Усё гэта я ведаю, таму што Лёва мяне чамусьці ўпадабаў, ён мне давярае і дзеліцца са мной сваімі ружовымі, амаль нязбыўнымі планамі. Больш таго — ён абяцае мяне потым, калі ў яго будзе апарат, бясплатна фатаграфаваць. Мне не давядзецца канькаць: «Лёва, зрабі з мяне фота».
I трэба ж было, каб з кішэні штаноў разам з насоўкай выцягнулася ў народу на вачах паперка ад цукеркі і ўпала на падлогу.
— Лёва, ты казну згубіў,— пажартаваў нехта з хлопцаў, а нашы следчыя тут як тут. Ім абы зачапіцца. Яны мнагазначна пераглянуліся і пачалі шаптацца. I іх можна зразумець: чалавек сваіх грошай не траціць, дык за што ж ён купляе такія дарагія цукеркі? Аж у паперках.
Так на Лёву лёг цень падазрэння, і гэта вывела яго з сябе. Ён проста месца не знаходзіць.
— Сышчыкі-прышчыкі. Знайшлі вялікую тайну. Чалавека пачаставалі, дык яны прыдраліся.
— Хто? Можа, камбат?
— Пры чым тут камбат? — адбіваецца Лёва.— Пачаставала мая баба.
I так гэта па-мужчынску грубавата, так важна было сказана — «мая баба»,— што многія паглядзелі на Лёву з ухвалой. Над закаханымі без памяці ў нас хоць і дабрадушна, але пасмейваюцца. Іх называюць пакутнікамі. Пра мяне дык было сказана: так гінуць на вачах лепшыя людзі. А сапраўдны сэрцаед пакутаваць з-за кахання не будзе. Мая баба — і ўсё тут. Гэта па-гусарску. Вось чаму на Лёву паглядзелі з павагай.
Але знайшліся і прыхільнікі чыстага кахання, такія, напрыклад, як Коля Кузняцоў. На ўсё гэта ён з насмешкай сказаў:
— Таксама мне рыцар! Вучылі-вучылі яго этыкету, а ён дзявочыя цукеркі лопае, замест таго каб самому рабіць прэзенты.
— А што тут такога? — не здаўся Лёва.— Яе мама — дырэктар магазіна. Не збяднее.
На гэтым пытанне наконт паперак было вычарпана. Лёву паверылі, хоць за ім і канчаткова замацаваўся аўтарытэт карыслівага чалавека. Сказана, скупы рыцар. Усё ў яго з разлікам, нават знаёмства з дзяўчатамі. I тут ён шукае выгаду.
Але і вера ў здольнасці ўзводнага Шэрлака Холмса таксама паліняла. Цяпер народ глядзіць на яго разам з памагатымі даволі скептычна: чым бы дзіця ні цешылася... Нехта ім нават прыдумаў агульную мянушку — мыльная камісія.
А дні не ідуць, а бягуць па цвёрдаму, пісанаму вайсковаму парадку. Здаецца, толькі што былі пад'ём і фізо, і вось ужо — вячэрняя паверка і адбой. Праляцеў дзень, нібы кур'ерскі поезд.
Вось ужо нам прачыталі і генеральскі загад аб пераходзе на зімовую форму адзення. Зноў мітусня і хваляванне: старшыня-каптэнармус нам выдае новыя шынялі і шапкі. Зноў клопаты, як нам перайначыць звычайныя аблавухі ў прыстойныя «ківеры». I паперайначвалі: дзе трэба распаролі, куды трэба ўставілі нягнуткі кардон — заглядзенне. Праўда, цяпер аблавух не падвяжаш матузкамі пад барадой, але ў гэтым няма і неабходнасці. Хто гэта з нас будзе хадзіць целяпнём. Холад — не холад, а «ківер» на макушцы, няхай вушы хоць паадпадаюць. I крыху набакір. Малайца і соплі грэюць, як сказала б мая бабка.
3 Санькам мы паспелі памірыцца, і цяпер нас зноў вадой не разальеш. Ды цяпер яго, калі б і хацеў, не падкусіш яфрэйтарствам. Напярэдадні Кастрычніка ўсім нашым камандзірам аддзяленняў прысвоілі званне малодшага сяржанта. Цяпер мы іх успрымаем усур'ёз, і насмешкі скончыліся. Жарт Мішкі-цыркача наконт таго, што малодшы сяржант — гэта ўсяго двойчы яфрэйтар, поспехаў не меў. Ён пражыў усяго адну раніцу і заглух.
У чарговым звальненні мы з Санькам, не чакаючы, пакуль Лёва прыдбае фотаапарат, паспелі сфатаграфавацца ў новых шынялях і «ківерах». I так гэта ўдала ў нас атрымалася, што, пакуль мы схадзілі да сваіх дзяўчат на спатканне, партрэты былі ўжо гатовы. Атрымаліся мы прыгажэйшымі, чым нават разлічвалі. Хлопцы такія — не скажаш, што з Падлюбіч,— не пазнаць. Такі партрэт не сорамна паслаць каму хочаш, не толькі Каці.
А на Кастрычніцкае свята зноў быў парад, толькі ўжо не ў вучылішчы, а на галоўнай гарадской плошчы. Я нават не думаў, што так радасна ісці ў страі, калі на цябе глядзіць народ. Адчуваеш сябе чорт ведае якім важным. А ў дзяўчат на тратуары аж вочкі бегаюць: столькі прыгажуноў, і ўсе — віцязі. Толькі мы суровыя і непрыступныя, не кожную яшчэ ўдастоім і позіркам. Няхай сохнуць.
За ўсімі гэтымі падзеямі прапажа нейкага там мыла забылася сама па сабе. Пра тое, што ёсць ва ўзводзе сярод нас чалавек, нячысты на руку, перасталі і думаць. Ды і ён сябе больш ніяк не праяўляе. Ці проста затаіўся, ці адумаўся і перавыхаваўся, хто ж яго ведае? Сцёпку ўжо, відаць, знадаела мне падміргваць, ён больш не чапляецца да мяне. Камбат маўчыць, і я гэтаму рады. Няхай яна, як казала дома бабка, ідзе на сухі лес, такая струшня.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу