаў:
— А гэта што за бунт на караблі? Сяржант, далажыць!
Санька падскочыў, нібы на спружыне:
— Гэта мы для Пісклі!
— Для каго?— не зразумеў падпалкоўнік, і пайшло, і паехала: — Што гэта яшчэ за мянушкі? Тут каровін статак ці басяцкая маліна?
Каб ведаў ён, як мы яго дражнім, не тое яшчэ заспяваў бы. А Санька тым часам, зразумеўшы, што даў маху, хуценька паправіўся:
— Для выхаванца Лямешкі ў шпіталь, таварыш падпалкоўнік.
Уцяміўшы, што тут бунтам не пахне, камбат збавіў тон і зноў абвёў нас вачыма, чамусьці ўздыхнуў і ўжо не вельмі ўпэўнена прагаварыў:
— Усё адно парушаеце. Усюды павінен быць парадак. У шпіталі яму даюць, што належыць... па норме. I ў казарме харч трымаць нельга. Разведзяце мне розных грызуноў і тараканаў.
I, ужо сабраўшыся ісці, загадаў, ткнуўшы пальцам у Саньку:
— Зойдзеце да мяне ў канцылярыю.
Яго загад мы зразумелі так: будзе нашаму аддзялённаму добрая прачуханка. Пры падначаленых камбат яго не захацеў распякаць, каб не падарваць Санькаў начальніцкі аўтарытэт: статут забараняе.
Нягледзячы на забарону, масла мы ўсё-такі аднеслі ў казарму. Праўда, і хаваліся, нібы кошка з крадзеным салам. Спачатку паставілі ў тумбачку да Пісклі. Не, ненадзейна. Гаспадара няма, яшчэ хто-небудзь адпалавініць, паласуецца. Перанеслі ў тумбачку да Генацвале: усім вядома, як ён чуйна спіць.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу