— 3 вучылішча вы павінны выйсці добра падкаванымі. Можаце быць упэўнены, што я пра гэта паклапачуся.
Тое ж самае талкуе нам і капiтан Захараў.
Помню, і генерал на Кастрычніцкім парадзе ў сваёй прамове перад строем таксама сказаў, што вучылішча — гэта кузня кадраў. Калі б дзядзька Пятро, наш вясковы каваль, паслухаў, у якой пашане тут яго рамяство, дык ад гонару і з людзьмі, мабыць, перастаў бы вітацца.
Бацькоўскія павучанні камбата нам знадаелі, і мы слухаем іх са скрытай пагардлівай усмешкай: зноў ён за свае. Затое калі застаёмся адны, даём волю жартам. Куды Маятніку супраць каптэнармуса?
Вось хто нас падкаваў не на словах, а на справе. I на ўсе, як гаворыцца, чатыры: па дзве падкоўкі на кожны чаравік. Адна — на абцас, другая — на насок. Ідзеш па бруку — толькі звон стаіць, а ў цемры і іскры ляцяць.
Канешне, афіцэры маюць на ўвазе не тыя падковы, што ёсць у капцёрцы яшчэ і ў запасе. Яны гнуць свае: вучоба і дысцыпліна, дысцыпліна і вучоба. Асабліва націскае камбат на Статут унутранай службы, пра які да вучылішча я і не падазраваў. Гэты статут, на думку падпалкоўніка, мы павінны ведаць назубок, ён павінен быць у нас у крыві, а ён — сядзіць ужо ў пячонках.
У крыві ў нас пакуль што «гражданка» з яе звычкамі і замашкамі. Лічы, што паўгода мінула, як мы носім пагоны, а яна з нас ніяк не выпетрываецца.
Адзін забывае, што ён не дома, і прапускае міма вушэй каманду «пад'ём». Але тут не разаспішся: ці таварышы пабудзяць, ці сяржант гаркне:
— Гэта табе не гражданка!
Другому ісці ў сталоўку строем — нож востры ў сэрца: так і хочацца прабегчыся зайцам. За гэта таксама не хваляць.
Але самая распаўсюджаная цывільная звычка — насіць рукі ў кішэнях. Тут начальства, калі ўбачыць, што ў цябе «рукі ў брукі», аж з сябе выходзіць. Справа дайшла да таго, што старшына Юрка Калдоба загадаў мне кішэні ў штанах зашыць. Так і хадзіў я на пацеху ўзводу без кішэняў цэлы тыдзень, пакуль не адвык.
Хоць Санька ўжо — малодшы сяржант, але і ў ім сядзіць яшчэ цывільны чалавек, шпак. Ён не можа пазбавіцца сваёй школьнай звычкі пісаць вершы. Наша стыхія цяпер — траекторыя палёту снарада, а ён, дурны, забівае сабе галаву рыфмамі.
Што Санька — паэт, ва ўзводзе пакуль што ведаюць мала: я ды яшчэ двое-трое хлопцаў, якія сядзяць у класе за суседнімі сталамі. Сам паэт, праўда, хацеў бы, каб яго дар быў наогул у сакрэце: піша ўкрадкі, засланяючыся ад чужога вока рукой, а напісанае хавае так, як падпольшчык лістоўкі.
Але шыла ў мяшку не ўтоіш. Нашы з Санькам суседзі не-не ды і паварочваюць галовы, каб то што-небудзь спытаць, то папрасіць сцірку, то памачыць пяро ў наша чарніла, як быццам яно тут смачнейшае. Ну, зразумела, і страляюць насмешлівымі вачыма па вершаваных радках.
3 чарнавікоў свае творы Санька перапісвае ў асобны сшытак. I бачу я, што пад кожным вершам ён піша яшчэ і адрас нашага вучылішча, і дату. Ці не думае ён, што тэта хто-небудзь калі-небудзь будзе вывучаць? Калі так, то гэта прадбачліва.
3 паэтаў, якіх мы праходзілі на уроках літаратуры, самы любімы ў Санькі — Лермантаў. Ён нават перамаляваў з падручніка яго партрэт у свой запаветны сшытак. Праўда, атрымалася не вельмі падобна, але па эпалетах мундзіра можна пазнаць, каго мастак меў на ўвазе.
Мне смешна на ўсё гэта глядзець: як жа — роднасныя душы. Той — паэт і афіцэр, і гэты — амаль што паэт і амаль што афіцэр. Высока хлопец бярэ!
Са сваім сшыткам Санька носіцца як з пісанай торбай ці як Лёва са сваёй «казной». У класе, калі аб'яўляюць перапынак, ён не забывае схаваць яго ў стол, а ў казарме — кладзе пад матрац. I чым больш Санька хаваецца, тым больш бярэ хлопцаў цікаўнасць, што там за сакрэт.
Слава да Санькі прыйшла нечакана. Праўда, прыйшла яна, як кажуць, не з таго боку і не такая, пра якую, я думаю, мараць паэты. Аднойчы на адным з перапынкаў у час самападрыхтоўкі, калі Санька адлучыўся з класа, Коля Кузняцоў выкраў яго запаветны сшытак. Як гэта здарылася, не бачыў і я.
Я ўбачыў гэта ўжо тады, калі Кузняцоў, заскочыўшы на табурэтку і трасучы Санькавай творчасцю над галавой, закрычаў:
— Увага! Увага, Панове гусары! Слухайце, здзіўляйцеся і ганарыцеся: мы дыхаем адным паветрам з геніем!
А потым, разгарнуўшы сшытак, пачаў уголас чытаць, працягнуўшы свабодную руку ў прастору:
— А. Макавей. «Элегія». Прысвячаецца С.
Хлопцы сцішыліся, а Піскля спытаў:
— А што гэта такое — элегія?
— Як што? Жыццё, і слёзы, і любоў,— не палез за словам у кішэню чытальнік.— Словам, ціхі смутак. I не задавай толькі такіх пытанняў выкладчыку літаратуры — схопіш двойку, турак.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу