Асада канцылярыі цягнулася мінут дзесяць. У рэшце рэшт злачынец зразумеў, што яму нявыкрутка, і адшчапіўся. Я пераступіў парог, уключыў святло і расчараваўся: ніякі гэта не шпіён. Гэта Сцёпка Рубцоў. Куды і падзелася яго нахабная самаўпэўненасць. Дрыжачымі рукамі ён спрабуе засунуць на месца шуфлядку пісьмовага стала, але тая перакасілася і не слухаецца. Ён такі разгублены, што не можа і слова сказаць.
— Што ты тут робіш? — сурова спытаў я, а ён бледны, нібы малако.
— Я гэта... папяросы хацеў,— нарэшце пралепятаў ён, а потым пачаў прасіцца: — Слухай, будзь корашам, не дакладвай. А? Ты ж — не фіскал. А?
Такім я сабе яго і ўяўляў, калі марыў пра дуэль, разгубленым і вартым жалю слімаком. Але цяпер радасці ў мяне чамусьці няма. Я таксама не ведаю, што мне рабіць. На душы паскудна, мне чамусьці сорамна, няёмка. Мяккае ўсё-такі сэрца, хоць бабуля і казала, што яно ў мяне каменнае.
Сцепку я адпусціў спаць, так нічога яму і не паабяцаўшы, а сам задумаўся. І думкі апанавалі мяне нялёгкія. Ну далажу я, дык выганяць жа гада з вучылішча. Куды ён потым дзенецца? Будзе, як кажа падпалкоўнік, чытаць у горадзе шыльды па складах. Форму адбяруць, пераапрануць у свае абноскі, і — шуруй, Вася, на ўсе чатыры! Жудасць.
Ды і дакладваць — не вельмі прыемная справа. Хоць ён і кіпця майго не варты, а ўсё ж аднакашнік. Чаго добрага, ва ўзводзе знойдуцца такія, што падумаюць, быццам я — фіскал. Няхай бы без мяне разбіраліся. Не хачу я той і славы.
Але і ўтаіць начное здарэнне не выпадае: глядзі, каб самому даражэй не абышлося. Дакажы потым, калі ўсё адкрыецца, што ты не аднаго з ім поля ягада. Скажуць, што хаўруснік. Ды і як гэта я ўтаю? А ў днявальных хіба языкоў няма?
I я далажыў. Калі падпалкоўнік прыйшоў на службу, батарэя ўжо вярнулася з фіззарадкі і ўмывалася. Не паспеў камбат пераступіць парог казармы, як я немым голасам залямантаваў каманду «смірна!». Прадуманы загадзя рапарт ільецца, нібы вывучаны на памяць верш.
— Таварыш палкоўнік! За час майго дзяжурства ў батарэі ніякіх здарэнняў не адбылося, апрача таго, што выхаванец Рубцоў, тайна прабраўшыся ў ваш кабінет, шнырыў у вашым стале!
Здаецца ж, так добра адрапартаваў, як гаворыцца, па ўсёй форме, а Маятнік незадаволены. Кіўнуўшыся некалькі разоў, ён яхідна спытаў:
— Як гэта тайна прабраўшыся? А днявальны спаў ці варон лавіў? Расцяпы!
Піскля, які якраз і падпільнаваў злачынца, аказаўся не менш красамоўным за мяне:
— Ніяк не! Каб не заснуць, я хадзіў у той час абмыцца халоднай вадой!
— I пакінуў свой пост, расцяпа!
А затым і пачалося:
— Рубцова да мяне!
Не прайшло і паўгадзіны:
— Сяржанта Яцука да падпалкоўніка!
Многіх у той дзень выклікалі ў канцылярыю батарэі. Выклікалі са сталоўкі, з заняткаў. Днявальныя насіліся ад казармы да вучэбнага корпуса, быццам фельд'егеры па загаду яго вялікасці. Не мінулі яны і маю асобу — таксама паклікалі. Падпалкоўніку, аказваецца, ужо вядома і пра мыла, якое ў нас прапала, і пра рэчавы мяшок, з якім я хадзіў у звальненне. Вось табе і закон — тайга.
Ну і горача было на тым камбацкім допыце. Я чырванеў там і бялеў, давялося нават слязу пусціць. Але ў рэшце рэшт камбат паверыў, і ўсё для мяне скончылася шчасліва.
А Сцёпка павучыўся з намі яшчэ ўсяго дзень. Затым яго выклікалі з урока, і калі пасля заняткаў мы прыйшлі ў казарму, то ўжо яго не заспелі. Але мне ён пакінуў развітальнае «бывай». На сваёй пасцелі я знайшоў паперу, на якой было паспешліва накрэмзана алоўкам: «Помні, кораш, мы з табой яшчэ сустрэнемся». Наслуханы пра замашкі жулікаў, я крыху сумеўся, але праз якую гадзіну і супакоіўся: Сцёпка з Растова, а я туды не збіраюся.
Між тым стала вядома, што ў кабінеце ён свіснуў не толькі папяросы, а і грошы, якія камбат чамусьці пакінуў у стале, што са сталоўкі зволена адна з кухарак. Ёй як быццам Сцёпка збыў мыла, а ў камбата прызнаўся. Словам, у сям'і не без вырадка. Быў такі і сярод нас. Не гусар. За што і паплаціўся.
А я цяпер самы вядомы ў батарэі чалавек. Праўда, хлопцы глядзяць на мяне розна: хто з павагай, а хто і з халадком. Не трэба было начальству дакладваць, выслужвацца: самі б разабраліся.
Знайшліся мне разумныя галовы. Няхай бы сталі на мае месца.
Не так проста нас падкаваць
Калі нам няма за што прачытаць мараль, а падпалкоўнік Асташэўскі ў гуморы, тады ён па-бацькоуску нас павучае. Перакатваючыся па звычцы з наскоў на абцасы і мнагазначна трымаючы перад сабой палец, ён не стамляецца нам паўтараць:
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу