— У нас тут вучоба,— мусіў я растлумачыць някемліваму сяржанту.
Яго салдаты таксама перасталі працаваць і прыслухоўваюцца да нашай з сяржантам размовы. Мне здаецца, што яны скептычна паглядваюць на нас, на нашу форму — штаны навыпуск і хромавыя чаравікі. Самі ж вядома ў чым — у кірзачах.
— I многаму вы ўжо навучыліся?
Прызнацца, што мы толькі яшчэ пачалі, што сёння мы тут першы раз і, выходзіць, быццам і сапраўды на экскурсіі, нам не хочацца, і мяне чорт пацягнуў за язык:
— Парадкам!
Атрымалася гэта ў мяне даволі задзірліва.
— Ну-а,— з павагай працягнуў сяржант,— тады іншая справа.
Салдаты з усмешкай паміж сабой пераглянуліся. Няхай сабе пераглядваюцца: яны — толькі салдаты, а мы будзем афіцэрамі. I тут сяржант неяк па-свойску, шчыра нас папрасіў:
— Хлопцы, не ў службу, а ў дружбу, нам тут няма калі, дык схадзіце вы ў майстэрню — вунь яна побач — і прынясіце нам вось канала ствала. Скажыце, што я прасіў, і вам дадуць. Яфрэйтар там ёсць, артмайстар.
Ну што ж, калі б ён нам загадаў, дык, можа, і не пайшлі б, бо чужы, незнаемы сяржант — невялікі для нас начальнік. А тут чалавек папрасіў — трэба ўважыць. Майстэрня, прыземістая цагляная будыніна, была сапраўды за якіх-небудзь сотню крокаў, і мы ўсе трое пабеглі па тую вось.
— Якую вось? — перапытаў нас яфрэйтар, які корпаўся да нашага прыходу ў нейкіх жалязяках на варштаце. Рукі ў яго былі чорныя ад металу, такая ж гімнасцёрка і штаны. Ледзь-ледзь ён здагадаўся — якую, а здагадаўшыся, аж засмяяўся.
— Ну і сяржант, ну і дае. Скажыце яму, што ў мяне няма такой восі. Была ды пагнулася, трэба выпрамляць. Так і перадайце.
Так мы і перадалі: была ды пагнулася, артмайстар будзе яе выпрамляць. Вы б пачулі, які каля гаўбіцы грымнуў рогат. Усе салдаты смяюцца, а сяржант і голас страціў, толькі сіпіць.
Урэшце мы здагадаліся, што з гэтай воссю нешта тут нячыста, што мы ўліплі ў нейкую смешную гісторыю. А ў чым яе сакрэт, не ведаем.
Не пашанцавала нам і тады, калі прыбеглі да свайго ўзвода. Ён ужо стаяў у страі, і капітан, гледзячы на свой гадзіннік, строга спытаў, чаму спазніліся аж на трыццадь секунд. А паўмінуты ў артылерыі — гэта нам не жартачкі, калі снарад пралятае ўсяго за секунду мала не кіламетр. За гэты час можна з гарматы стрэліць, паглядзець у бінокль, ці трапіў снарад у цэль, сесці і закурыць. I наогул: дакладнасць — ветлівасць каралёў і галоўная вартасць артылерыста, мумба-юмба. Словам, узяў нас Педант у такі абарот, што дзецца няма куды, аж сваімі тоўстымі маслюкамі трусіць. Мусілі мы абараняцца, валіць віну на таго сяржанта-жартаўніка. Мы харошыя, гэта ён нас прымусіў насіць вось канала ствала.
— Ну, тады іншая справа,— засмяяўся капітан і змяніў гнеў на міласць. Дазволіўшы нам стаць у строй, ён сказаў: — Гэта стары артылерыйскі жарт-насмешка над навічкамі. Помню, і я на гэтую вуду калісьці папаўся. Вось канала ствала — гэта ўсё адно што дзірка ад абаранка. Слухайце ўсе, каб не трапляліся ў смешнае становішча...
Ну і жук той сяржант, ну і хітруга. На чым ён нас падкузьміў, на такой простай рэчы.
Ва ўзводзе дзядзькоў яшчэ не было заняткаў у артылерыйскім парку, і наш Пiкля ўвечары разыграў дзядзьку Лобана.
— От скажы,— прыстаў ён да таго,— якая вось у канале ствала? Ага, і не знаеш.
— Адчапіся,— адмахваецца Лобан ад шкета,— жалезная.
— Сам ты дубовы! — трыумфальна смяецца Пiскля і спрытна ўвільвае ад пстрычкі па «качану».
Так мы і жывём сабе. Санька камандуе аддзяленнем, я — «развадзяшчы» за сталом, з пераменным поспехам ідзе вайна паміж намі і дзядзькамі. Першае знаёмства з гарматай дадало ўсім артылерыйскага гонару. Цяпер мы яшчэ з большай пагардай глядзім на цывільных настаўнікаў. Словам, усё ўсталявалася, усё ідзе сваім парадкам, і нічога новага мы ўжо ў сваім жыцці не прадбачым. А яно вазьмі і аб'явіся.
Я і слова такога не чуў — этыкет. У адзін звычайны дзень мы вычыталі яго ў раскладзе ўрокаў. Што гэта яшчэ нам за навука? 3 чым яе ядуць? Яна цывільная ці вайсковая? Гэта было для ўсіх поўнай нечанасцю, таму што і падручнікаў нам такіх не далі, і ў класным журнале для яе не адведзена спецыяльнаи старонкі.
Першым, хто нам растлумачыў яе сутнасць, быў Коля Кузняцоў — самы гарадскі з усіх гарадскіх чалавек. Што не кажы, масквіч.
— Эх вы — лапці! — пагардліва сказаў ён.— Простай рэчы не разумееце. Этыкет — гэта правілы абыходжання з дамамі.
I паказаў нам гэтыя правілы наглядна: галантна пакланіўся, пашархаў па падлозе нагой, памахаў рукой, быццам у ёй і сапраўды быў мушкецёрскі капялюш — і ўсё гэта ў мой бок:
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу